Фарба для валасоў, гішпанская садавіна, польскія карнішоны. Якія прадукты і тавары зьніклі ў Беларусі

Крама. Ілюстрацыйнае фота

Распыталі беларусаў, чаго яны больш ня могуць адшукаць на паліцах беларускіх крамаў. 

Праз санкцыі супраць Беларусі, а таксама «меры ў адказ» з боку беларускага ўраду з паліц крамаў сталі зьнікаць звыклыя для беларусаў прадукты.

Прадукты і тавары

«Зьнік нямецкі сыр дорблю, гішпанская гародніна і садавіна, замест яе цяпер гародніна і садавіна з Узбэкістану, Расеі, Ірану, Азэрбайджану, яна горшая і часам нават даражэйшая», — пералічвае прадукты, якія раней купляла, мянчанка.

Завозіць шэраг тавараў, у тым ліку садавіну і гародніну, малочку і мяса, з ЭЗ беларускі ўрад забараніў яшчэ ў студзені. 29 чэрвеня стала вядома, што пастанову падоўжылі, але ўвялі некаторыя паслабленьні: дазволілі завозіць абрыкосы, вішні, чарэшні, нэктарыны, сьлівы і хурму.

Яшчэ адна мінчанка кажа, што на некалькі месяцаў прапалі тампоны Tampax.

«Некалькі месяцаў іх не было, даводзілася прасіць знаёмых, каб прывозілі, але вось нядаўна пачалі зьяўляцца», — кажа дзяўчына.

Са зьнікненьнем прадукцыі Roshen паменшаў і асартымэнт цукерак.

«Прапалі цукеркі Roshen, чыпсы Estrella, меншы стаў асартымэнт малака», — паведамляюць чытачы Свабоды.

Таксама з паліц крамаў зьніклі ўкраінскія соўсы «Чумак», украінскія піва і каменная соль. Няма таксама і замарожанай гародніны польскай вытворчасьці — яе замянілі на расейскую. Зьніклі зь беларускіх крамаў польскія карнішоны.

«Зьнікла фарба для валасоў Wella, Londa, корм для катоў «Чатыры лапы», які вырабляецца ва Ўкраіне», — паведамляюць жыхары Менску.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: За 5 месяцаў цэны ў Беларусі вырасьлі на 11,8%. Гэта 3-е месца сярод краінаў былога СССР

Лекі

Зьнікаюць і некаторыя лекі: адзін зь менчукоў паскардзіўся на адсутнасьць у беларускай сталіцы кропель для вачэй Froxal.

«Параскафэн (абязбольвальнае) адсутнічае ў аптэках Іўеўскага і Лепельскага раёнаў пару месяцаў», — паведамілі жыхары Лідзкага раёну.

Што не зьнікла, але вырасла ў цане

У Беларусі гадавая інфляцыя ў траўні дасягнула 17%, гэта новы рэкорд. Як паказваюць дадзеныя Белстату, найбольш падаражэла гародніна і садавіна. Якраз садавіну і гародніну Беларусь сама сабе забараніла купляць у ЭЗ.

Вось што падаражэла найбольш са студзеня па травень:

  • Капуста +35%
  • Вінаград +35%
  • Яблыкі +34%
  • Перцы +32%
  • Бананы +25%
  • Морква +15%
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Галадаць ня будзем, але жыць станем горш». Што адбываецца ў беларускай эканоміцы
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Урад увёў абмежаваньні на вываз зь Беларусі яблыкаў, капусты і цыбулі