У доўгі сьпіс трапілі дзьве беларускія кнігі: «Сарока на шыбеніцы» Альгерда Бахарэвіча ў перакладзе журналіста Свабоды Яна Максімюка і ягонага сына, Ігара Максімюка, ды «Песьня пра Цімура» Андрэя Адамовіча ў перакладзе Богдана Задуры.
Літаратурная прэмія Цэнтральнай Эўропы Angelus прысуджаецца за найлепшую кнігу з тых, што выйшлі па-польску ў папярэдні год. Выдаўцы могуць вылучаць на яе жывых аўтараў з 21 краіны Цэнтральнай Эўропы. Прэмію складае грашовая ўзнагарода — 150 тысяч злотых (33,5 тысячы даляраў ЗША) і статуэтка аўтарства Эвы Расана. Прэмія Angelus мае самы высокі прызавы фонд сярод усіх польскіх прэміяў.
Прэмія Angelus прысуджаецца з 2006 году. Яе ляўрэатамі сярод іншых былі Юры Андруховіч, Сьвятлана Алексіевіч, Міленка Ергавіч, Аксана Забужка, Сяргей Жадан.
Зь Беларусі ў кароткі сьпіс Прэміі Ангелюса траплялі Ігар Бабкоў, Уладзімер Някляеў і Наталка Бабіна.
Пераможца Angelus будзе абвешчаны 15 кастрычніка. Раней, у верасьні, выберуць фінальную сямёрку.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: У Горадні адкрыўся Форум рэгіёнаў Беларусі і Расеі