Навошта сілавікам яго мэдаль, Сяргей Бульба ня ведае. Але прызнае, што гэта дарагая для яго рэч. Ён ня быў у Беларусі ўжо пяць гадоў. Яго 77-гадовую маці забралі проста зь лецішча пад Валожынам. Пра гэта Бульба даведаўся з паведамленьня ў інтэрнэце ад сястры.
«Сястра напісала, што прыходзіў ГУБАЗіК, быў допыт, запісалі нейкае відэа. Я перш зьдзівіўся і нават вырашыў, што акаўнт сястры ўзламалі, што піша нехта іншы. Папрасіў паўтарыць усё тое самае голасам, каб я пераканаўся, што гэта яна. Сапраўды — яна», — расказаў Сяргей Бульба карэспандэнту «Эўрарадыё».
Яго сястру забралі з працы, маці — прывезьлі дахаты з лецішча. Па адрасе прапіскі ўчынілі ператрус.
«Што маці, што сястра — абедзьве былі ў цяжкім псыхалягічным стане. Сёньня мама трошкі адышла ад гэтага, мы пагаварылі. Папрасіў зразумець, што я змушаны ўсё гэта агучваць, каб гэта ня стала нормай. Мама кажа, яе прымусілі запісаць кароткае відэа, на якім яна называе сваё імя і просіць мяне не займацца тым, чым займаюся. Ніякага пакаяньня там няма».
Бульба прызнаецца, што не чакаў візыту сілавікоў да яго блізкіх. У апошні раз ператрус, калі «ўсіх паставілі на вушы», у Бульбы праводзілі ў 2007 годзе. А пасьля, кажа, «сваякоў ніхто і не чапаў».
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: ГУБАЗіК затрымліваў 77-гадовую маці і сястру заснавальніка «Белага Легіёну»«Я з 14-га году ва Ўкраіне. Яны маглі прыйсьці раней. Але дайшлі чамусьці толькі цяпер. Чаму? Якія такія мае актыўнасьці іх натхнілі прыйсьці менавіта цяпер? Магчыма, справа ў тым, што я цяпер актыўна выступаю на ўкраінскіх тэлеканалах, дзе імкнуся данесьці, што Лукашэнка не суб’ект палітыкі. Магчыма, гэта іх так зачапіла?»
Патрыятычная арганізацыя «Белы Легіён» была заснаваная ў 1996 годзе, спыніла існаваньне ў «нулявых» гадах. Цяпер яе кіраўнік Сяргей Бульба (Чыслаў) жыве ва Ўкраіне, дзе ў інтэрвію ўкраінскім тэлеканалам і блогерам гаворыць пра рэальны стан падзей у беларускім грамадзтве, разрыў паміж рэжымам Лукашэнкі і жаданьнямі народу, сапраўдныя настроі ў беларускіх сілавых структурах.
Мэдаль «100 гадоў БНР» уручала Рада Беларускай народнай рэспублікі ў 2018-м годзе выбітным беларускім дзеячам сучаснасьці, якія працуюць дзеля нацыянальнага ўздыму, займаюцца нацыянальнымі праектамі ў сфэрах палітыкі, асьветніцтва, культуры і іншых.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: У Львове адкрыўся Беларускі інфармацыйны цэнтар