Сябры Касьпяровіча нефармальна расказвалі, што ягоны статус незразумелы. Маўляў, ён на волі, але не зусім. Некаторыя нават казалі пра хатні арышт. На паведамленьне ў сацсетках сам Зьміцер нечакана адказаў па-расейску, што яму неўласьціва: «Я немного приболел».
Толькі 30 чэрвеня Касьпяровіч змог выехаць у Літву, дзе падрабязна расказаў сваю гісторыю Свабодзе.
«Я вырашыў скакаць з другога паверху»
Зьмітру Касьпяровічу 40 гадоў. Ён мянчук. На працягу 20 гадоў уваходзіў у патрыятычныя арганізацыі — быў у «Маладым фронце», потым у Партыі БНФ. У 2006 годзе атрымаў паўгода арышту за спробу вывесіць бел-чырвона-белы сьцяг над Менгарвыканкамам. Быў прызнаны палітвязьнем.
Вазіў экскурсіі па Беларусі. Зьміцер — заўзяты падарожнік, ён наведаў больш за 70 краінаў сьвету. Пасьля ўзмацненьня рэпрэсій жыў у Варшаве, але вярнуўся ў Менск у першых днях сакавіка.
«Мне здалося, што пасьля рэфэрэндуму можа быць пэўная адліга, людзей пачнуць выпускаць з турмаў, — расказвае Касьпяровіч. — Былі пэўныя сыгналы... Хаця не выключаю, што ўсё гэта я проста сам сабе прыдумаў, хутчэй за ўсё, што так і было. Я прыехаў у Менск часова. Трэба было вырашыць пэўныя юрыдычныя праблемы. Літаральна праз паўтара дні пасьля прыезду ў маю кватэру на вуліцы Бяды а дзясятай раніцы спрабавалі ўварвацца людзі з аўтаматамі, шчытамі, у масках».
Зьміцер па сёньня дакладна ня ведае, хто гэта быў, ГУБАЗіК ці «Альфа». Спачатку, па словах мужчыны, яны званілі ў дзьверы, а потым пачалі іх выломваць.
«Ува мне нешта спрацавала. Калісьці я займаўся скалалажаньнем; можа, збоку гэта выглядае нейкім вар’яцтвам, але мне дастаткова проста спусьціцца з кватэры на ніжнія паверхі. Ніякага адмысловага абсталяваньня ў мяне не было. Спачатку пагрукаў у кватэру на трэцім паверсе — там нікога не было. А вось на другім мяне пусьцілі. Праўда, хутка папрасілі сыходзіць. Я вырашыў скакаць з другога паверху. Скокнуў на плітку, зламаў пятку», — расказвае Зьміцер.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Былога маладафронтаўца вінавацяць у Варшаве ў цкаваньні ўкраінцаў, пагрозах і працы на Расею. Сам ён сьцьвярджае, што «выказвае меркаваньне»«Я набраў на whatsapp і прапанаваў сустрэчу»
Па словах Касьпяровіча, ніхто зь сілавікоў не чакаў, што ён зможа спусьціцца з чацьвёртага паверху, таму ўнізе нікога зь іх не было. Зьміцер расказвае, што ў мароз −2 градусы ён быў басанож. Спачатку зьвярнуўся да таксіста. Расказаў, што да яго прыйшоў ГУБАЗіК, але той не дапамог. Толькі потым падвезьці Зьмітра да Зялёнага Лугу пагадзілася нейкая жанчына.
«Мне званілі, зьвярталіся на вы: „Вяртайцеся, вам нічога ня будзе“. Ага, вы толькі што выбілі дзьверы ў кватэры — і мне нічога ня будзе. Я прыбег да свайго сябра А., ён мне даў абутак, швэдар. Пяць дзён я хаваўся ў яго. У мяне быў варыянт нелегальна пераходзіць мяжу празь лес, але як гэта зрабіць з паламанай нагой? У той час я перасоўваўся на вазку, а ў прыбіральню хадзіў на карачках. У выніку я вырашыў сам выйсьці на КДБ, з кантактам дапамаглі знаёмыя. Мне далі нумар, я набраў яго на whatsapp і прапанаваў сустрэчу».
Зьміцер кажа, што спатканьне адбывалася на Паўночных могілках. Ён прыехаў туды на аўтамабілі, супрацоўнік КДБ — таксама на аўта.
«У тым месцы шмат усялякіх разьвязак, каб хутчэй паспрабаваць уцячы. Усё трымалася на „чэсным“ слове. Ён сеў у маю машыну і мы крыху ад’ехалі. Фактычна, я сказаў, што ня супраць супрацоўніцтва. Нічога тады канкрэтнага не прагучала. Празь нейкі час мне прызначылі сустрэчу ля колішняга кінатэатра „Зьмена“. Супрацоўнік КДБ выйшаў з блізкага ўпраўленьня і зноў сеў у машыну да мяне. Ён сказаў, што не давярае мне. І ў любы момант яны могуць здаць мяне ГУБАЗіКу, але прапанавалі прайсьці размову на дэтэктары хлусьні».
