У праекце «Ворагі рэжыму» мы размаўляем зь людзьмі, якіх найбольш баяцца беларускія ўлады. Гэтая гутарка — з заснавальнікам кампаніі збору сродкаў для дапамогі ByHelp і сузаснавальнікам ініцыятывы BySol Аляксеем Лявончыкам, якога беларускія ўлады абвінавачваюць у фінансаваньні экстрэмісцкай дзейнасьці і шэрагу іншых злачынстваў. Паводле цяперашняга беларускага заканадаўства яму пагражае да 8 гадоў пазбаўленьня волі.
Таксама ў праекце чытайце: «Самая дарагая мая рэч — ноўтбук за 1500 эўра». Вялікая размова з кіраўніком BySol Андрэем Стрыжаком у праекце «Ворагі рэжыму»Як гаворыць сам Аляксей Лявончык, да 2020 году ён ні разу не сутыкаўся з крымінальным перасьледам. Аднойчы ў канцы «нулявых» перайшоў вуліцу на чырвонае сьвятло, давялося заплаціць «нейкія капейкі» штрафу. Лявончык прызнаецца, што цяпер часам трапляе ў пастку, калі бачыць у візавых анкетах пытаньне пра заняткі тэрарызмам альбо экстрэмізмам. Бо, з аднаго боку, трэба адказваць шчыра, а з другога — беларускія ўлады яго абвінавачваюць у фінансаваньні экстрэмісцкай дзейнасьці.
«Падазраю, што мае артыкулы фармальна цягнуць гадоў на восем, — кажа Аляксей. — Але фактычна вы ж бачыце, што адбываецца з Андрэем Аляксандравым (мэдыямэнэджар, якога абвінавачваюць сярод іншага ў „здрадзе дзяржавы“. — РС), які дапамагаў нам выплачваць на пачатку пэўную колькасьць штрафаў. Яму па выніку павесілі і фінансаваньне, і здраду дзяржаве. Таму я падазраю, што на мяне таксама можна здраду дзяржаве вешаць. Ня ведаю, чаму таварышы такія сьціплыя.
Хутчэй за ўсё, каб я папаўся ім у рукі, на мяне навешалі б яшчэ некалькі артыкулаў. Пакуль што я дзіўным чынам экстрэміст, але падазраю, што і тэрарыстам магу стаць».
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Журналісту Андрэю Аляксандраву выставілі абвінавачаньне ў дзяржаўнай здрадзеКлясычная інтэлігенцкая сям’я
«Я нарадзіўся ў Менску, — расказвае пра сябе Аляксей. — Гэта была клясычная савецкая інтэлігенцкая сям’я. У першыя гады мяне пастаянна вазілі між Менскам і Армэніяй. Там я разам з армянскімі дзецьмі хадзіў у садок і навучыўся армянскай мове. Але цяпер ужо ня памятаю нічога. Дзяцінства ў Беларусі зьвязанае з успамінамі пра матчынага бацьку, майго дзеда. Ён марыў, што я буду мець кар’еру матэматыка. Потым мы яшчэ ў Пецярбургу пажылі, а калі разваліўся СССР, то пераехалі на стала ў Беларусь».
Аляксей кажа, што яму зь дзяцінства падабалася ўсё, што можна «патлумачыць лягічна».
«Было аналітычнае мысьленьне ад пачатку, — успамінае ён. — Размоўная ангельская была кепская, і зараз я дзіўлюся, чаму. Магчыма, пытаньне не ўва мне, а ў выкладчыку. Граматыка мне падабалася, а вось размоўная мова не. Матэматыка падабалася, гісторыя, гісторыя Беларусі. Не скажу, што я быў вялікім прыхільнікам усяго беларускага на той момант. Хутчэй наадварот. У Армэніі на вуліцах размаўлялі па-армянску, у сям’і мы гаварылі па-расейску. Але маці мне падкідвала кніжкі на беларускай мове. Я на той момант страшна з гэтага пляваўся».
Аляксей гаворыць, што з выкладчыкамі беларускай гісторыі яму шанцавала. Усюды, дзе ён вучыўся, яе выкладалі сапраўды добра і даводзілі, што гісторыя Беларусі адрозьніваецца ад расейскай і савецкай.
