Пра гэта расказвае «Праект», які прааналізаваў брыфінгі прэс-сакратара Мінабароны Расеі Ігара Канашэнкава.
Вывучыўшы дадзеныя, агучаныя Канашэнкавым на брыфінгах, журналісты выявілі, што яны «ня ўпісваюцца ў правілы арытмэтыкі, супярэчаць геаграфіі і здароваму розуму». За час вайны Расея зьбіла 215 самалётаў, пры гэтым, паводле адкрытых дадзеных, на ўзбраеньні Ўкраіны іх было максымум 199. Тая ж сытуацыя зь бесьпілётнікамі Bayraktar: афіцыйна зьнішчаны 84 украінскія бесьпілётнікі, у той час як, з улікам усіх паставак, Украіна мела толькі 62. Тыя ж высновы зроблены ў дачыненьні да ўкраінскіх страт бронемашын і верталётаў.
За чатыры месяцы вайны, паводле інфармацыі Мінабароны, расейскія вайскоўцы забілі як мінімум 40 тысяч украінскіх салдат. Па статыстыцы, на якую абапіраюцца журналісты, колькасьць параненых звычайна ў 2–3 разы вышэйшая за колькасьць забітых. Такім чынам, робіць выснову «Праект», са строю ўкраінскай арміі павінна быць выведзена да 80% яе штатнай колькасьці — да вайны яна складала 200 тысяч вайскоўцаў.
Пры гэтым, пачынаючы зь сярэдзіны красавіка, украінскія страты пачалі рэзка расьці, мяркуючы па словах Канашэнкава: штодня ён даваў справаздачу пра сотні зьнішчаных вайсковых аб’ектаў Украіны. Суразмоўца «Праекту», блізкі да Крамля, патлумачыў гэта тым, што «пасьля правалу пад Кіевам Крэмль спалохаўся за аптымізм расейцаў і папрасіў Канашэнкава больш яскрава апісваць посьпехі войска».
Згодна з брыфінгамі Мінабароны, прынамсі 25 населеных пунктаў былі ўзятыя расейскімі войскамі як мінімум двойчы. Невялікі горад Крэмень у Луганскай вобласьці расейцы бралі чатыры разы.
Паводле інфармацыі Канашэнкава, з пачатку вайны Расея зьнішчыла 39 тысяч украінскіх «раёнаў зграмаджэньня жывой сілы і тэхнікі». Калі на іх падзяліць афіцыйную колькасьць забітых украінцаў, то выходзіць, што сярэдняе «зграмаджэньне» складалася з аднаго чалавека.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Лукашэнка: «Ня трэба енчыць, што Пуцін захапіў Беларусь. У нас узгодненая палітыка»