Патрушаў заявіў, што Расея адрэагуе на «варожыя» дзеяньні літоўскіх уладаў. «Меры прапрацоўваюцца ў міжведамасным фармаце і будуць прыняты ў найбліжэйшы час. Іх наступствы акажуць сур’ёзны нэгатыўны ўплыў на насельніцтва Літвы», — прыводзіць яго словы Інтэрфакс.
На думку Патрушава, «блякада» з боку Літвы паходзіць «з падачы краін Захаду». Гэты прыклад, заявіў ён, «паказвае, што нельга давяраць ня толькі вусным заявам Захаду, але і пісьмовым таксама».
Літва абвясьціла, што з 18 чэрвеня спыніла чыгуначны транзыт часткі грузаў з асноўнай тэрыторыі Расеі ў Калінінград у адпаведнасьці з санкцыямі ЭЗ. Намесьнік кіраўніка МЗС Літвы Мантас Адаменас раней адзначыў, што Літва чакае ад Эўракамісіі тлумачэньняў адносна выкарыстаньня эўрапейскага санкцыйнага рэжыму.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Літва спыніла транзыт часткі расейскіх грузаў у Калінінградзкую вобласьцьМЗС Расеі 20 чэрвеня запатрабавала ад Літвы «неадкладнай адмены» забароны на чыгуначны транзыт грузаў. Для гэтага ў ведамства выклікалі кіраўніцу літоўскай дыпляматычнай місіі Віргінію Умбрасене. «Калі ў хуткім часе грузавы транзыт паміж Калінінградзкай вобласьцю і астатняй тэрыторыяй РФ празь Літву ня будзе адноўлены ў поўным абʼёме, то Расея пакідае за сабой права на дзеяньні па абароне сваіх нацыянальных інтарэсаў», — было сказана ў прэс-рэлізе зьнешнепалітычнага ведамства.
МЗС Літвы пазьней накіравала часоваму паверанаму ў справах Расеі Сяргею Рабаконю ноту, дзе гаворыцца, што пасажыры і тавары, на якія не распаўсюджваецца санкцыйны рэжым ЭЗ, працягваюць перавозіцца па тэрыторыі Літвы ў Калінінградзкую вобласьць і зь яе. «Літва ня ўводзіла ніякіх аднабаковых, індывідуальных або дадатковых абмежаваньняў на гэты транзыт. Літва пасьлядоўна рэалізуе санкцыі ЭЗ, якія маюць розныя пераходныя пэрыяды і тэрміны ўступленьня ў сілу», — гаварылася ў паведамленьні літоўскага МЗС.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Літва ўзмацняе кантроль за перасячэньнем мяжы з боку Беларусі. У чым прычына