Шматдзетнага бацьку Міхаіла Карасёва затрымалі 2 сакавіка 2022 году, піша «Наша Ніва».
У той дзень у дом да яго прыйшлі двое сілавікоў у цывільным, якія папрасілі прайсьці зь імі жонку мужчыны. Міхаіл спрасоньня вырашыў, што гэта злодзеі (тым больш у горадзе акурат папярэджвалі, што арудуюць бандыты, якія прадстаўляцца міліцыянтамі), завёў бэнзапілу і выгнаў іх.
А празь дзесяць хвілін пасьля гэтага да іх прыехаў міліцэйскі нарад.
Мужчыну прад'явілі абвінавачаньні па 364 артыкуле Крымінальнага кодэксу («Гвалт або пагроза прымяненьня гвалту ў дачыненьні да супрацоўніка органаў унутраных спраў»).
Як стала вядома «Нашай Ніве», «дзьве асобы ў цывільным», якія прыйшлі тады ў дом мужчыны па яго жонку, запатрабавалі матэрыяльнай кампэнсацыі. Жонка Карасёва заплаціла ім 1000 рублёў на дваіх.
На судзе адзін з «пацярпелых» расказваў, што цяпер баіцца заходзіць у чужыя дамы. Сьледчы не палічыў патрэбным далучыць да справы доказы таго, што ў горадзе дзейнічаюць злодзеі. Словы адваката Міхаіла пра гэта суд не прыняў да ўвагі.
У выніку Карасёва пакаралі 2 гадамі ўзмоцненага рэжыму.
У Міхаіла Карасёва чацьвёра дзяцей, сам ён працаваў на Рэчыцкім мэтызным заводзе машыністам крана. Яго жонка апошні час была ў дэкрэце, сям’я ў цяжкім фінансавым становішчы. Да ўступленьня пастановы суду ў законную сілу Карасёў будзе знаходзіцца ў гомельскім СІЗА №3.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Тры гады калёніі за камэнтар пад відэа зь Зельцарам