Юлія Мядзьвецкая — дасьледчыца Нямецкага фонду Маршала, аўтарка нядаўняга дакладу «Распрацоўка санкцый: Урокі з абмежавальных захадаў ЭЗ супраць Беларусі».
Сьцісла:
- Калі б не было дапамогі з боку Расеі, можна было б казаць, што рэжым не перажыве такога моцнага заходняга ціску.
- Эўразьвяз у сваёй камунікацыі павінен падкрэсьліваць, што ён разумее: ёсьць розьніца паміж беларускімі ўладамі і беларускім грамадзтвам.
- Лукашэнка робіць шмат, каб вычысьціць прастору Беларусі ад усіх нацыянальна арыентаваных грамадзян. І гэта якраз у інтарэсах Крамля. Але калі мы вядзем гаворку пра палітвязьняў, дык Лукашэнка ня столькі залежыць ад таго, што вырашае Крэмль, а больш залежыць ад сваіх сілавікоў.
- Эўразьвяз павінен разважаць стратэгічна — не абмяжоўвацца толькі санкцыйнымі захадамі, а думаць пра будучыню нашых адносін.
Пра залежнасьць ад Эўразьвязу і дапамогу ад Расеі
— Да зусім нядаўняга часу пад словам «санкцыі» Эўразьвязу адносна Беларусі меліся на ўвазе найперш візавыя абмежаваньні для асобных прадстаўнікоў рэжыму, а цяпер гаворка пра абмежаваньні, якія закранаюць цэлыя сэктары эканомікі. Ці можна неяк прагназаваць наступствы цяперашніх санкцый, грунтуючыся на ранейшай гісторыі?
— Так, калі паглядзець на санкцыйныя пакеты, якія ўводзіліся супраць рэжыму ў Беларусі пасьля 2020 году, дык відаць, што з кожным пакетам санкцый ціск узмацняецца.
Спачатку Эўразьвяз уводзіў кропкавыя санкцыі ў дачыненьні да некаторых беларускіх чыноўнікаў. Потым ЭЗ пачаў пераходзіць да санкцыяў у дачыненьні да прадпрыемстваў, якія зьяўляюцца альбо спонсарамі, альбо бэнэфіцыярамі рэжыму. А потым Эўразьвяз пачаў рабіць захады адносна некаторых сэктараў беларускай эканомікі.
Пасьля пачатку расейскай агрэсіі ва Ўкраіне мы таксама бачым, што санкцыйны ціск у дачыненьні да Беларусі значна ўзмацняецца, і антырасейскія санкцыі распаўсюджваюцца таксама і на рэжым Лукашэнкі. Мы насамрэч можам назваць гэтыя санкцыйныя меры беспрэцэдэнтнымі. Але каб разважаць пра іх наступствы, мы мусім зьвярнуць увагу на тры істотныя чыньнікі.
Па-першае, гэта ўзровень узаемазалежнасьці таго актара, які ўводзіць санкцыі, і таго актара, супраць якога санкцыі ўводзяцца. Часта зьвяртаюцца да прыкладаў Ірану, Паўночнай Карэі ці Вэнэсуэлы, але я лічу, што гэтыя прыклады не пасуюць да сытуацыі зь Беларусьсю. Бо Беларусь мяжуе з трыма краінамі Эўразьвязу, і што б ні адбывалася, беларускі рэжым і Эўразьвяз павінны супрацоўнічаць у некаторых пытаньнях, якія тычацца, напрыклад, міграцыі.Мы бачым, як гэты высокі ўзровень узаемазалежнасьці праяўляецца ў тым, як беларускія ўлады могуць адказваць на санкцыі. Міграцыйны крызіс — гэта адзін з такіх прыкладаў.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Біцьцё, голад, згвалтаваньне, сьмерць. Што адбывалася ў беларускім лягеры для мігрантаў і на мяжы, паводле справаздачы Human Rights Watch Калі паглядзець на лічбы, якія прыводзяцца на старонцы беларускай амбасады ў Брусэлі, мы пабачым, што таваразварот паміж Беларусьсю і Эўразьвязам — 16 мільярдаў даляраў. І гэта паказьнік таго, як эўрапейскія санкцыі могуць адбіцца на беларускай эканоміцы.Варта таксама паглядзець на палітычныя чыньнікі. «Гібрыдныя дэмакратыі» пад санкцыйным ціскам будуць зьмяняцца і больш арыентавацца на думку сваіх грамадзян. Але аўтакратыі і дыктатуры пад ціскам санкцый могуць ужываць нават больш істотныя рэпрэсіі. І гэта тое, што цяпер штодзённа адбываецца ў Беларусі.
