Вядома, няма аўтаматычных гарантыяў, што Ўкраіна і Малдова, якія цяпер афіцыйна сталі кандыдатамі ў чальцы ЭЗ, хутка змогуць дасягнуць паўнавартаснага сяброўства.
Турэччына зьяўляецца кандыдатам у ЭЗ з 1999 году і, зважаючы на характар тамтэйшага палітычнага рэжыму, наўрад ці ўвойдзе ў Эўразьвяз раней за тыя ж Малдову з Украінай.
З другога боку, у іншых краінаў шлях ад кандыдацтва да сяброўства ў ЭЗ быў канкрэтна акрэсьлены і досыць пасьпяховы. У краінаў Балтыі ўся працэдура ад заяўкі да прыняцьця ў склад ЭЗ заняла 9 гадоў, у Польшчы й Вугоршчыны — 10, у Чэхіі — 8. Мэта цалкам дасяжная, абы была палітычная воля.
Сытуацыя Ўкраіны спэцыфічная, бо невядома, калі і як скончыцца вайна, якой будзе Ўкраіна пасьля вайны і якіх высілкаў будзе патрабаваць яе пасьляваеннае аднаўленьне.
А вось шанцы Малдовы, на якую са зразумелых прычынаў зьвяртаецца менш увагі, цалкам рэалістычныя: кампактная невялікая краіна, крыху большая за Латвію, з рэфарматарскім урадам і з адвакатам унутры ЭЗ у выглядзе этнічна блізкай Румыніі.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Краіны ЭЗ ухвалілі статус кандыдатаў для Ўкраіны і МалдовыПалітычна і псыхалягічна Беларусь успрымаецца на Захадзе як частка аднаго рэгіёну з Малдовай і Ўкраінай. І таму, калі пашанцуе, тэарэтычна Беларусь яшчэ можа пасьпець заскочыць на той жа цягнік і далучыцца да Эўразьвязу разам зь імі.
Калі Ўкраіна і Малдова сталі на шлях далучэньня да ЭЗ, больш не існуе «цывілізацыйных» аргумэнтаў: чаму б пры іншых роўных умовах там не павінна быць Беларусі. Дакладней, абапірацца на думку, што на ўсход ад Буга ўжо не зусім Эўропа, — цяпер азначае разважаць, як Пуцін. А асацыявацца з Пуціным на Захадзе цяпер мала хто жадае.
Лукашэнкаўская цяперашняя ваяўнічая рыторыка гучыць і ўспрымаецца як сэанс супакаеньня для расейскага дыктатара: «Так, ты канчаткова страціў Украіну і „Малдавію“, але ж паглядзі, у цябе ёсьць такі шчыры і адданы сябар, як я». Зразумела, гэта вельмі своечасовы жэст для таго, каб атрымаць ад Пуціна дадатковую фінансавую і палітычную падтрымку. І Лукашэнка яе атрымлівае. Праўда, за гэта Крэмль можа запатрабаваць і нешта большае, чым канчаткова аформлены статус апошняга нават не хаўрусьніка, а хоць бы проста не адкрытага ворага пуцінскай Расеі на эўрапейскім кантынэнце.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: У Беларусі вырас давер да ўладаў і паглыбіўся раскол грамадзтва, — вынікі незалежнага апытаньняЗа апошні тыдзень сталі больш гаварыць як пра магчымасьць вайны Беларусі супраць Украіны, так і пра магчымасьць вайны Расеі супраць NATO.
Абставіны трывожныя. І ўсё ж Беларусь абавязкова будзе ў Эўропе, абавязкова стане заможнай і пасьпяховай краінай. Пры ўмове, што перажыве цяперашнюю вайну. І пры ўмове, што Ўкраіна ў гэтай вайне пераможа.
Думкі, выказаныя ў блогах, перадаюць погляды саміх аўтараў і не абавязкова адлюстроўваюць пазыцыю рэдакцыі.