Працягваецца перасьлед выкладчыкаў БДУ — за 3 апошнія дні 4 затрыманьні
Гэтым разам сілавікі затрымалі выкладчыка катэдры бізнэс-адміністраваньня Інстытуту бізнэсу БДУ Аляксандра Хваля, паведамляе тэлеграм-канал «БДУ 97».
Учора, 23 чэрвеня, стала вядома, што сілавікі затрымалі выкладчыка юрфаку БДУ, кандыдата юрыдычных навук Дзьмітрыя Мароза. У «пакаяльным відэа» мужчына расказаў, што яго затрымалі за падпіску на «экстрэмісцкія тэлеграм-каналы». У паведамленьні сілавікі дадалі, што Мароз «навучаў нашых дзяцей і хадзіў на ўсе пратэсты». Пра завядзеньне справы супраць яго не паведамлялася.
Таксама раней у тэлеграм-каналах сілавікоў зьявілася навіна пра затрыманьне выкладчыка катэдры бізнэс-адміністраваньня Інстытуту бізнэсу БДУ, кандыдата эканамічных навук Юрыя Каралёва.
22 чэрвеня стала вядома пра затрыманьне старшага выкладчыка Інстытуту бізнэсу БДУ Максіма Мароза. На апублікаваным у праўладным телеграм-канале відэа Мароз расказаў, што яго затрымалі «падчас расьсьледаваньня спраў аб экстрэмізьме», а таксама што ён «баіцца страціць сваю працу».
Таксама на адным з праўладных тэлеграм-каналаў зьявілася відэа зь лябаранткай біялягічнага факультэту БДУ Аленай Андрэеўнай. У ім яна «прызнаецца», што адміністравала дваровы чат. Паводле сьцьвярджэньня каналу, яе хочуць прыцягнуць да адміністрацыйнай адказнасьці. Па інфармацыі сілавікоў, затрыманая была падпісаная на «экстрэмісцкія» тэлеграм-каналы і стварыла свой чат пад назвай «Цягнічок з Варанянскага».
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Хроніка перасьледу 23 чэрвеня: Затрымалі былую палітзьняволеную, якая ўжо адбыла тэрмін; Бабарыку зьмясьцілі ў ШЫЗА на 10 дзёнЗатрымалі былую настаўніцу з Іванава, якая адбывае «хатнюю хімію» за рэпосты пра міліцыянтаў
Як паведамілі берасьцейскай «Вясьне», 23 чэрвеня затрымалі Алену Пуцыковіч. Яна пайшла на 16:00 «адзначацца» ў мясцовым РАУСе і адтуль ужо ня выйшла.
Вядома, што апошнім часам на жанчыну ціснула крымінальна-выканаўчая інспэкцыя: ужо 2 разы Алену Пуцыковіч прыцягвалі да дысцыплінарнай адказнасьці за нібыта парушэньні ўмоваў «хатняй хіміі», ды самі ўмовы адбыцьця «хіміі» ёй мянялі ў горшы бок.
Пуцыковіч асудзілі 14 красавіка 2021 году за «паклёп». Тады суд Іванаўскага раёну прысудзіў Алене Пуцыковіч 2,5 года абмежаваньня волі без накіраваньня ў папраўчую ўстанову адкрытага тыпу. Падставай для той крымінальнай справы сталі рэпосты жанчыны пра двух міліцыянтаў.
Крымінальную справу журналіста Intex-press перадалі ў суд
Справу баранавіцкага журналіста Intex-press Юрыя Ганцарэвіча, якога абвінавачваюць у «садзейнічаньні экстрэмісцкай дзейнасьці», перадалі ў Берасьцейскі абласны суд.
Дата разгляду справы і горад у якім будзе праходзіць сам працэс, пакуль невядомыя, паведамляе БАЖ.
Юрыя Ганцарэвіча затрымалі сёлета ў траўні праз тое, што ён нібыта фатаграфаваў расейскую вайсковую тэхніку і дасылаў здымкі ў незалежныя мэдыя.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: У рэдакцыі баранавіцкага выданьня Intex-press адбыўся ператрус па справе аб «экстрэмізьме»Супрацоўнік «Нафтана» Барыс Жахоўскі ўжо 12-ы дзень трымае галадоўку
32-гадовы супрацоўнік «Нафтана» Барыс Жахоўскі за кратамі з 14 траўня.
Першы суд над ім адбыўся 16 траўня — судзьдзя Вольга Баліка прысудзіла 15 дзён арышту за «распаўсюд экстрэмісцкіх матэрыялаў» (арт. 19.11 КаАП). Потым Жахоўскага зноў арыштавалі на 15 дзён па гэтым жа артыкуле.
На мінулым тыдні Жахоўскага асудзілі трэці раз запар. Судзьдзя Зінаіда Балаболава прызнала Барыса вінаватым у «несанкцыянаваным пікетаваньні» (арт. 24.23 КаАП) і арыштавала на 15 сутак.
