Польшча дала прытулак 45 тысячам беларусаў
«З самага пачатку нашай рэвалюцыі Польшча заняла жорсткую пазыцыю ў дачыненьні да рэжыму Лукашэнкі, увяла санкцыі і дала прытулак больш як 45 тысячам беларусаў», — сказала падчас прэс-канфэрэнцыі Сьвятлана Ціханоўская.
Палітык адзначыла, што прэм’ер-міністар Польшчы Матэвуш Маравецкі падчас іх сумеснай сустрэчы запэўніў, што беларусы, якія ратуюцца ад рэпрэсій і вайны ва Ўкраіне, знойдуць прытулак у Польшчы, а тыя, хто змагаецца за свабоду, могуць разьлічваць на польскую дапамогу.
«Я папрасіла прэмʼер-міністра ўключыць дэмакратычную Беларусь ва ўсе перамовы аб рэгіянальнай бясьпецы. Мая каманда таксама сустракалася з МУС Польшчы, і мы абмяркоўвалі легалізацыю беларусаў, якія прыехалі сюды з Украіны. Многія зь іх ня маюць візаў і відаў на жыхарства. Спадзяюся, ужо ў гэтым месяцы яны змогуць атрымаць візы тут, у Варшаве», — заявіла Ціханоўская.
Па словах Ціханоўскай, у яе заплянаваныя сустрэчы з прэзыдэнтам Анджэем Дудам і міністрам аховы здароўя Адамам Нядзельскім.
Зь Нядзельскім Ціханоўская плянуе ўзьняць пытаньне аб беларускіх лекарах, якія ўцяклі зь Беларусі і хочуць працягнуць сваю дзейнасьць у Польшчы, з Дудам абмяркуе падтрымку свабоднай Беларусі на міжнароднай арэне.
Раней Ціханоўская ўжо сустрэлася зь мясцовымі беларусамі, беларускімі валянтэрамі, а таксама байцамі-добраахвотнікамі, актывістамі грамадзкіх арганізацый і СМІ.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: З 8 ліпеня Польшча пачне прыём заяў на від на жыхарства на гуманітарных падставахКангрэс беларусаў заплянаваны на жнівень
Падчас сваёй размовы з журналістамі Ціханоўская таксама паведаміла, што ў жніўні плянуецца арганізацыя кангрэсу (зьезду беларусаў) з мэтай «падсумаваць тое, што было зроблена за два апошнія гады, падкарэктаваць стратэгію».
«Цяпер мы змагаемся ня толькі за новыя выбары ў нашай краіне, але ўжо і за саму незалежнасьць Беларусі. Таму будуць зьмены ў стратэгіі, у падыходах і стварэньне кабінэта, якое было абвешчана ў лютым, яно ўсё яшчэ на стадыі распрацоўкі. Ёсьць грамадзкае запатрабаваньне на такога кшталту прадстаўніцтва. Таму мы над гэтым працуем», — адзначыла Ціханоўская.
Важнасьць арганізацыі кангрэсу падкрэсьліў і Павел Латушка:
«Кангрэс — гэта адзін з органаў, які дэмакратычным спосабам можа выказваць думку беларускага грамадзтва» — сказаў Латушка і адзначыў, што адным з пытаньняў, якія будуць абмяркоўваюцца падчас кангрэсу, стане стварэньне вызваленчага руху Беларусі.
«Важна, каб гэты кангрэс уключаў у сябе максымальна шырокае прадстаўніцтва беларусаў. Неабходна выпрацоўка стратэгіі ў адносінах да Украіны. Украіны, якая вядзе вайну, змагаецца з агрэсарам у асобе Расеі», — сказаў Латушка.
Напярэдадні Павал Латушка выказаў свае чаканьні ад кангрэсу беларусаў:
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Ціханоўская ў Варшаве: «Тое, што беларусы не ідуць з голымі рукамі на танкі, не азначае, што яны сядзяць і чакаюць»