«Спартовым дзіцем я ня быў, — працягвае Лявончык. — Памятаю, што калі мы гулялі ў баскетбол, то мяне заўсёды прымусова ставілі. Быў такой „пятай нагой“. А ва ўнівэрсытэце ў нас быў выкладчык з Сэрбіі. Ён прасоўваў гэта, і я паступова пачаў гуляць. На чацьвёртым курсе мне наступілі на нагу падчас гульні і разламалі ўсе пяць прамянёвых касьцей. Два месяцы я ляжаў, потым паступова пачаў хадзіць. Гуз на назе дагэтуль застаўся, косткі зрасьліся няправільна».
«На эканамічны факультэт БДУ пайшоў, бо гэта было «пантова»
Пасьля школы Аляксей Лявончык паступіў у БДУ на факультэт эканомікі.
«На той момант неяк і выбару асабліва не было, — кажа Лявончык. — Я ня ведаў, як выяжджаць з краіны, спакойна сядзеў на месцы. Працу першую знайшоў, якая прыносіла невялікія грошы, 180 даляраў на месяц. Я крыху знаўся на „эксэлях“, прымітыўных базах дадзеных. Пайшоў працаваць на прадпрыемства, тады гэта ганарова называлася сысадмінам. Жыў з бацькамі, былі свае грошы. Усё цудоўна. Таму пайшоў на эканаміста».
Аляксей Лявончык прызнаецца, што ў пачатку «нулявых» эканоміка была «пантовай» спэцыяльнасьцю, што таксама адыграла сваю ролю ў выбары факультэту. Там быў вельмі высокі прахадны бал, і Аляксея самога зацікавіла, ці ж ён зможа яго адолець.
«Там мяне таксама чакалі прыгоды, — успамінае Аляксей. — Бо ўсё, што датычылася тэарэтычнай эканомікі, мне вельмі падабалася. Я кайфаваў на занятках. А вось прадметы, зьвязаныя з рэальнай эканомікай, — гэта быў проста капец. Дэканам у мяне быў Кавалёў (Міхаіл Кавалёў — прафэсар БДУ, які актыўна падтрымлівае дзеяньні беларускіх уладаў у афіцыйных СМІ. — РС), які цяпер пайшоў па кар’ернай лесьвіцы. Лукашэнкаўскі прыхільнік. Але ён ствараў праграмы абмену, стараўся нешта сучаснае нам прышчапіць».
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Сьледчы камітэт завёў крымінальную справу на Аляксея Лявончыка і патлумачыў, чаму заблякаваў сродкі BY_help«Мая зацікаўленасьць беларушчынай была на ўзроўні „Я люблю Караткевіча“»
Лявончык гаворыць, што вучоба ў ВНУ яму таксама хутка надакучыла. Усе цікавыя прадметы скончыліся ўжо пад канец другога курсу. Сапраўднай практыкі на сучасных прадпрыемствах не было. Па прафэсіі ў выніку ён амаль і не працаваў. Пасьля вучобы толькі крыху пабыў бухгальтарам у прыватнай фірме. Але важная для далейшага жыцьця падзея здарылася зь ім яшчэ падчас вучобы.
«На трэцім курсе мне ўсё канчаткова надакучыла і я празь Міжнародную арганізацыю студэнтаў, якія вывучаюць эканоміку і кіраваньне (AIESEC), зьехаў на стаж у Індыю, — расказвае Лявончык. — Прайшоў конкурс, увайшоў у сыстэму і зьехаў. Адной кампаніі быў патрэбен расейскамоўны чалавек у аддзел продажаў, каб працаваць з Казахстанам. Грошы так сабе былі, але прыкол быў не ў грашах. Я падцягнуў мову, хаця атрымаў страшэнны індыйскі акцэнт, ад якога пасьля пазбаўляўся. І яшчэ я ў Індыі вывучыў беларускую. Бо мяне сустрэў мой папярэднік на пасадзе. Я яму нешта на беларускай напісаў, а ён кажа: „Это что за язык? Пішы па-чэлавечаскі“. Мяне абурыла гэта. І я пачаў вучыць беларускую мову, бо я на той момант ёй не карыстаўся. Мая зацікаўленасьць беларушчынай была на ўзроўні „люблю Караткевіча“».