І таксама вельмі істотныя паводзіны трэціх краінаў. Мы назіраем, як Эўразьвяз каардынуе сваю санкцыйную палітыку з ЗША, Канадай, іншымі краінамі. Да абмежаваньняў супраць Беларусі далучаюцца краіны Эўрапейскай эканамічнай зоны. Украіна была адной зь першых краінаў, якія далучыліся да забароны пралёту самалётаў «Белавія» над сваёй паветранай прасторай.
Мы таксама ведаем, што Расейская Фэдэрацыя дазваляе Менску мінімізаваць страты, выкліканыя заходнімі санкцыямі. І мы бачым, як у рамках так званай «саюзнай дзяржавы» яны каардынуюць свае паводзіны. Калі б не было дапамогі з боку Расеі, можна было б казаць, што рэжым не перажыве такога моцнага заходняга ціску. Таксама цікавай можа быць роля Кітаю, але яна не такая істотная, як роля Расейскай Фэдэрацыі.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Лукашэнка прыляцеў у Расею на чарговую сустрэчу з ПуцінымПра тыя санкцыі, якія могуць быць стратэгічнай памылкай
— Вы казалі, што Эўрапейскі Зьвяз у сваёй стратэгічнай камунікацыі павінен ясна разумець розьніцу паміж Беларусьсю і Расеяй, бо беларускае грамадзтва моцна адрозьніваецца ад расейскага ў ацэнцы цяперашняй вайны ва Ўкраіне. На вашую думку, якія санкцыі дарэчныя ў адносінах да Расеі і расейскіх грамадзян і недарэчныя ў адносінах да Беларусі і беларускіх грамадзян?
— Так, я лічу, што Эўразьвяз павінен праводзіць мяжу, з аднаго боку, паміж Расейскай Фэдэрацыяй і Беларусьсю, а з другога боку — паміж беларускімі ўладамі і беларускім грамадзтвам.У сваёй камунікацыі Эўразьвяз зьвяртаецца да Беларусі як да краіны-суагрэсара. І гэта сапраўды мае месца, калі мы зьвернемся да міжнароднага права. Але мы бачым, якія наступствы такі дыскурс мае ў дачыненьні да беларускіх грамадзян.
І тут я вяду гаворку ня толькі пра агульнаэўрапейскія санкцыі, але больш пра нацыянальныя захады. Напрыклад, Чэхія ці Эстонія вырашылі прыпыніць выдачу візаў і відаў на жыхарства для беларускіх грамадзян. Мне падаецца, што меры накшталт абмежаваньняў банкаўскіх рахункаў — дыскрымінацыя ў дачыненьні да беларусаў.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Нямеччына і ня толькі. Якія краіны Эўразьвязу выдаюць беларусам шэнгенскія візы для падарожжаўКалі паглядзець на выпадак Украіны, на ўкраінцаў, якія маюць шмат крыўды на беларусаў — і гэта зразумела ў цяперашніх абставінах — але нават украінцы не разумеюць розьніцы паміж беларускім грамадзтвам і беларускімі ўладамі. У такім выпадку чаго мы можам чакаць ад жыхароў Эўразьвязу, шмат хто зь якіх ня сочыць за падзеямі ў Беларусі? Магчыма, яны толькі ў жніўні 2020 году ўпершыню пабачылі, што беларусы пратэстуюць супраць рэжыму.
