Анісію Казьлюк адпусьцілі. Прадстаўнік Ціханоўскай Валер Кавалеўскі расказаў, як вырашалася справа

Валер Кавалеўскі ва Ўкраіне. Архіўнае фота.

24 чэрвеня беларускую праваабаронцу затрымалі ва Ўкраіне, ёй пагражала дэпартацыя і штраф.

Валер Кавалеўскі, кіраўнік кабінэту Сьвятланы Ціханоўскай, які ўзначальвае і прадстаўніцтва яе штабу ва Ўкраіне, расказаў, што зьвярнуўся ў МУС, ДМС і да старшыні Камітэту па правах чалавека Вярхоўнай Рады Дзьмітра Лубянца. Той запэўніў, што Анісію ніхто высылаць з Украіны ня будзе, штамп у пашпарт не паставяць, аформяць адміністратыўны пратакол і сымбалічны штраф. «Так і атрымалася», — сказаў Кавалеўскі.

Паводле Кавалеўскага, для Анісіі Казлюк будзе адкрытая працэдура для аднаўленьня яе легальнага статусу ва Ўкраіне. Гэта ж зроблена і для ўсіх іншых беларусаў Украіны.

Валер Кавалеўскі ўвесь гэты час быў на сувязі з Анісіяй. Ён давёў да яе альгарытм вырашэньня праблемы. Як ён кажа, гэта дапамагло супакоіць сытуацыю ў пастарунку, бо з Анісіяй размаўлялі ня вельмі карэктна. Цяпер беларуску адпусьцілі.

«Гісторыя прыкрая і непрыемная, але можа стаць важным прэцэдэнтам для таго, каб не дапусьціць падобных сытуацый зь беларусамі ў будучыні», — кажа Валер Кавалеўскі.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: У Кіеве затрымалі беларускую праваабаронцу Анісію Казьлюк
  • Праваабаронца Анісія Казьлюк пераехала ва Ўкраіну пасьля падзей 2020 году. Ва Ўкраіне яна актыўна займаецца валянтэрскай дзейнасьцю, дапамагае беларускім і ўкраінскім добраахвотнікам.
  • Ад пачатку вайны ва Ўкраіне часова не працавала міграцыйная служба. Як толькі яна аднавіла працу, беларусы пайшлі падавацца на часовы від на жыхарства ці падаўжаць яго. Але многія сутыкнуліся ня толькі з дыскрымінацыяй, але і з абавязкам пакінуць краіну, і з забаронай на ўезд.
  • У красавіку Дзяржаўная міграцыйная служба Ўкраіны ў сваіх сацсетках абяцала, што адміністрацыйных спагнаньняў за такія інцыдэнты ня будзе.