Сярод 190 кампаній такія вядомыя, як:
- «Гейм Стрым» — інвэстар Wargaming Group Limited,
- EPAM Systems — інвэстар EPAM Systems Cyprys Limited,
- ОАО «Лідзкае піва» — інвэстар ОАО Olvi зь Фінляндыі,
- «Эўраопт» — інвэстар «Еўрагандаль Холдзінг» з Кіпру,
- «Камунарка» — інвэстар з ЗША,
- «Спартак» — інвэстар з брытанскіх Віргінскіх астравоў,
- «Дана Астра» — інвэстар з Кіпру,
- ды іншыя кампаніі з замежным капіталам.
Чым гэта пагражае кампаніям
На розных кампаніях такое рашэньне ўладаў адаб’ецца па-рознаму. Напрыклад, EPAM мае свае прадстаўніцтвы ў розных краінах, і беларуская частка ўжо ня самая буйная. А рашэньне беларускіх уладаў тычыцца толькі беларускай філіі, усе іншыя акцыі спакойна гандлююцца на сусьветных рынках і ім нічога не пагражае.
Для параўнаньня, «Эўраопт» мае ўвесь бізнэс у Беларусі, і цяпер уласьнік ня можа яго прадаць, ні цалкам, ні часткова, без дазволу беларускіх уладаў. Пра гэта гаворыць эканаміст Дзьмітры Крук.
«EPAM складаецца з розных кампаній пад рознымі юрысдыкцыямі, упэўнены, што беларуская частка невялікая. У дадзеным выпадку галоўнаму акцыянэру забараняецца прадаваць ці нешта рабіць зь беларускай часткай. EPAM ужо перавёў значную частку кампаніі за мяжу. А ў „Эўрагандлю“, напрыклад, асноўны актыў — гэта крамы, якія працуюць у Беларусі. Яны могуць прадаць свой кіпрскі актыў, але хто яго набудзе, калі ня змогуць нічога зрабіць з асноўнай часткай бізнэсу — беларускай?» — кажа Дзьмітры Крук.
Санкцыі закранулі тыя кампаніі, якія вырашылі пакідаць свой бізнэс у Беларусі. Хто вырашыў сыходзіць з краіны, запусьцілі гэты працэс раней.
«Цяпер тыя, хто не пачаў выводзіць бізнэс зь Беларусі будуць баяцца гэтым займацца, каб і іх падобныя санкцыі не закранулі. А тыя, хто ўжо пачаў выводзіць бізнэс зь Беларусі, цяпер паскорацца», — кажа Дзьмітры Крук.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Урад увёў контрасанкцыі супраць замежных інвэстараў 190 беларускіх кампанійУ чым лёгіка ўладаў
Паводле Дзьмітрыя Крука, юрыдычныя падставы такога рашэньня ўладаў вельмі сумнеўныя. А рашэньне ўвесьці такія абмежаваньні — палітычны жэст.
«Прамой пагрозы, што менавіта цяпер будуць сыходзіць з рынку гэтыя кампаніі, няма. Хто хацеў, ужо вывеў свой бізнэс. Значная частка тых, хто ў гэтым сьпісе, якраз працуюць на беларускім рынку і прынялі рашэньне захоўваць бізнэс у Беларусі. Для каго гэты крок, незразумела. Улады проста хочуць узяць кампаніі з замежным капіталам пад кантроль, каб яны разумелі, „хто ў хаце гаспадар“, каб яны баяліся нешта рабіць», — мяркуе Дзьмітры Крук.
Як гэтае рашэньне паўплывае на эканоміку
Для нармальнай сытуацыі ў эканоміцы такое рашэньне шкоднае для бізнэс-клімату, але ў Беларусь і да гэтага не зьбіраліся інвэстары.
«Інвэстары і так не бягуць у Беларусь. Усе маскі зьнятыя. Лёгіка — што эканамічныя інструмэнты можна выкарыстоўваць у палітычных мэтах. Эканамічныя меркаваньні ўладаў там таксама могуць прысутнічаць, але яны не дамінуюць», — кажа Дзьмітры Крук.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Абсалютбанк» пасьля ўвядзеньня санкцый зьмяніў назву і стаў крэдытна-фінансавай арганізацыяйСанкцыі супраць Беларусі за падтрымку расейскай вайны ва Ўкраіне
Аляксандар Лукашэнка прызнаў, што зь Беларусі па ўкраінскай тэрыторыі стралялі ракетамі. Пры гэтым беларускіх вайскоўцаў на ўкраінскую тэрыторыю не адправілі.
Амбасадарка ЗША ў Беларусі Джулі Фішэр у інтэрвію Свабодзе заявіла, што «рэжым Лукашэнкі — саўдзельнік цяперашняга ўварваньня Расеі ва Ўкраіну, бо дазволіў Расеі зрабіць напад зь беларускай тэрыторыі».
26 лютага санкцыі супраць Расеі і Беларусі абвясьцілі Канада і Рада Эўразьвязу. У сьпіс трапілі 20 беларускіх чыноўнікаў і вайскоўцаў. 15 юрыдычных і 8 фізычных асобаў трапілі ў санкцыйны сьпіс ЗША.
28 лютага амбасадары краін Эўразьвязу ўвялі візавыя санкцыі ў дачыненьні 22 беларускіх высокапастаўленых асобаў.
