Швайцарская выведка назвала Жэнэву цэнтрам расейскай шпіёнскай сеткі

Фэдэральная выведная служба Швайцарыі выступіла з дакладам, у якім сьцьвярджае, што Жэнэва стала каардынацыйным цэнтрам расейскага шпіянажу ў Эўропе. Паводле зьвестак швайцарскай выведкі, колькасьць расейскіх таемных агентаў вымяраецца як мінімум дзясяткамі.

У дакладзе гаворыцца, што пасьля таго, як розныя эўрапейскія краіны пачалі выкрываць і высылаць расейскіх выведнікаў, расейскія сакрэтныя службы, відаць, прынялі рашэньне перабазаваць іх у Швайцарыю — нэўтральную краіну, якая не ўваходзіць у Эўразьвяз.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Швайцарыя далучылася да новых санкцый супраць Расеі і Беларусі

Адносіны паміж Швайцарыяй і Расеяй пагоршыліся пасьля расейскага ваеннага ўварваньня ва Ўкраіну. Швайцарыя далучылася да большасьці санкцый, якія Эўразьвяз увёў у дачыненьні да Масквы. Прэзыдэнт Швайцарыі Іньяцыё Касіс тады заявіў, што Швайцарыя не перастае быць цэнтрам эўрапейскай дыпляматыі, але абавязаная паказаць, якія каштоўнасьці яна падтрымлівае і якія палітычныя межы лічыць неабходным правесьці.

Кіраўнік выведнага ведамства Крыстыян Д’юсэ, які ў 2000-х гадах працаваў палітычным дарадцам амбасады Швайцарыі ў Маскве, а пасьля — дыпляматычным дарадцам прэзыдэнта Швайцарыі, у інтэрвію газэце Tages-Anzeiger таксама пацьвердзіў: «Жэнэва застаецца цэнтрам шпіёнскай актыўнасьці. Нам вядома, што тут дзейнічаюць дзясяткі агентаў, якія займаюць пасады ў расейскіх дыпляматычных і консульскіх місіях».

  • Пасьля пачатку вайны Расеі супраць Украіны з краін Эўразьвязу, ЗША і Японіі павысылалі каля 200 расейскіх дыпляматаў.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Да шостага пакета санкцый супраць Беларусі далучылася Швайцарыя