Аб прынятым рашэньні паведамілі ў прэс-службе парлямэнту.
«Прэзыдэнт Рэспублікі Ўзбэкістан Ш. Мірзіёеў на сустрэчы з дэпутатамі Жакаргі Кенэса і прадстаўнікамі грамадзкасьці Каракалпакстану адзначыў неабходнасьць улічыць усе прапановы. Гэта значыць, пазначана, што артыкулы 70, 71, 72, 74 і 75 Канстытуцыі Рэспублікі Узбэкістан будуць пакінутыя», — гаворыцца ў паведамленьні.
Буйныя пратэсты ў Каракалпакстане пачаліся 1 ліпеня пасьля публікацыі праекту паправак да Канстытуцыі. Новая рэдакцыя была вынесена на грамадзкае абмеркаваньне 26 чэрвеня. У ёй выключаўся сувэрэнітэт Рэспублікі Каракалпакстан і права яе насельніцтва на аддзяленьне на падставе ўсеагульнага рэфэрэндуму.
Аднак пасьля пратэстаў папраўкі пра адмену аўтаноміі вырашылі скасаваць.
Так, 2 ліпеня ў Нукус прыбыў прэзыдэнт Узбекістана Шаўкат Мірзіёеў, ён паабяцаў не мяняць артыкулаў Канстытуцыі, якія тычацца аўтаноміі рэспублікі, «калі каракалпакскі народ не задаволены». МУС Узбэкістану назвала дэманстрацыі незаконнымі. У паведамленьні ведамства таксама гаворыцца аб «няправільным тлумачэньні канстытуцыйных рэформаў».
Сілавікі жорстка душылі пратэсты ў Нукусе ў Каракалпакстане, раней паведамлялася пра забітых і параненых мірных грамадзян. Дакладнай незалежнай інфармацыі аб колькасьці ахвяр і пацярпелых няма, бо ў Каракалпакстане адключылі сувязь і інтэрнэт, а ўзбэцкія СМІ не асьвятляюць падзей, піша ulysmedia.kz.
Таксама стала вядома аб зьніклых мясцовых журналістах. Раніцай 2 ліпеня паўторна затрымалі журналіста і праваабаронцу Даўлетмурата Тажымуратава. Пра яго месцазнаходжаньне, як і пра тое, куды зьнікла журналістка Лалагул Каліханава, афіцыйна нічога невядома.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Улады Ўзбэкістану ўвялі ў Каракалпакстане рэжым надзвычайнага стануЗагінулі 18 чалавек
Па словах прэзыдэнта Узбэкістану, у выніку пратэстаў у Нукусе ёсьць ахвяры як сярод дэманстрантаў, так і сярод сілавікоў. Інфармацыю аб загінулых праз час прывяла Генпракуратура краіны: паводле яе дадзеных, ахвярамі беспарадкаў сталі ня менш як 18 чалавек. Як сьцьвярджае ведамства, усе яны атрымалі цяжкія траўмы, несумяшчальныя з жыцьцём. Акрамя таго, падчас беспарадкаў яшчэ 243 чалавекі пацярпелі, сярод іх 38 супрацоўнікаў сілавых органаў. 516 пратэстоўцаў затрымалі, паведаміў прадстаўнік Генпракуратуры Узбэкістана 4 ліпеня падчас брыфінгу ў Ташкенце.
З 3 ліпеня ў Каракалпакстане ўвялі рэжым надзвычайнага становішча і камэнданцкі час з 21:00 да 7:00. У аўтаноміі знаходзяцца дадатковыя сілы ўзбэцкай Нацгвардыі. Да гэтага моманту абмежаваныя мабільная сувязь і інтэрнэт, паведамляе ўзбэцкая служба Радыё Свабода.
Нацыянальная гвардыя Узбэкістану, у сваю чаргу, заклікала жыхароў Каракалпакстану «без падстаў не выходзіць на вуліцу і ня верыць інфармацыі, якая распаўсюджваецца рознымі рэсурсамі».
Як паведаміла Нацгвардыя, у аўтаноміі ўзмоцнена ахова асабліва важных аб’ектаў, абмежаваны рух транспарту, уведзена праверка дакумэнтаў грамадзян і надгляд іхных рэчаў, а таксама абмежаваны ўезд і выезд з Каракалпакстану.
«Усе гэтыя дзеяньні накіраваны на абарону жыхароў Каркалпакстану і гарантаваньне іхных правоў і свабод», — адзначыў прадстаўнік Нацгвардыі.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Мірзіёеў: Падзеі ў Казахстане ня могуць паўтарыцца ва Ўзбэкістане