Лідэры G7 прапануюць увесьці «столь» цаны на расейскую нафту

Пасяджэньне лідэраў G7 у замку Эльмаў у Нямеччыне 27 чэрвеня 2022

Краіны «Групы сямі» (G7) заклікалі іншыя краіны далучыцца да абмежаваньняў на імпарт расейскай нафты і нафтапрадуктаў і не перавозіць расейскую нафту, набытую па цане, вышэйшай за пэўны максымум.

Пра гэта гаворыцца ў выніковай заяве саміту G7, які завяршыўся 28 чэрвеня ў Нямеччыне.

Самі краіны G7 — ЗША, Вялікая Брытанія, Японія, Канада, Францыя, Нямеччына і Італія — ужо ўвялі поўнае або частковае эмбарга на расейскую нафту — з прычыны шырокамаштабнага ўварваньня Расеі ва Ўкраіну.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Лідэры G7 абяцаюць Украіне бестэрміновую падтрымку

Пры гэтым яны зьвяртаюць увагу на тое, што ў сувязі з ростам цэнаў на сусьветным рынку Масква працягвае атрымліваць значныя даходы ад продажу паліва. Цяпер краіны G7 разьлічваюць дамовіцца зь іншымі краінамі аб увядзеньні цэнавай «столі» на закуп расейскай нафты. Пакуль няясна, як можна ўвесьці такі мэханізм.

У выніковай заяве таксама гаворыцца, што краіны «Групы сямі» разгледзяць іншыя захады, каб «не дапускаць атрыманьня Расеяй прыбытку ад ваеннай агрэсіі». У прыватнасьці, гаворка ідзе аб зьніжэньні залежнасьці ад расейскіх тэхналёгій, якія выкарыстоўваюцца ў атамнай энэргетыцы.

Асобная заява прысьвечана харчовай бясьпецы, у тым ліку ў сувязі з расейскай агрэсіяй ва Ўкраіне. У заяве гаворыцца, што краіны Захаду ня будуць уводзіць санкцыі супраць харчовага сэктару і не паўплываюць на імпарт прадуктаў харчаваньня з Расеі.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Вялікая Брытанія, ЗША, Канада і Японія забароняць імпарт расейскага золата