«У мяне рак. Так што сёньня пачынаецца і мая асабістая вайна. Гэта быў найцяжэйшы месяц чаканьня пацьверджаньня і абсьледаваньняў, месяц прывіднай надзеі на цуд, што ўсё ж няма.. Але цуду ня здарылася...» — напісала Кацярына Пытлева.
Яна піша, што «ўсё жыцьцё ведала, што так, хутчэй за ўсё будзе» і «рыхтавалася да гэтага», бо па матчынай лініі пяць яе сваячак мелі дыягназ рак грудзей.
«Напярэдадні рэвалюцыі я праходзіла кансультацыі і абсьледаваньні, каб прэвэнтыўна выдаліць абедзьве грудныя залозы (двайная прэвэнтыўная мастэктамія, як у Анжэліны Джалі), але не пасьпела... Давялося зьяжджаць, а тут у мяне доўгі час не было статусу, які дазваляў бы гэта зрабіць. І вось вынік», — адзначае журналістка.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Былая вядоўца БТ Пытлева — пра Malanka Media, «карнікаў» у эфіры і перажытыя рэпрэсііПаводле Кацярыны Пытлевай, ніякіх сымптомаў у яе не было, падазрэньне на хваробу зьявілася падчас звыклага самаабсьледаваньня.
«Я рада, што я тут, а не ў Беларусі, улічваючы, якія цяпер у краіне чысткі ў сыстэме аховы здароўя. Так што ўсё выявілася ў вельмі правільным месцы і ў правільны час, калі ў мяне ўжо зьявілася страхоўка, а гэта ўжо нямала. У мяне 2-я стадыя, на шчасьце, мэтастазаў не знайшлі і пухліна не агрэсіўная, так што шанцы добрыя. Што тут яшчэ скажаш... Я спадзявалася, што гэты гробаны сэрыял зь бясконцымі выпрабаваньнямі ў маім жыцьці скончыўся, але не. Так што чарговы раз уключаю „сталёвыя яйцы“. Ну а далей, як і з нашай перамогай, — рабі, што можаш, там, дзе ты ёсьць. Так і пераможам», — напісала журналістка.
Кацярына Пытлева — праграмная дырэктарка і вядоўца youtube-канала Malanka Media, якая звольнілася з БТ на знак пратэсту напярэдадні прэзыдэнцкіх выбараў у Беларусі. Такім чынам яна выказала нязгоду з палітыкай дзяржавы і кіраўніцтва кампаніі.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: У былой вядоўцы БТ Кацярыны Пытлевай правялі другі ператрусПасьля выбарнай кампаніі Кацярына Пытлева страціла яшчэ адну працу — на радыё. Яе мужа затрымалі ў адну зь нядзеляў на маршы пратэсту і асудзілі на 10 дзён арышту. Толькі дзякуючы валянтэрам сям’я даведалася, дзе ён. Па словах журналісткі, пасьля гэтага ціск працягнуўся, але іншым чынам. Пачалі расьсьледаваньне эканамічнай дзейнасьці, паляцелі ананімныя даносы за нібыта абразу дзяржаўнай сымболікі ў сацыяльных сетках.
Празь перасьлед за грамадзянскую пазыцыю разам зь сям’ёй Кацярына Пытлева зьехала зь Беларусі.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «У нас няма іншага варыянту, акрамя як выжыць». Гутарка з сьпявачкай Кацярынай Ваданосавай, якая змагаецца з ракамНядаўна пра сваё анкалягічнае захворваньне (таксама рак грудзей) паведаміла Кацярына Ваданосава — вядоўца на тэлеканале «Белсат», сьпявачка, музыка, майстрыха традыцыйных строяў, мастачка. Яна таксама ў 2020 годзе Кацярына брала ўдзел у пратэстах і ў жніўні 2021-га выехала зь Беларусі разам зь сям’ёй пасьля пагрозы забраць дзяцей.