Ня так даўно на дзяржаўных каналах у інтэрнэце пачалі распаўсюджваць відэа з мамай Аляксея, дзе яна асуджае дзейнасьць сына. У інтэрвію Свабодзе «Оскар» падзяліўся сваім бачаньнем і гэтай сытуацыі.
«Проста ведаў, што пайду вучыцца на кухара»
— Раскажыце крыху пра сябе, адкуль вы родам, дзе вучыліся.
— Нарадзіўся ў вёсцы Клыпаўшчына Койданаўскага раёну. Але гадаваўся ў мястэчку Краснае Маладачанскага раёну, там скончыў школу. Вучыўся ў Менскім дзяржаўным прафэсійна-тэхнічным каледжы кулінарыі. Потым працаваў па спэцыяльнасьці — кухарам. Працаваў у асноўным у Маладэчне.
— Адкуль такое захапленьне кухарствам?
— Вельмі падабалася гатаваць, глядзець, як гатуюць, здавалася гэта цікавым заняткам. Таму я нават асабліва ня думаў, куды мне паступаць, проста ведаў, што пайду вучыцца на кухара. Я б не сказаў, што ў мяне ёсьць фірмовыя стравы. Мне падабаецца гатаваць тое, што я ніколі яшчэ не рабіў, і частаваць гэтым людзей.
«Севярынец — найлепшы варыянт для прэзыдэнта»
— Як трапілі ў «Малады фронт»?
— Гэта адбылося пасьля знаёмства зь Дзянісам Урбановічам і Паўлам Севярынцам напрыканцы 2019 году. Я тады ўдзельнічаў у антыінтэграцыйных акцыях пратэсту. На той момант я яшчэ ня быў ні ў якіх арганізацыях, мяне разьюшыў сам факт, што Лукашэнка гандлюе нашай незалежнасьцю. Вырашыў, што нам трэба супрацьстаяць акупацыі краіны. Калі Севярынец браў удзел у праймэрыз, то я далучыўся да ягонай групы.
— Як ставіцеся да Севярынца?
— Гэта вельмі шчыры і сумленны чалавек. У яго вачах я бачыў полымя. Я мог верыць Севярынцу і разумець, што ён зычыць Беларусі толькі лепшай будучыні. Перакананы, што Севярынец быў бы найлепшым варыянтам для Беларусі як прэзыдэнт.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: У ІТ, на вайне, у турме. Дзе цяпер маладафронтаўцы розных пакаленьняў
— Па-беларуску з таго часу гаворыце?
— Да 2019 году я асабліва не карыстаўся беларускай мовай, але потым прыйшло разуменьне, што трэба размаўляць па-беларуску. Мова — адна з тых рэчаў, якая адрозьнівае нас ад расейцаў, таму нам патрэбна ёю часьцей карыстацца, ганарыцца ёю. У інтэрнэце хапае крыніц, дзе можна навучыцца беларускай. На ютубе таксама кантэнту па-беларуску дастаткова — было б жаданьне.
«У вёсцы была акцыя пратэсту»
— Удзельнічалі ў пратэстах 2020 году?
— Так, быў амаль на ўсіх акцыях, апроч самых першых. Справа ў тым, што мяне затрымалі 9 жніўня, калі быў назіральнікам у Маладэчне, і да 12 жніўня я прабыў у мясцовым ІЧУ. Затрыманых у Маладэчне было вельмі шмат, усё было перапоўнена. Удзельнічаў ня толькі ў Менску, але і Маладэчне, і ў сваёй вёсцы.
— У вёсцы? Гэта як?
— Я ня ведаю, як так атрымалася, усё было спантанна. Я сядзеў у кватэры бацькоў у Красным, чую, што за вокнамі сыгналяць машыны. Калі я зразумеў, у чым справа, то схапіў свой бел-чырвона-белы сьцяг, выбег на вуліцу і далучыўся да людзей, якія сталі ў ланцуг.
— Вы ж пасьля сядзелі на сутках?
— Мяне затрымалі ў кастрычніку на Арлоўскай у Менску. Проста перад намі выехаў аўтазак, адтуль пачалі выскокваць амапаўцы. Я забег у двары, спрабаваў уцячы, але паваліўся. Мяне затрымалі, зьбілі, расьсеклі галаву. Далі пятнаццаць сутак, двое адседзеў на Акрэсьціна, а потым мяне перавялі ў Жодзіна. На той момант умовы яшчэ былі звычайныя для такіх месцаў. Былі матрацы, але на іх нельга было ляжаць днём.
— У адным відэа вы казалі, што была заведзеная крымінальная справа. За што?