Я лічу, што ня трэба забывацца пра ўсё тое, што беларусы зрабілі ў жніўні 2020 году, і таму Эўразьвяз у сваёй камунікацыі павінен падкрэсьліваць, што ён разумее: ёсьць розьніца паміж беларускімі ўладамі і беларускім грамадзтвам.Калі зьвярнуцца да забароны для «Белавія» выкарыстоўваць эўрапейскую паветраную прастору, гэтыя санкцыі маюць шмат нэгатыўных наступстваў для беларусаў, якія маглі б прыяжджаць у Эўразьвяз і ў нейкай ступені натхняцца эўрапейскімі каштоўнасьцямі. На мой погляд, такія санкцыйныя абмежаваньні не зусім дарэчныя стратэгічна.
Што такое рэалістычныя мэты для санкцый
— Вы пішаце, што Эўразьвязу варта ставіць рэалістычныя мэты для санкцый. На вашую думку, ці варта было Эўразьвязу пасьля пратэстаў у 2020 годзе ў сваіх заявах абмежавацца патрабаваньнем вызваленьня палітвязьняў і не патрабаваць свабодных і справядлівых выбараў?
— Калі я ў сваёй працы пісала, што мэты павінны быць рэалістычныя, я больш зьвярталася да тых санкцыяў, якія ўводзіліся ў дачыненьні да Беларусі ў 2004, 2006 і 2011 годзе. Тыя санкцыі насілі «цыклічны» характар — яны ўводзіліся, здымаліся, уводзіліся, здымаліся, нават калі палітычная сыстэма ў краіне не зьмянялася.
Рэжым тады ішоў на мінімальныя саступкі — вызваляліся палітвязьні бязь іх рэабілітацыі, рабіліся нейкія касмэтычныя зьмены ў Выбарчы кодэкс. Аднак не было грунтоўных зьменаў у беларускай палітычнай сыстэме, і не было ніякай дэмакратызацыі. Я лічу, што ў папярэднія гады Эўразьвяз мог выкарыстоўваць свае санкцыйныя інструмэнты па-іншаму і імкнуцца атрымаць ад рэжыму Лукашэнкі максымум саступак.
Калі я цяпер вяду гаворку пра тое, што мэты павінны быць рэалістычныя, дык мне падаецца, што мала хто ў Эўразьвязе цяпер будзе пачынаць перамовы з рэжымам Лукашэнкі, які фактычна дыскрэдытаваны. Але я лічу, што Эўразьвяз павінен рабіць усё, каб падтрымаць інтарэсы беларусаў. Ён не павінен гуляць па правілах рэжыму. Мы ведаем, што Лукашэнка — вопытны палітык, які добра ведае, як узаемадзейнічаць з Эўразьвязам і атрымліваць ад ЭЗ максымум, нічога не мяняючы ўнутры краіны.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Перапіска спынілася зусім і з усімі». Што цяпер адбываецца з палітвязьнямі ў турмах і калёніяхДзе галоўная перашкода для вызваленьня палітвязьняў
— Падчас абмеркаваньня вашага дакладу ўдзельнікі дыскусіі выказвалі засьцярогі, што многія пытаньні могуць ужо знаходзіцца па-за кампэтэнцыяй уладаў Беларусі — што іх фактычна вырашае Пуцін. На вашую думку, ці захоўвае пакуль Лукашэнка кантроль у пытаньні палітвязьняў?
— Мне падаецца, што Лукашэнка робіць шмат, каб вычысьціць прастору Беларусі ад усіх нацыянальна арыентаваных грамадзян. І гэта якраз у інтарэсах Крамля. Але калі мы вядзем гаворку пра палітвязьняў, дык, на мой погляд, Лукашэнка ня столькі залежыць ад таго, што вырашае Крэмль, а больш залежыць ад сваіх сілавікоў — ад Сьледчага камітэту, ад пракуратуры, ад усіх тых, хто выносіў палітычныя прысуды.