Пасьля Індыі ў Аляксея былі працоўныя паездкі на Блізкі Ўсход і ў Нямеччыну. У Беларусь прыяжджаў раз на палову сэмэстра, вучоба ва ўнівэрсытэце працягвалася завочна. Як прыгадвае Лявончык, яму тады пашанцавала двойчы. Першы раз, бо завочнае навучаньне на той момант дазваляла пазьбегнуць службы ў войску. Праўда, на абарону свайго дыплёма Лявончык спазьніўся празь перанос авіярэйсу з Пакістана, давялося абараняцца празь месяц. Другі раз пашанцавала, калі будучы «вораг рэжыму», падпісваючы абходны ліст, ненаўмысна пазьбег паходу ў ваенкамат.
«Я свой дыплём атрымаў раней, бо хацеў падацца на конкурс у амэрыканскі ўнівэрсытэт і мне трэба было яго аддаць на пераклад, — успамінае Аляксей. — А пасьля забыў вярнуць ім яго. І атрымалася, што я абыходжу ўсе пункты з падпісным лістом, і да мяне даходзіць: навошта я гэта раблю, калі дыплём ужо ў мяне на руках? У ваенкамат не пайшоў і яны пра мяне проста забыліся. А калі ўспомнілі праз год, я ўжо вучыўся ў Польшчы ў магістратуры. Тады гэта таксама дазваляла атрымаць адтэрміноўку. Ну і так дайшло да таго, што я вучыўся пастаянна, пакуль прызыўны ўзрост не скончыўся».
«Больш карысьці ад мяне атрымалася за мяжой»
Зь Беларусі Аляксей Лявончык канчаткова зьехаў у 2013 годзе. Па яго словах, на гэтае рашэньне паўплывала і цікавасьць з боку КДБ пасьля выбараў 2010 году, і агульны кірунак разьвіцьця дзяржаўнай сыстэмы ў Беларусі. Перад выбарамі 2010 году ён ужо працаваў у чэскай арганізацыі Transitions, якая спрыяе разьвіцьцю мэдыя ў Беларусі, Украіне і іншых постсавецкіх дзяржавах. Вырашыў працягваць сваю дзейнасьць з-за мяжы.
«Пасьля 2010 году ў Беларусь я прыяжджаў у 2013-м, — расказвае Аляксей. — Але зноў былі спробы КДБ са мной зьвязацца; нехта намякнуў, што можа быць крымінальная справа, і я падумаў сабе — соры, як-небудзь давайце бяз гэтага. Як паказала практыка, больш карысьці ад мяне атрымалася за мяжой. Хацеў вярнуцца ў 2015-м, мы тады пачалі фандрайзінг для выдавецтва „Логвінаў“. Яму далі штраф у 60 тысяч даляраў. Інструмэнтаў асаблівых не было, прыдумалі мэханізм „даляр за лайк“. Думаў, што зьбяром так 2 тысячы, сабралі 4,5. Пасьля арт-аўкцыён запусьцілі першы ў Беларусі, сабралі значную суму. Палову штрафу ў выніку мы сабралі, рэшту дадаў бізнэс».
Аляксей кажа, што перадумаў вяртацца ў Беларусь акурат таму, што пачаў займацца зборам сродкаў. Нешта яму падказала, што акурат гэтая сфэра можа вельмі зацікавіць спэцслужбы ў будучыні. Па словах Лявончыка, нават лібэралізацыя 2013-2019 гадоў не пераканала яго ў тым, што беларускі рэжым здольны мяняцца.
У 2010 годзе ён быў на Плошчы, бачыў усё на свае вочы. Прызнаецца, што ў нейкі момант нават падумаў, што будзе піць шампанскае. Але пасьля пачаліся разгромы выбарчых штабоў, арышты актывістаў. Сам ён перад выбарамі дапамагаў адной з актывісцкіх груп ствараць сайт і каналы сувязі.
«Мне заўсёды здавалася, што з гэтым рэжымам трэба быць максымальна акуратным, — кажа Аляксей. — Як аказалася, я меў рацыю. Таму не. Былі таксама нейкія дзіўныя званкі на тэлефон з прапановай вярнуцца пагаварыць. Мне было чым заняцца за мяжой. Потым здарыўся „Байхэлп“ 2017-га (фонд зьбіраў грошы для дапамогі тым, хто пацярпеў падчас „дармаедзкіх пратэстаў“. — РС). Сабралі 50 тысяч эўра тады. Пасьля пайшло далей».
