63-гадовую палітзьняволеную Ірыну Алябовіч асудзілі на тры гады калёніі

27 чэрвеня ў судзе Цэнтральнага раёну Менску агучылі вырак палітзьняволенай Ірыне Алябовіч.

Судзьдзя Дзьмітры Карсюк прызнаў жанчыну вінаватай паводле трох артыкулаў Крымінальнага кодэксу: 364 («Гвалт альбо пагроза прымяненьня гвалту ў адносінах да супрацоўніка органаў унутраных спраў»), 368 («Абраза Лукашэнкі») і 369 («Абраза прадстаўніка ўлады»), паведамляе праваабарончы цэнтар «Вясна».

Прысуд — тры гады пазбаўленьня волі ў калёніі агульнага рэжыму. Таксама асуджаная мусіць сплаціць штраф.

Ірыну затрымалі 28 сакавіка 2022 году на падставе крымінальнай справы аб абразе Мікалая Карпянкова. Да яе з вобшукам прыйшлі два міліцыянты, забралі тэлефон, праверылі нік у тэлеграме, пасьля гэтага паказалі сваю раздрукоўку зь яе нікам і камэнтаром і арыштавалі.

Потым Ірыну перавялі ў Жодзіна. У жанчыны праблемы зь ціскам і цукровы дыябэт, але за кратамі ёй не аказвалі неабходнай мэдычнай дапамогі.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Хроніка перасьледу 5 красавіка: пэнсіянэрку затрымалі за камэнтар, былога палітвязьня Банцэра зноў будуць судзіць