Ва ўкраінскіх партах застаюцца заблякаванымі 80 замежных гандлёвых караблёў

Марыюпальскі порт да ўзяцьця гораду расейскімі войскамі

У Адміністрацыі марскіх партоў Украіны заявілі, што цяпер усе гандлёвыя апэрацыі, якія ажыцьцяўляліся праз марскія парты Ўкраіны, перанакіравалі на Дунайскі кірунак, а на моры застаюцца заблякаванымі 80 замежных караблёў.

«У нашых партах каля 80 заблякаваных замежных караблёў разам з экіпажамі. Некаторыя зь іх эвакуаваліся на пачатку, іншых замянілі ўкраінскія маракі. Бо карабель нельга пакідаць без кантролю. На гэтых караблях застаецца тавар, але яны ня могуць выйсьці з партоў», — паведаміў намесьнік кіраўніка Адміністрацыі марскіх партоў Украіны Дзьмітро Барынаў 27 чэрвеня на брыфінгу ў Кіеве празь відэасувязь.

Паводле яго, у траўні праз парты на Дунайскім кірунку адгрузілі 1,3 мільёна тон прадукцыі на экспарт.

«У чэрвені спрабуем павялічыць да 1,5 мільёна тон адгрузак», — удакладніў ён.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Белы дом назваў прыярытэтамі вайсковую дапамогу Ўкраіне і праблему экспарту яе збожжа

Дзьмітро Барынаў дадаў, што раней праз украінскія парты адпраўлялася да 5 мільёнаў тон экспартных грузаў штомесяц.

«Цяпер менш за траціну даваенных аб’ёмаў. Нельга параўноўваць марскія парты і парты Дунаю», — дадаў прадстаўнік Адміністрацыі марскіх партоў Украіны.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: У якіх маштабах Расея вывозіць украінскае збожжа з акупаваных тэрыторыяў
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Украіна пачала ў абыход Беларусі пастаўляць збожжа ў Эўропу