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «За мяжой „беглыя“ не схаваюцца». Як дыктатары помсьцяць тым, хто пасьпеў уцячы ад палітычных рэпрэсій«Пакуль піў восем куфляў піва, людзі накідалі восем тысяч»
Аляксей Лявончык расказвае, што толькі праз Facebook за ўвесь час збору грошай па розных кампаніях сабраў 2 504 539 фунтаў. Гэта толькі на сваё імя. Праз Facebook грошы Лявончык пачаў зьбіраць, калі пачалася так званая «справа БелТА». Тады змаглі сабраць 10 тысяч эўра на дапамогу журналістам, абвінавачаным у крадзяжы публікацый дзяржаўнага інфармагенцтва. Хоць сам Аляксей думаў, што не зьбярэ ўвогуле нічога.
«Сядзеў у пабе ў Лёндане, напісаў пост пра збор грошай, — расказвае Лявончык пра першы збор ByHelp. — А надвор’е ў Лёндане ў той час было так сабе, дождж ішоў. Выходзіць не хацелася. То я і выпіў восем куфляў піва. Пакуль піў, людзі восем тысяч накідалі. Я цяпер жартую пастаянна пра восем піваў і восем тысяч».
За ўсе гады, кажа Аляксей, праз ініцыяваныя ім кампаніі збору грошай прайшлі мільёны. Толькі праз апошнюю кампанію ByHelp амаль 5 мільёнаў даляраў (сродкі прызначаліся для дапамогі пацярпелым ад рэпрэсій лета і восені 2020 гадоў. — РС). Цалкам падлічыць усе сумы складана. Фонд BySol Андрэя Стрыжака (створаны для дапамогі тым, хто быў пазбаўлены працы альбо месца вучобы з палітычных прычынаў. — РС) таксама ствараўся пры саўдзеле Аляксея Лявончыка, але іх сродкі ў падлікі Аляксея не ўваходзяць.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Андрэй Стрыжак: «Кампаніі BySol і Byhelp сумесна перадалі людзям каля 7 млн эўра»«Думаў, напусьцяць мянтоў, паламаюць пару рук, будзе жах. Але такога не чакаў»
Расказвае Аляксей і пра спробы КДБ устанавіць зь ім кантакты. Адбылося гэта за некалькі гадоў да Плошчы-2010.
«Пазваніў нейкі малады гэбэшнік, прапанаваў пагаварыць, — кажа Лявончык. — Я тады асабліва ня ведаў, што да чаго. Запрасіў яго ў рэстаран. Ён сядзеў, бедны, пускаў сьліну. Я ж не зьбіраўся за яго плаціць. Мямліў нешта. Я зрабіў выгляд спалоханага чувака. Потым ён яшчэ званіў некалькі разоў, я не адказваў. Так усё і спынілася. Да 2013-га, калі пазваніў чалавек і сказаў: „Хадзем пагаворым, а то нешта здарыцца“. Я не пайшоў».
Лявончык прызнаецца, што на момант ад’езду з краіны ў 2013-м не разумеў, як надоўга пакідае Беларусь. Думаў, што будзе, як у 2010-м, максымум на некалькі гадоў. Апошні раз парываўся вярнуцца перад выбарамі 2020-га, калі было ўражаньне чарговай лібэралізацыі.
«Тое, што адбылося далей, было ўсеагульным пратэстам, — кажа Лявончык. — Я калі гэта пабачыў, то падумаў, што зараз усё будзе альбо вельмі дрэнна, альбо вельмі добра. І яно атрымалася вельмі дрэнна. Катаваньні на Акрэсьціна, усё іншае... Я не чакаў такога. Думаў, што будзе 2010 год. Напусьцяць мянтоў, паламаюць пару рук, будзе жах. Але такога жаху не чакаў. Вядома, усё гэта выклікала контрарэакцыю з майго боку».
Па словах Аляксея Лявончыка, у Беларусі ў яго цяпер няма нічога, што б дзяржава ў выпадку жаданьня магла лёгка канфіскаваць. Ён мае нерухомасьць толькі за мяжой — пасьля пераезду ў Лёндан купіў кватэру ў крэдыт. Лявончык кажа, што працягвае працаваць, як і раней, — кансультуе ў галіне мэдыясфэры, займаецца навучаньнем журналістаў і іншымі падобнымі рэчамі.
