Васіль «Сябро» Парфянкоў, Васіль «Атам» Грудовік, Вадзім «Папік» Шатроў. Што вядома пра зьніклых пад Лісічанскам беларусаў

Васіль «Атам» Грудовік, Васіль «Сябро» Парфянкоў, Вадзім «Папік» Шатроў

У канцы чэрвеня пад Лісічанскам зьніклі бязь вестак шасьцёра беларусаў, якія ваявалі на баку Ўкраіны. Свабода даведалася падрабязнасьці.
Абноўлена. Увечары 8 ліпеня афіцыйны прадстаўнік палку Кастуся Каліноўскага паведаміў, што трое згаданых байцоў «верагодна загінулі».


Расейскія тэлеграм-каналы, якія спэцыялізуюцца на відэа палонных украінцаў і замежных легіянэраў, зьмясьцілі ролікі з паказаньнямі Яна «Тромблі» Дзюрбейкі і Сяргея «Кляшча» Дзягцёва. Паводле апублікаванай расейскімі каналамі інфармацыі, астатнія каліноўцы загінулі.

Паводле інфармацыі Свабоды, гаворка можа ісьці пра:

  • Івана «Брэста» Марчука (яго сьмерць пад Лісічанскам афіцыйна пацьверджаная);
  • Васіля «Сябро» Парфянкова;
  • Васіля «Атама» Грудовіка;
  • Вадзіма «Папіка» Шатрова.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Я паставіў на кон усё». Няскончанае інтэрвію з Іванам «Брэстам», які загінуў ля Лісічанску

Пра Івана Марчука Свабода ўжо пісала. Вось кароткія гісторыі астатніх каліноўцаў.

«Сябро»: Абаронца Курапатаў

Васілю Парфянкову было 38 гадоў. Ён мянчук. Пасьля школы працаваў аўтасьлесарам. Быў сябрам незарэгістраванай Партыі свабоды, якую ўзначальваў Сяржук Высоцкі.

Яшчэ ў 2002 годзе Васіль браў удзел у абароне Курапатаў. Менавіта Парфянкоў быў на дзяжурстве ва ўрочышчы, калі 19 красавіка там хтосьці падпаліў намёт з валянтэрамі. Сам Васіль тады не пацярпеў, але дапамог хлопцу і дзяўчыне ўратавацца ад агню.

Васіль Парфянкоў пасьля выхаду з турмы ў Баранавічах, 2013 год

«Курапаты — гэта адзінае месца ў Беларусі, дзе можна жыць пад нашым бел-чырвона-белым сьцягам, размаўляць вольна па-беларуску. Гэта й ёсьць галоўны вынік», — казаў тады Васіль. Ён правёў ва ўрочышчы амаль усе восем месяцаў абароны.

Васіля неаднаразова затрымлівалі на розных акцыях пратэсту, ён сядзеў на сутках. Езьдзіў на Майдан у 2004 годзе, тады ўступіў у шэрагі УНА-УНСО. У 2010-м далучыўся да «Гавары праўду».

На пачатку 2011 году Парфянкоў быў сярод затрыманых за падзеі Плошчы-2010. Яго трымалі ў СІЗА на Валадарскага, а потым асудзілі на 4 гады калёніі строгага рэжыму. Адбываў тэрмін у Воршы. На волю выйшаў праз памілаваньне Лукашэнкі ў жніўні 2011 году. Васіль пісаў прашэньне аб памілаваньні, але ў ім не прызнаў сябе вінаватым.

У 2012 годзе Парфянкова зноў асудзілі на шэсьць месяцаў калёніі за парушэньні правілаў прэвэнтыўнага нагляду. Пакараньне адбываў у Баранавічах, хоць прасіўся ў Глыбокае — да Зьмітра Дашкевіча.

Яшчэ праз год Васіля зноў хацелі судзіць за тое самае, але накіравалі на год на прымусовае лячэньне ад алькагалізму. Потым Васіль яшчэ год адбыў у калёніі ў Горках, там амаль увесь час праводзіў у адзіночных камэрах і ШЫЗА, яго пазбаўлялі перадач і спатканьняў. Праваабаронцы ўсе разы прызнавалі Парфянкова палітвязьнем.

Васіль Парфянкоў у Курапатах

Літаральна праз пару тыдняў пасьля вызваленьня ў сьнежні 2014 году Парфянкоў зьехаў ва Ўкраіну, дзе яго чакала жонка зь дзіцем. Ужо на пачатку студзеня 2015 году Васіль быў на фронце. Ён увайшоў у батальён Арганізацыі ўкраінскіх нацыяналістаў, быў там адзіным беларусам, знаходзіўся ў Песках.

