Ёй пагражае да 7 гадоў пазбаўленьня волі. Хто гэтая жанчына, якую абвінавачваюць у стварэньні экстрэмісцкага фармаваньня і арганізацыі масавых беспарадкаў?
Як сьцьвярджае Сьледчы камітэт, пры расьсьледаваньні крымінальнай справы нібыта атрыманыя доказы, што менавіта Слаўнікава была кіраўніцаю «Белсату», прызнанага ў Беларусі «экстрэмісцкім фармаваньнем».
Мела від на жыхарства ў Нямеччыне, але вярнулася ў Беларусь
Ірына Слаўнікава нарадзілася ў Гомлі ў сям’і вайскоўца. Паводле адукацыі яна эканаміст, скончыла «наргас» (цяперашні Беларускі дзяржаўны эканамічны ўнівэрсытэт). Працавала эканамістам у камэрцыйных фірмах. У сярэдзіне 1990-х трапіла на пасаду бухгальтаркі ў газэту «Беларуская маладзёжная» і паступова захапілася журналістыкай.
На пачатку 2000-х Ірына зьехала з бацькамі ў Нямеччыну, атрымала від на жыхарства, жыла ў Нюрнбэргу, але вытрымала там толькі год — вярнулася ў Беларусь. У інтэрвію Радыё Свабода ў 2003 годзе Ірына тлумачыла:
«Усё роўна я буду адчуваць сябе эмігранткай. Там проста нецікава і сумна. Там у мяне пастаянна была дэпрэсія, нічога не хацелася рабіць, нікога бачыць, таму я вярнулася сюды, у Беларусь... Туды — толькі ў госьці. Жыць трэба тут, на Радзіме, і спрабаваць штосьці зьмяніць».
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Ірына СлаўнікаваКалі быў створаны тэлеканал «Белсат», Ірына пайшла працаваць туды. Пэўны час працавала на праваабарончай праграме «Маю права». Аднак на момант затрыманьня журналістка ўжо працяглы час не супрацоўнічала зь «Белсатам», а была штатнай супрацоўніцай польскага тэлеканалу TVP.
Блізкія кажуць, што ў Ірыны абвостранае пачуцьцё справядлівасьці. Сябры ўзгадваюць, як у дзень выбараў 9 жніўня 2020 году Ірыну бліжэй да вечара прэвэнтыўна затрымалі. Прывезьлі ў РУУС, на ўсе патрабаваньні патлумачыць, за што яе трымаюць, нічога ўцямнага не сказалі. Як толькі прайшлі тры гадзіны, Слаўнікава ўстала, заявіла, што паводле закону трымаць яе больш ня маюць права, і пайшла з РУУС. Міліцыянты былі настолькі агаломшаныя, што ніхто нават не адважыўся яе спыніць.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Алег Грузьдзіловіч 10 дзён ужо прабыў у штрафным ізалятары. Верагодна, ён зноў трапіў у ШЫЗАПрацэс над Ірынай Слаўнікавай будзе закрытым. Сябры мяркуюць, што ўлады проста баяцца Ірыну.
«І сьледчы, і дзяржабвінаваўца, і судзьдзя Доля, які выносіў прысуды Ціханоўскаму, Статкевічу, Лосіку, а зараз будзе судзіць Слаўнікаву — яны, я перакананая, баяцца выглядаць бледна на яе фоне пры людзях, якія прыйдуць падтрымаць Ірыну, таму і зрабілі суд закрытым», — кажа яе сяброўка Галіна.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Палітвязень Лосік знайшоўся: журналіста Свабоды этапавалі ў наваполацкую калёніюЗахапляецца дайвінгам, вандруе па экзатычных краінах
Ірына вельмі любіць вандраваць, наведваць розныя краіны (пабывала, акрамя эўрапейскіх краін, у Занзыбары, Кітаі, Мэксыцы, Эгіпце). Захапляецца дайвінгам, расказвае яе аднакурсьніца і сяброўка Галіна.
«Гэта яна падаравала мне першую маску і трубку для ныраньня, а пасьля плаваньня з тыгравымі акуламі ў Мэксыцы пацягнула вучыцца дайвінгу. Усе нашы самыя незвычайныя вандроўкі ў экзатычныя краіны — гэта яе ініцыятыва. У яе ёсьць талент знаходзіць туры „на край сьвету“ па вельмі даступных коштах. „Галя, ты не падрыхтавалася“ — казала яна мне, калі мы прызямліліся, напрыклад, на Хайнані, і пачынала расказваць гісторыю вострава», — узгадвае сяброўка Слаўнікавай Галіна.
Вельмі любіць жывёлаў, асабліва катоў
Сябры ўзгадваюць сьмешны выпадак, як Ірына на шпільках і ў міні-спадніцы ганялася за варонай, адбіваючы ў яе маленькага верабейку. Сябе яна называе «кацінай мамай».
Спачатку ў Ірыны жыла котка рэдкай пароды «арыентал», якую завуць Прынцэса Саці. Другога ката — Эпсіка, беспароднага Эпсілона, муж Ірыны знайшоў у траве сьляпым кацянём і прынёс дадому. Ірына яго выкормлівала, выходжвала, насіла з сабой на працу, бо яго трэба было карміць кожныя тры гадзіны. Для кацяняці меркавалі знайсьці новых гаспадароў. Але так атрымалася, што кот застаўся ў іх. Цяпер дваровы кот Эпсілон і пародзістая арыенталка Саці жывуць у Ірыніных бацькоў.
У Ірыны ёсьць дарослы сын Міхал.
Ірыну Слаўнікаву і яе мужа Аляксандра Лойку затрымалі 30 кастрычніка 2021 году ў аэрапорце Менску, калі яны вярталіся з адпачынку з Эгіпту. Спачатку абаіх асудзілі на 15 сутак за «публікацыю ў Facebook экстрэмісцкага кантэнту».
Гаворка ішла пра матэрыялы «Белсату» пэрыяду, калі тэлеканал яшчэ ня быў прызнаны экстрэмісцкім. Праз 15 сутак іх не адпусьцілі, павезьлі ў іншае РУУС, перазатрымалі нібыта «за дробнае хуліганства» і зноў далі па 15 сутак арышту. 26 лістапада 2021 году Ірыну Слаўнікаву прызналі падазраванай па крымінальнай справе і перавялі ў сьледчы ізалятар № 1 на «Валадарку». Праваабаронцы прызналі яе палітзьняволенай.
Першапачаткова Слаўнікавай выставілі абвінавачваньне паводле артыкула 342 КК РБ, частка 1 — «арганізацыя групавых дзеяньняў, якія груба парушаюць грамадзкі парадак». Потым журналістку абвінавацілі яшчэ і ў «стварэньні экстрэмісцкага фармаваньня» (арт. 361, частка 1).
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: За кратамі, бо журналісты