Пазьней зьявілася інфармацыя, што 12 дзён таму Барыс абвясьціў сухую галадоўку. Учора яго наведаў адвакат, піша «Вясна». Ён даведаўся, што Жахоўскі працягвае галадоўку, але пачаў піць вадкасьці. Пэрыядычна яго стан кантралюецца спэцыялістамі хуткай дапамогі.
Тэрмін арышту Барыса канчаецца 28 чэрвеня.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Супрацоўнік «Нафтана», якога асудзілі агулам на 45 «сутак», пяты дзень трымае сухую галадоўкуУ Магілёве сілавікі затрымалі прадпрымальніка Андрэя Двігуна
Праўладны тэлеграм-канал паведамляе, што мужчына нібыта зарэгістраваўся ў пляне «Перамога» і ўжо «дае прызнальныя паказаньні і абавязваецца далей не парушаць закон».
Працягваецца ціск на палітзьняволенага анархіста Сяргея Раманава
Стала вядома, што Сяргея Раманава, асуджанага на 20 год зьняволеньня, ужо 2 разы ад моманту прыезду ў калёнію зьмяшчалі ў штрафны ізалятар.
Таксама адміністрацыя турэмнай установы ўжо двойчы не падпісала заяву Сяргея на тэлефонны званок бацькам. Акрамя таго, Сяргею Раманаву залічылі ў рэжымную маленькую перадачу, якую яму прывезьлі яшчэ ў СІЗА ў Баранавічах бацькі. Цяпер бліжэйшая перадача анархісту будзе дазволена толькі праз паўгода.
Раней паведамлялася, што Сяргей Раманаў на момант знаходжаньня ў баранавіцкім СІЗА, адкуль яго пазьней накіравалі ў калёнію, страціў больш за 10 кг. У якім фізычным стане анархіст цяпер, невядома.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Асуджаным на 18–20 гадоў анархістам перад накіраваньнем у калёніі далі спатканьні з родныміАсудзілі яшчэ аднаго ўдзельніка пасьлявыбарных акцый пратэсту. Сілавікі апазналі яго па фота
Суд Ленінскага раёну Менску сёньня скончыў разгляд крымінальнай справы жыхара Барысава Вячаслава Лася, паведамляюць праваабаронцы.
Паводле матэрыялаў абвінавачаньня, Вячаслаў у адзін з восеньскіх дзён 2020 году, з 14 да 19 гадзіны, знаходзячыся ў Менску, «выкарыстоўваючы ў якасьці пратэставай сымболікі палатно бел-чырвона-белага колеру, стаяў і рухаўся па праезнай частцы вуліц, блякаваў шлях транспартным сродкам, у выніку чаго адбылося парушэньне і спыненьне працы грамадзкага транспарту».
У выніку судзьдзя Юлія Шут прызнала Вячаслава вінаватым у арганізацыі і падрыхтоўцы дзеяньняў, якія груба парушылі грамадзкі парадак (ч.1. арт. 342 Крымінальнага кодэксу) і пакарала яго 2,5 года «хатняй хіміі» (абмежаваньне волі без накіраваньня ва ўстанову адкрытага тыпу).
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: На горадзенскага музыку завялі крымінальную справу за «абразу Лукашэнкі» праз татуВіталя Жука зноў зьмясьцілі ў ШЫЗА
Палітзьняволенага кобрынца Віталя Жука, асуджанага за абразу Лукашэнкі, другі раз за месяц пакаралі штрафным ізалятарам. Першы раз Жука зьмясьцілі ў ШЫЗА на 5 сутак. Адразу пасьля выхаду перавялі ў новы атрад да «злосных парушальнікаў рэжыму». А празь некалькі дзён зьмясьцілі ў ШЫЗА тэрмінам ужо на 10 сутак.
Таксама праваабаронцы паведамляюць, што палітвязьню пагражаюць пераводам у ПКТ.
Віталя Жука асудзілі на 1,5 года калёніі за камэнтар пра Лукашэнку (арт. 368 КК).
Летась 23 лютага ў ягонай жонкі Маргарыты прайшоў ператрус. З рознай нагоды сілавікі прыходзілі да яе ўжо некалькі разоў. Падчас ператрусу 23 лютага стала зразумела, што жанчыну таксама падазраюць у абразе Лукашэнкі. Апошні раз на ператрус сілавікі прыйшлі разам з органамі апекі, але забраць дзяцей ад маці не атрымалася — іх да сябе ўзяла бабуля.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: У Жлобіне працягваецца судовы канвэер за пратэсты 2020 году: пакаралі ўжо каля 50 чалавекЗатрымалі 26-гадовага сьлесара-рамонтніка МТЗ
На «пакаяльным відэа» хлопец «прызнаецца», што быў зарэгістраваны ў пляне «Перамога» і ўдзельнічаў у несанкцыянаваных масавых мерапрыемствах у 2020 годзе. Дзе цяпер затрыманы, праваабаронцам пакуль невядома, адзначаюць праваабаронцы.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Затрымалі дырэктара і галоўнага бугальтара кампаніі «Дэв Бай Мэдыя», якая валодае парталам IT-навін dev.by