Пра гэта ў Facebook паведаміла краязнаўца Ларыса Быцко.
«Адпакутавала... Уладарства Божага Сьцепанідзе Аляксееўне!», — напісала Ларыса Быцко, назваўшы Сьцепаніду Сьцепанюк «патрыярхам беларускага ткацтва».
Сьцепаніда Сцепанюк — знакамітая майстрыха, якая ўсё жыцьцё адраджала і папулярызавала ўнікальныя традыцыі маларыцкага ткацтва.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Чырвоным па белым, — нацыянальныя колеры дагэтуль жывуць у традыцыйным ткацтвеСьцепаніда Аляксееўна ткала на кроснах, якія сваімі рукамі некалі зрабіў яе бацька. Ткацтвам яна займалася зь дзяцінства. У яе замаўлялі адзеньне аддзелы культуры і простыя людзі. Свае вырабы яна дэманстравала і за мяжою, адкуль прывозіла ўзнагароды ня толькі за цікавае адзеньне, але і за захаваньне культурнай спадчыны. За зьберажэньне традыцый народнага ткацтва Сьцепаніду Аляксееўну ўганаравалі званьнем «Народны майстар Рэспублікі Беларусь».
У верасьні 2021 году ў яе хаце здарыўся пажар, згарэла ўся яе калекцыя — натканыя ручнікі, посьцілкі, наміткі, спадніцы-буркі і нават строй, які жанчына выткала сабе на сьмерць. Сама яна дзівам уратавалася — хоць і была пасьля інсультаў фактычна прыкутая да ложка, але здолела разьбіць галавой шыбу і выпаўзьці праз акно на двор.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: У славутай ткальлі Сцепаніды Сьцепанюк згарэла ўся калекцыя. Сама яна цудам уратавалася