«Атрымліваю кансалтынгавыя ганарары за гэта, — гаворыць Аляксей. — У Грузіі, з Украінай шмат працавалі ў гэтым кірунку. Таксама ганарары за кансультацыі па фандрайзінгу. Ганарары някепскія. ByHelp дазволіў назапасіць ведаў, якія запатрабаваныя за межамі Беларусі. Я б не сказаў, што мой прыбытак моцна зьмяніўся ў параўнаньні з тым, які быў да жніўня 2020-га. Палову часу я прысьвячаю грамадзкай дзейнасьці, палову часу працую за грошы».
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Спынісься — затопчуць». Чаму Лукашэнка, разграміўшы ворагаў, не спыняе палітычных рэпрэсій«На пэнсіі хачу працаваць у Інстытуце нацыянальнай памяці, займацца люстрацыяй»
Аляксей Лявончык кажа, што ў Брытаніі збольшага адчувае сябе ў бясьпецы. Усхваляваўся толькі пасьля выпадку з самалётам Пратасевіча, які зрабіў пасадку ў Менску пасьля таго, як беларускі дыспэтчар паведаміў пілётам аб магчымай бомбе на борце. Аляксей прызнаецца, што мае падвышаную трывожнасьць і гэта пэрыядычна яму дадае эмоцый.
«Вось Андрэя Кузьнечыка асудзілі на шэсьць гадоў (журналіст Радыё Свабода, асуджаны на 6 гадоў пазбаўленьня волі за нібыта арганізацыю і ўдзел у «экстрэмісцкім фармаваньні». — РС), — гаворыць Лявончык. — Суд доўжыўся тры гадзіны. Такія рэчы «страляюць». У нас жа ў Беларусі людзі застаюцца. Маем асобныя групы ў Telegram, я пэрыядычна правяраю, як сытуацыя. Пішам кодавыя словы. Калі нехта вельмі доўга не адказвае, у мяне адразу асацыяцыі са справай Аляксандрава. Бо перад самым арыштам Аляксандрава я яму напісаў, ці ўсё ў яго ў парадку. І насупраць майго паведамленьня стаяла адна птушачка. Гэта азначае, што паведамленьне дайшло да сэрвэра, але не да атрымальніка. Так з Аляксандравым упершыню было тады. Андрэй нам дапамагаў. Дзякуй Богу, пасьля ў нас арыштаў больш не было».
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Журналісты гуляюць у футбол на мінным полі». Расказваем пра тых, каго судзяць у «справе БелаПАН»Пра пэнсію Аляксей Лявончык ня думае. Кажа, што хоча працаваць да самай сьмерці, як ягоны дзед. Найлепшай заняткам «пасьля 60» Лявончык бачыць працу ва ўстанове кшталту польскага Інстытуту нацыянальнай памяці, які займаецца выкрыцьцём злачынцаў пэрыяду сацыялізму і пытаньнямі люстрацыі.
«Я ўжо нажыў шмат ворагаў, нават з таго ж боку, да якога належу сам, — кажа Лявончык. — Таму заняткі люстрацыяй мяне не палохаюць. Люстрацыю трэба зрабіць. Я не пра тое, каб пасадзіць усіх. Пачынаць трэба з галавы. Давайце будзем рэалістычнымі, ніколі ніхто ня зможа дабрацца да ўсіх міліцыянтаў, якія ўдзельнічалі ў рэпрэсіях. Але трэба заняцца тымі, хто аддаваў загады гэта рабіць. Пасьля трэба займацца тымі, хто біў і забіваў. А ўжо калі хопіць часу, то ўсімі астатнімі».
Аляксей дапускае, што ў Беларусі пасьля пераменаў будуць запатрабаваныя людзі, якія цяпер працуюць у дзяржаўных структурах.
«Прагматызм мусіць быць, — гаворыць ён. — У тым жа МЗС працуе шмат прыстойных людзей. Я не кажу пра Глаза (прэс-сакратар МЗС, вядомы скандальнымі заявамі пасьля жніўня 2020-га; Італія адмовілася прымаць яго ў якасьці амбасадара Беларусі. — РС). Хоць мо і ён прыстойны, нягледзячы на тое, што піша ў фэйсбуку. У МЗС ёсьць і іншыя людзі. Што трэба зрабіць з Лукашэнкам? Арыштаваць і аддаць пад беларускі суд. Не Гаага, а менавіта беларускі. Ён павінен прайсьці гэта тут».
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Гандляваць зь людажэрам? Двубой Лявончыка і Тышкевіча пра мараль і realpolitik