Сёлета «Рок за Баброў» не адбудзецца з той прычыны, што хэдлайнэры ня змогуць прыехаць на мерапрыемства, паведамілі арганізатары ў Instagram.
«Ваш любімы фэстываль „Рок за Баброў“ сёлета не адбудзецца. У сувязі зь геапалітычным становішчам у сьвеце, нашы хэдлайнэры ня маюць магчымасьці выступіць на нашым фэстывалі. Мы разглядалі розныя лягістычныя ланцужкі і прапрацоўвалі дзясяткі маршрутаў. Але, на жаль, знайсьці магчымасьць даставіць нашых музычных зорак з розных куткоў плянэты не ўяўляецца магчымым», — гаворыцца ў заяве арганізатараў.
Раней фэстываль ужо двойчы пераносілі, у 2020 і 2021 годзе — з прычыны каранавірусу і праблем з авіязносінамі.
Паводле арганізатараў, квіткі, набытыя ў 2020 і 2021 гадах, будуць сапраўдныя ў 2023 годзе.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Рок за баброў», Lidbeer, «Справа». Што стала зь беларускімі музычнымі фэстывалямі