Пра гэта 27 чэрвеня заявіў міністар навакольнага асяродзьдзя Вялікай Брытаніі Джордж Юстыс.
Паводле яго слоў, новая распрацоўка прадугледжвае, што ўсё збожжа з Расеі будзе праходзіць праверку для ўстанаўленьня рэгіёну, дзе яно было вырашчана. Юстыс дадаў, што гэта стане перашкодай для паступленьня незаконна вывезенага ўкраінскага збожжа на сусьветныя рынкі.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Zбожжавая вайна. Як Расея не дае Ўкраіне вывозіць збожжа па моры, але прадае захопленае зерне пад выглядам расейскагаМіністар таксама адзначыў, што Брытанія паралельна спрабуе дапамагчы Ўкраіне ў аднаўленьні разбураных чыгуначных камунікацый, каб вывозіць украінскае збожжа наземнымі шляхамі.
26 чэрвеня першы намесьнік міністра аграрнай палітыкі і харчаваньня Ўкраіны Тарас Высоцкі заявіў, што з пачатку шырокамаштабнага ўварваньня ва Украіну Расія вывезла з акупаваных украінскіх тэрыторый ня менш за 400 тысяч тон збожжа.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: У якіх маштабах Расея вывозіць украінскае збожжа з акупаваных тэрыторыяў27 чэрвеня брытанская служба Бі-Бі-Сі апублікавала расьсьледаваньне, у якім сьцьвярджаецца, што расейскія войскі ва Ўкраіне сыстэматычна крадуць збожжа і іншыя прадукты ў фэрмэраў і мясцовых жыхароў. Выданьне прааналізавала спадарожнікавыя здымкі і паразмаўляла з украінскімі фэрмэрамі.
- Украіна — чацьвёрты па велічыні экспартэр збожжа ў сьвеце. У 2021 годзе яна экспартавала амаль 45 мільёнаў тон збожжавых і зернебабовых культур.
- На гэты момант украінскія марскія парты заблякаваныя. Прадстаўнік ААН Маўрыцыё Мартына раней заявіў, што расейскае ўварваньне ва Ўкраіну можа прывесьці да павелічэньня колькасьці галадаючых у сьвеце на 18 мільёнаў.
- Улады Ўкраіны неаднаразова абвінавачвалі Расею ў незаконным прысваеньні ўкраінскага збожжа. Расейскія ўлады ўсе абвінавачаньні адмаўляюць.