«Страх з часам прытупляецца. Гэта першы тыдзень-два страшна, калі побач пачынае працаваць „Град“... Страшна, рэальна страшна. А потым усё менш зьвяртаеш на гэта ўвагу. Проста на аўтамаце шукаеш укрыцьцё, каб адседзець гэтыя залпы. Тут хутка вучысься. Галоўнае чуць, дзе ляціць, і ты будзеш ведаць, куды снарад прызямліцца. Усе дамы ў Песках разьбітыя, але засталіся падвалы, добрыя, крэпкія, іх не прабівае „Град“», — казаў Васіль.

Спачатку Васіль быў стралком, а потым яго перавялі ў дывэрсійна-выведную групу. У верасьні 2015 году быў паранены, але хутка пайшоў на папраўку. У 2015-м Васіль атрымаў украінскае грамадзянства. Некалькі разоў трапляў у прыгоды ў Кіеве — прыкладам, калі ўдзельнічаў у пагроме банку. Васіля нават судзілі.

З пачаткам вайны ў 2022 годзе Парфянкоў далучыўся да батальёну Каліноўскага. Супрацоўнікі беларускіх спэцслужбаў прымусілі маму Васіля запісаць відэа, дзе яна асуджае дзейнасьць сына. У Васіля засталіся жонка і двое дзяцей.

«Атам»: вулічны музыка

Васіль Грудовік родам зь Пінску, яму было 30 гадоў. З краіны зьехаў пасьля ўдзелу ў пратэстах 2020 году. Жыў спачатку ва Ўкраіне, а потым у Польшчы.

Спачатку працаваў на будоўлі, а потым займаўся вырабам сьвечак. Яшчэ ў Беларусі граў на барабанах у гурце Istota. Потым зарабляў вулічнай музыкай у Варшаве, браў гітару ў рукі і падчас службы ў палку Каліноўскага. У Беларусі служыў у войску ў рэзэрве. Двойчы быў жанаты, але абодва разы разводзіўся.

Васіль Грудовік

У 2020-м Васіль актыўна ўключыўся ў выбарчыя падзеі ў Пінску, арганізоўваў пікет Сьвятланы Ціханоўскай у горадзе. 9 жніўня быў разам зь людзьмі, якія хадзілі на перамовы з гарадзкімі ўладамі, потым удзельнічаў у сутычках зь міліцыяй. Шмат каго з удзельнікаў тых падзей арыштавалі.

«Я тады натачыў дзіды з арматуры, нарэзаў анучак, сабраў шкляныя бутэлькі. Усё гэта склаў і паклаў у багажнік аўто. Я не радыкал, а такім чынам абараняў сваё жыцьцё», — казаў ён потым.

На Васіля таксама завялі крымінальную справу.

Васіль Грудовік у Варшаве перад вайной

У палку Каліноўскага Васіль быў кулямётчыкам. Удзельнічаў у наступальнай апэрацыі ў Херсонскай вобласьці.

«Калі пачалася вайна, то я адчуваў патрэбным вярнуць доўг Украіне, якая мяне прыняла зь верасьня 2020 да сакавіка 2021 году. Гэта шанец вярнуцца дадому. Калі я паеду дамоў, то мне проста на мяжы скруцяць рукі, паб’юць і асудзяць ад 15 год да сьмяротнага пакараньня. Ці там загіну, ці тут. Але ва Ўкраіне я хаця б буду карысны», — казаў «Атам».

Хлопцы з батальёну Каліноўскага згадвалі, што перад выездам 26 чэрвеня Васіль казаў пра адчуваньні, што гэта яго апошняя баявая выправа.

«Папік»: шматдзетны бацька

Вадзіму «Папіку» Шатрову было 44 гады. Ён родам з Воршы, але ўжо больш за дваццаць гадоў жыў ва Ўкраіне, у Днепрапятроўскай вобласьці. Там у Вадзіма была жонка, трое дзяцей, а таксама дом.

Пазыўны «Папік» Вадзім узяў таму, што любіў аднайменны сэрыял.

Вадзім Шатроў

Паплечнікі кажуць, што «Папік» вельмі дзівіўся вялізнай колькасьці беларусаў, якія прыехалі на вайну ва Ўкраіну. «Я бараню свой дом, а вы што тут робіце?» — часам жартам, а часам усур’ёз казаў ён сваім сябрам.

Пры гэтым Шатроў ніколі ня ўлазіў ані ў палітычныя пытаньні, ані ўва ўнутраныя праблемы палку — быў засяроджаны выключна на выкананьні баявых задач.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Мяне падрыхтавалі, што загіну за тры дні». Добраахвотнік «Біл» пра беларускую «бомж-армію», барыкады на «Пушкінскай» і прыемнае на вайне