Усе гэтыя людзі не зразумеюць паслабленьняў такога кшталту. Для іх гэта можа быць здрадай. А паколькі «сілавы блёк» — гэта наймацнейшая апора рэжыму, дык Лукашэнка (і гэта зразумела) баіцца страціць іх падтрымку.Таму я лічу, што ў гэтым выпадку ня столькі Крэмль дыктуе Лукашэнку, што ён павінен рабіць, колькі ўсе тыя людзі, якія ўдзельнічалі ў палітычных рэпрэсіях.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Найдурнейшыя санкцыі — забарона выдаваць візы простым беларусам», — Ціханоўская пра нефармальную сустрэчу зь Зяленскім і цану аплядысмэнтаўПры якіх умовах могуць прыпыніць санкцыі
— Вы адзначаеце, што найбольш адчувальныя эканамічныя санкцыі былі ўведзеныя не ў адказ на парушэньні правоў чалавека, а на пагрозы рэгіянальнай бясьпецы — прымусовую пасадку самалёта Ryanair, выкарыстаньне мігрантаў для ціску на Эўразьвяз і выкарыстаньне беларускай тэрыторыі і інфраструктуры для расейскай агрэсіі супраць Ўкраіны. На вашую думку, якія павінны быць умовы для таго, каб прыпыніць шырокія эканамічныя санкцыі ЭЗ адносна Беларусі?
— Мне падаецца, што тыя санкцыйныя абмежаваньні, якія ўводзіліся ў адказ на інцыдэнт з самалётам Ryanair, міграцыйны крызіс і агрэсію Расейскай Фэдэрацыі ў дачыненьні да Ўкраіны, Эўразьвяз здыме толькі тады, калі ў беларускай палітычнай сыстэме адбудуцца значныя зьмены. Магчыма, што толькі пасьля сыходу Аляксандра Лукашэнкі. Бо цяпер няма ніякай веры гэтаму рэжыму, ён прызнаецца пагрозай бясьпецы на эўрапейскім кантынэнце.Таксама важна, што ўсе гэтыя санкцыйныя захады ў дачыненьні да Беларусі прынятыя ў рамках аднаго дакумэнту. Гэта ўскладняе перагляд санкцыйных абмежаваньняў. У санкцыях адносна Расеі ёсьць асобны дакумэнт да кожнага санкцыйнага захаду. Таму зьняць санкцыі з Расейскай Фэдэрацыі, на мой погляд, будзе прасьцей, чым зьняць санкцыі ў дачыненьні да Беларусі.
Парада кіраўніцтву ЭЗ
— Калі б кіраўніцтва Эўразьвязу зьвярнулася да вас цяпер па параду і папрасіла рэкамэндаваць тры галоўныя крокі ў адносінах да Беларусі, што б вы параілі?
— У мяне будзе толькі адна парада да Эўразьвязу. Я лічу, што Эўразьвяз павінен разважаць стратэгічна і ўжо цяпер разважаць пра будучыню адносін зь Беларусьсю. Якімі гэтыя адносіны будуць — ці будзе Беларусь асацыяваным сябрам ЭЗ, накшталт Украіны, Грузіі, Малдовы, якія цяпер нават атрымліваюць статус кандыдатаў у сябры Эўразьвязу, ці будзе яна нэўтральнай краінай, ці застанецца пад уплывам Расейскай Фэдэрацыі.
Мне падаецца, што Эўразьвяз павінен рабіць усё магчымае, каб падтрымліваць беларускае грамадзтва і эўрапейскі шлях разьвіцьця Беларусі. Для гэтага павінна быць нейкая стратэгія — Эўразьвяз павінен не абмяжоўвацца толькі санкцыйнымі захадамі, а думаць пра будучыню нашых адносін.