Маладачанская фабрыка «МэбеЛайн» пайшла ў прастой, бо швэдзкая кампанія IKEA згарнула бізнэс у краіне. IKEA шчыльна супрацоўнічала яшчэ з цэлым шэрагам вытворцаў і фабрык, у тым ліку дзяржаўных. Сярод іх дзяржаўны «Менскі мэблевы цэнтар» з Маладэчна, магілёўскі вытворца тэкстылю «Магатэкс», менскі гадзіньнікавы завод «Луч» і іншыя.
У сакавіку Эўразьвяз забараніў экспартаваць прадукцыю дрэваапрацоўкі, вырабленую ў Беларусі ці экспартаваную зь яе. Міністэрства лясной гаспадаркі заявіла, што вымушана скіраваць прадукцыю з Эўропы ў Азію.
Празь цяжкасьці вядзеньня бізнэсу ў рэгіёне ня дзейнічаюць у краіне сэрвісы пошуку жытла на час падарожжаў і выправаў Booking.com і Airbnb.
Дацкая транпартна-лягістычная кампанія Maersk заявіла аб спыненьні перавозак грузаў у Беларусь 4 сакавіка. Пры сыход зь беларускага рынку паведамілі іншыя кампаніі падобнага профілю — DHL і FedEx.
5 сакавіка фінская кампанія OLVI паведаміла пра пачатак згортваньня свайго бізнэсу ў Беларусі, дзе кампаніі належыць «Лідзкае піва». 840 супрацоўнікаў заводу пакуль будуць атрымліваць заробак, спыненьне бізнэсу будзе паступовым.
6 сакавіка наклала санкцыі Рэспубліка Карэя. Там увялі меры экспартнага кантролю для Беларусі, мяркуючы, што яна «істотна спрыяе ўварваньню Расеі ва Ўкраіну».
8 сакавіка санкцыі ўвяла Японія. Актывы фізычных і юрыдычных асобаў, якія трапілі пад новыя абмежаваньні, замарожваюцца. Забараняюцца пастаўкі тавараў двайнога прызначэньня ў Беларусь і экспарт у адрас Міністэрства абароны Беларусі і «Інтэгралу».
Сусьветны банк спыніў усе праграмы ў Беларусі. Банк адзначыў, што ён не ўхваляў новых крэдытаў Беларусі з 2020 году.
Абмежаваньні закранулі спартовую галіну. Зборныя Беларусі розных узростаў адхілілі ад удзелу ў міжнародных турніраў у хакеі, гандболе і баскетболе. Беларускую зборную не дапусьцілі да Паралімпійскіх гульняў — 2022.
Рэйтынгавае агенцтва Fitch, зважаючы на санкцыі, панізіла доўгатэрміновы сувэрэнны крэдытны рэйтынг Беларусі да ССС, што азначае рэальную магчымасьць дэфолту.
Амэрыканская фінансавая кампанія American Express прыпыніла аказаньне паслуг у краіне. Па яе картках цяпер немагчымыя ніякія апэрацыі.
9 сакавіка Эўразьвяз ухваліў адключэньне ад SWIFT трох беларускіх банкаў. Гэта «Белаграпрамбанк», банк «Дабрабыт» і Банк разьвіцьця.
16 красавіка ўведзена поўная забарона на перасячэньне грузавым транспартам Беларусі і Расеі мяжы з ЭЗ. У рашэньні Эўразьвязу, якое апублікавана ў афіцыйным часопісе, сказана, што ЭЗ у адпаведнасьці з уведзенымі санкцыямі забараняе ўвоз і транзыт грузаў аўтатранспартам зь Беларусі і Расеі на тэрыторыю Эўразьвязу.
22 лістапада Канада пашырыла ранейшыя санкцыі. У сьпісы ўключылі дадаткова 22 беларускіх чыноўнікаў, а таксама 16 беларускіх кампаніяў, зьвязаных з ВПК, машынабудаваньнем, фінансавым сэктарам і чыгуначным транспартам. Сярод падсанкцыйных асобаў апынуліся адказныя за перавозкі расейскіх вайскоўцаў і тэхнікі, якая выкарыстоўвалася для ўварваньня ва Ўкраіну. У сьпісе кампаніяў, якія трапілі пад санкцыі, апынуліся беларускія Альфа-Банк і МТБанк. У красавіку 2023 у сьпіс дадалі яшчэ 9 беларускіх банкаў.
28 студзеня 2023 году прэзыдэнт Украіны ўвёў у дзеяньне рашэньне Рады нацыянальнай бясьпекі і абароны аб санкцыях супраць 185 юрыдычных і фізычных асоб, якіх Расея выкарыстоўвае для перавозкі па чыгунцы асабовага складу і вайсковай тэхнікі. У сьпіс трапілі «Беларуськалій», Гомельскі хімічны завод, «Беларуская чыгунка», «Белінтэртранс», «Грузавая служба-Захад», «Лякафарба», «Белгазпрамбанк», «ПЛМ-Інавацыі», «Кронаспан ОСБ», «Беллесэкспарт», «Супрацоўніцтва Транс-Агра», «Рэал-Агент», «Прамагралізінг», «АСБЛізінг», «Транзыт-Аўта-2003», «Ізатэрмічная лягістыка», «Омск-Карбон Магілёў» і іншыя.
20 ліпеня Аўстралія ўнесла ў санкцыйныя сьпісы высокапастаўленых вайскоўцаў Беларусі.