Воспа малпаў выяўлена ў 48 краінах сьвету

У 48 краінах сьвету зарэгістравалі 3200 пацьверджаных выпадкаў заражэньня воспай малпаў, адзін чалавек памёр.

Пра гэта паведаміў кіраўнік Сусьветнай арганізацыі аховы здароўя Тэдрас Гебрэесус.

Паводле яго слоў, успышка «па-ранейшаму назіраецца ў асноўным сярод мужчын, якія маюць палавыя кантакты з мужчынамі і паведамляюць аб нядаўніх палавых кантактах з новымі або некалькімі партнэрамі».

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Мэдычныя ўлады ЗША абверглі паветрана-кропельную перадачу воспы малпаў. Аднак экспэрты ня згодныя

Аднак у Нігерыі нашмат вышэйшая доля хворых жанчын. Таму, лічыць Гебрэесус, «вельмі важна зразумець, як там распаўсюджваецца хвароба».

Як паведамляе служба аховы здароўя Вялікай Брытаніі, воспа малпаў зь цяжкасьцю перадаецца ад чалавека да чалавека, і рызыка яе шырокага распаўсюджваньня невысокая. Акрамя таго, вакцынацыя супраць натуральнай воспы забясьпечвае высокі ўзровень абароны ад новага вірусу.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Што такое воспа малпаў і ці трэба турбавацца? 5 пытаньняў і адказаў

Сусьветная арганізацыя здароўя (САЗ) склікала Камітэт па надзвычайных сытуацыях з прычыны распаўсюджваньня воспы малпаў.