За «распаўсюд экстрэмісцкіх матэрыялаў» арыштавалі яшчэ аднаго супрацоўніка «Нафтану».
Бацьку дваіх непаўналетніх дзяцей Сяргея Бадунова затрымалі 22 чэрвеня на працоўным месцы. Падставай для затрыманьня стала падпіска на Радыё Свабода, паведамляюць праваабаронцы.
У РАУСе на мужчыну склалі пратакол паводле арт. 19.11 КаАП (распаўсюджаньне экстрэмісцкіх матэрыялаў). У выніку судзьдзя Зінаіда Балаболава 24 чэрвеня прысудзіла Сяргею Бадунову 10 дзён арышту.
З 14 траўня за кратамі знаходзіцца 32-гадовы супрацоўнік «Нафтана» Барыс Жахоўскі, якога ўжо тройчы асудзілі ў адміністрацыйных справах агулам на 45 сутак. Барыс ужо 15 дзён трымае галадоўку на знак пратэсту.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Хроніка перасьледу 24 чэрвеня: за 3 дні затрымалі 4 выкладчыкаў БДУ, супрацоўнік «Нафтана» 12 дзён трымае галадоўкуПалітзьняволенаму анархісту Міколе Дзядку могуць узмацніць рэжым
У судзе Горацкага раёну 28 чэрвеня разгледзяць справу «аб пераводзе Мікалая Дзядка ў папраўчую ўстанову іншага тыпу і зьмене ўмоваў рэжыму», піша «Вясна». Падобна, яго зьбіраюцца пераводзіць на турэмны рэжым, адзначаюць праваабаронцы. Рашэньне ў справе будзе прымаць судзьдзя Станіслаў Ляшэнка.
Палітзьняволенага блогера і анархіста Дзядка ў канцы сакавіка зьмясьцілі ў ПКТ на чатыры месяцы за адмову хадзіць на працу на знак пратэсту супраць пазбаўленьня яго асабістай перапіскі і перасьледу тых асуджаных, якія зь ім кантактуюць. Акрамя гэтага, з 15 па 24 красавіка палітвязьня ўтрымлівалі ў ШЫЗА па двух пратаколах.
Міколу Дзядка затрымалі 11 лістапада 2020, пасьля чаго моцна білі і катавалі. Летась 10 лістапада палітвязьня асудзілі на 5 гадоў калёніі паводле трох артыкулах Крымінальнага кодэксу: 342, 361, 295-3. Мікола не прызнаў віны ні па ніводным артыкуле.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Навіны палітвязьняў: Віктара Бабарыку і Міколу Дзядка ў калёніі пакаралі ШЫЗАМянчанку асудзілі да 2 гадоў «хатняй хіміі» за «апаганьваньне збудаваньняў і псаваньне маёмасьці»
У судзе Фрунзенскага раёна Менска 23 чэрвеня агучылі прысуд 49-гадовай Тацьцяне Вадапьян. Судзьдзя Юлія Чыж абвінаваціла жанчыну паводле арт. 341 Крымінальнага кодэкса («Апаганьваньне збудаваньняў і псаваньне маёмасьці») і прысудзіла ёй два гады абмежаваньня волі без накіраваньня ў папраўчую ўстанову адкрытага тыпу — «хатнюю хімію».
Вядома, што Тацьцяну затрымалі 21 красавіка за «палітычныя надпісы» і да суда ўтрымлівалі пад вартай.
Яе выпусьцілі ў залі суда.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Мужчына даслаў на электронную пошту сайту Лукашэнкі пагрозы, яго асудзілі на 7 гадоў