«Разам з тым расейцы плянуюць нарошчваньне колькасьці апэрацыйна-тактычнай авіяцыі ў Беларусі. Афіцыйна — для правядзеньня супольнага патруляваньня паветранай прасторы ў рамках супольнага навучальна-баявога цэнтру падрыхтоўкі авіяцыйных часьцей і злучэньняў супрацьпаветранай абароны. Для гэтага заплянаваны пералёт 10 самалётаў на аэрадром Баранавічы», — сказана ў паведамленьні.
Таксама ад 22 чэрвеня ў Гомельскай вобласьці Беларусі праходзяць мабілізацыйныя вучэньні, паведамляюць украінскія выведнікі.
«Затое анансаваныя раней у беларускіх СМІ заняткі па баявой падрыхтоўцы з рэзэрвістамі не праводзяцца. Саміх рэзэрвістаў пакуль што выкарыстоўваюць для правядзеньня гаспадарчых работ», — дадала ўкраінская выведка.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Ва ўкраінскай выведцы патлумачылі, ці ёсьць для Ўкраіны небясьпека з боку БеларусіНапярэдадні прадстаўнік Галоўнага ўпраўленьня выведкі Міністэрства абароны Ўкраіны Вадзім Скібіцкі ў інтэрвію РБК-Украіна заявіў, што колькасьць беларускіх вайсковых частак, якія знаходзяцца на ратацыйнай аснове ля межаў Украіны, складае 4-6 тысяч чалавек.
Таксама, паводле яго, у краіне знаходзіцца 1,5 тысячы асабовага складу расейскіх падразьдзяленьняў — паветраны кампанэнт, супрацьпаветраная абарона, падразьдзяленьні спэцназу і ракетных войскаў.
Паводле Скібіцкага, армія РБ ня можа самастойна атакаваць Украіну без удзелу Расеі, але Крэмль трымае ў рэзэрве траціну сваіх БТГ.
Ён дадаў, што цяпер некаторыя спэцпадраздзяленьні Расеі супольна з падразьдзяленьнямі сіл спэцыяльных апэрацый Беларусі праводзяць супольныя вучэньні, у прыватнасьці, адпрацоўваюць дзеяньні на тэрыторыі Ўкраіны.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Пуцін: Расея «ў найбліжэйшыя месяцы» перадасьць Беларусі ракетныя комплексы «Іскандэр-М»Раней Галоўнае ўпраўленьне выведкі заяўляла, што начныя ракетныя ўдары па Ўкраіне 25 чэрвеня з тэрыторыі Беларусі былі «маштабнай правакацыяй» з боку Расеі з мэтай уцягненьня Менску як непасрэднага ўдзельніка вайны супраць Украіны.
Пасьля абстрэлу прэзыдэнт Расеі Ўладзімір Пуцін падчас сустрэчы з Аляксандрам Лукашэнкам заявіў, што Расея надасьць свайму саюзьніку Беларусі ракетныя комплексы «Іскандэр-М» — мабільны кіраваны ракетны комплекс з абсягам дзеяньня да 500 кілямэтраў.
Беларусь ня ёсьць непасрэдным удзельнікам поўнамаштабнай вайны ва Ўкраіне, але надае матэрыяльна-тэхнічнае забесьпячэньне расейскага ўварваньня, якое пачалося 24 лютага, калі частка расейскіх войскаў увайшла ва Ўкраіну празь беларускую мяжу.