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Няхай вашым псэўданімам будзе „Бонд“. Актывіст Павал Батуеў расказаў, як яго завэрбаваў КДБ«Пыталіся, ці ведаю я супрацоўнікаў замежных спэцслужбаў»
Пасьля гэтага, па словах Касьпяровіча, ён разам з двума супрацоўнікамі КДБ, якія былі прыстаўленыя да яго ў якасьці ахоўнікаў, паехалі дадому да Зьмітра. Ніхто не прапаноўваў падпісаць паперку аб супрацоўніцтве. Касьпяровіч кажа, што прагучала ідэя запісацца на відэа, але ён адмовіўся, ніхто больш не настойваў.
«Дома ў мяне было два ці тры допыты, якія запісваліся на аўдыё. Потым уначы мы бухалі разам з прыстаўленымі да мяне супрацоўнікамі. Думаю, у кватэры таксама стаяла праслухоўваньне. Я калісьці ўжо знаходзіў у хаце „жучок“, яшчэ раней. Думаў, што ён маленькі, а там такая здаровая штука, яе закінулі ў такое месца, куды я ніколі не зазіраў. Зразумела, я мог нешта сказаць, але нічога істотнага дакладна не гаварыў. Я ратаваў сваё жыцьцё. Як там у ізраільскай арміі: калі трапляеш у палон, то маеш права на любыя дзеяньні з мэтай захаваньня жыцьця».
Праз колькі дзён пасьля гэтага адбыўся допыт на паліграфе. Як сьцьвярджае Зьміцер, ён адбываўся ў гатэлі «Манастырскі», што ў Верхнім горадзе. Падчас гэтай працэдуры супрацоўнікаў КДБ найбольш цікавіла, ці меў мужчына кантакты з замежнымі спэцслужбамі.
«Я прайшоў паліграф. Я шмат з кім камунікую, у мяне шмат знаёмых, адкуль я магу ведаць, ці хтосьці зь іх працуе ў спэцслужбах. Праз пару дзён з кватэры зьехалі супрацоўнікі КДБ, якіх да мяне прыставілі. Куды я магу ўцячы з паламанымі нагамі? Адзінае патрабаваньне ад мяне было паведамляць пра ўсе выхады з кватэры. Я так ад гэтага стаміўся, што пачаў нават груба адказваць, ці трэба мне паведамляць, калі я захачу памастурбаваць ня ў хаце? Кажуць, не, пра такое ня трэба. А вось з кім сустракаюся і размаўляю — абавязкова. У той час я сьвядома абмежаваў усе свае кантакты, каб нікога не падставіць».
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Полюсы» беларускага грамадзтва татальна не прымаюць адзін аднаго — ацэнка сацыёляга«Лепш гаварыць праўду»
Тым ня менш вядома пра затрыманьне двух чалавек, якія дапамагалі Касьпяровічу хавацца ад сілавікоў. Некаторыя мяркуюць, што менавіта паказаньні Зьмітра маглі быць вырашальнымі ў тых арыштах. Сам мужчына гэта абвяргае.
«У мяне ёсьць вэрсія, чаму затрымалі Б. Там магла быць эканамічная гісторыя, дзе фігуруюць вялікія грошы. А. проста быў разам на кватэры з Б. (У рэдакцыі ёсьць імёны затрыманых. — РС), калі другога прыйшлі затрымліваць, знайшлі ў тэлефоне фоткі з пратэстаў. Ніякага дачыненьня да гэтага затрыманьня я ня маю».
Зьміцер кажа, што супрацоўнікаў спэцслужбаў найбольш цікавілі розныя прадстаўнікі палітычнай эміграцыі.
«Мяне ўвесь час распытвалі пра Варшаву — Латушку, Лявончыка, чамусьці Дзіянава. Як я зразумеў, у іх няма нармальных агентаў там, таму і вырашылі — раптам са мной атрымаецца. Калі б мяне пасадзілі паводле 342 артыкулу, то нічога асабліва б не было, а тут зьявіўся шанец, што я буду сачыць за рознымі людзьмі», — кажа Зьміцер.
Калі Касьпяровіч выяжджаў аўтобусам у Літву, то яго затрымалі на мяжы.
«Я быў у сьпісах на арышт. Мне атрымалася патэлефанаваць чалавеку ў КДБ, які паабяцаў, што мяне „адмажуць“. Празь 2,5 гадзіны мяне адпусьцілі. Калі я перасек мяжу, то адразу быў гатовы расказаць сваю гісторыю журналістам. Гаварыць праўду — гэта найлепшая абарона».
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Запоем чытаў навіны „русского мира“ і крычаў, што на Кіеў трэба скінуць ядзерную бомбу». Што за людзі кіруюць ГУБАЗіКам