— Калі нічога ня блытаю, то гэта артыкул 342 — «Удзел альбо арганізацыя дзеяньняў, якія груба парушаюць грамадзкі парадак». Усё пачалося з таго, што перад Новым годам мне пазванілі зь Сьледчага камітэту Цэнтральнага раёну Менску. Сказалі, што мне трэба зьявіцца на допыт абавязкова да Новага году. Я сказаў, вы ж можаце падманваць ці разыгрываць мяне, дасылайце позву. Празь нейкі час прыйшла позва, дзе я быў названы падазраваным у крымінальнай справе. Сябры параілі мне зьехаць хаця б на нейкі час. Тады яшчэ былі самалёты, хуценька сабраў рэчы і паляцеў у Кіеў. Чакаў моманту, калі можна будзе вярнуцца, але ўсё зацягнулася.
«Давялося ўсяму вучыцца»
— Чым займаліся ў Кіеве?
— Я там дастаткова добра абжыўся. Працаваў кухарам у рэстаране грузінскай кухні. Спэцыялізаваўся па хінкалі. Для мяне заробкі былі цалкам прымальныя, я там атрымліваў у два разы больш, чым у Беларусі. Мне на жыцьцё хапала.
— Памятаеце дзень 24 лютага?
— Прачнуўся а шостай раніцы праз тое, што мне званіў Дзяніс Урбановіч са словамі, што пачалася вайна. Я быў сонны і ні халеры не разумеў. Пачуў выбухі дзесьці ў суседнім раёне, тады прачнуўся, стаў думаць, што рабіць далей. Мы зьвязаліся са знаёмымі хлопцамі і вырашылі, што трэба ваяваць і абараняць Украіну. На наступны дзень мы спрабавалі запісацца ў тэрытарыяльную абарону. Прастаялі ў чарзе сем гадзін, але акурат на нас скончыліся патроны. Нам сказалі, выбачайце, хлопцы, але без патронаў зброю выдаваць ня будзем. Некалькі дзён мы праседзелі па дамах. А потым далучыліся да тэрытарыяльнай абароны «Азова», дзе сталі трэніравацца. Празь нейкі час з намі зьвязаўся хлопец зь беларускай роты і забраў да сябе.
— У вас нармальная фізычная падрыхтоўка была?
— Не. Ніякага вайсковага досьведу не было таксама. Давялося ўсяму вучыцца. Месцамі было цяжка, але я разумеў, што гэта неабходна. Інакш я ня вытрымаю ніводнай баявой задачы. Што тычыцца «Азова», то нічога такога звышнатуральнага, там былі звычайныя людзі, былі такія, у якіх было яшчэ горш зь фізычнай падрыхтоўкай, чым у мяне. Але мы ўсе хацелі паўдзельнічаць у вызваленьні Ўкраіны.
«Я не „касіў“»
— Беларуская прапаганда распаўсюджвае пра вас зьвесткі, што вы «касілі» ад войска. Гэта праўда?
— Я не «касіў». У той час у мяне былі пэўныя праблемы са здароўем. Войска я ўспрымаў так, што гэта могуць быць карысныя веды, але толькі ў тэорыі. На практыцы ж мне сябры казалі, што там няма чаго рабіць. Усе паўтара года з вайсковай справай ты амаль не кантактуеш, займаесься нейкай лухтой. Я не намагаўся пазьбегнуць службы ў арміі, але так атрымалася.
— Адкуль у вас пазыўны «Оскар»?
— Гэта прыйшло з сацсетак. У нейкі час я перастаў весьці старонку як асабістую, ад свайго імя, выкарыстоўваў яе як плэер. Тады я ўзяў сабе псэўданім, так і пачаўся «Оскар». Мне падабаецца гэтае імя, здаецца мне прыгожым. З таго часу амаль усе знаёмыя і сябры так мяне называюць. Я да гэтага імя звык.
«Пляны — гэта не непарушны канструкт»
— Калі было першае баявое заданьне?
— Прарыў на мяжы Херсонскай і Мікалаеўскай абласьцей. Тады я зразумеў: ня трэба спадзявацца, што ўсё пойдзе па пляне. У любую хвіліну ўсё можа пайсьці па адным месцы. Пляны — гэта не непарушны канструкт, яны ўвесь час зьмяняюцца. Шмат фактараў можа паўплываць на гэта.
— З нашай размовы складаецца ўражаньне, што вы даволі флегматычны чалавек. Вас цяжка выклікаць на эмоцыі. Думаю, паніка ці страх вам ня дужа ўласьцівыя.
— Магчыма. Я, мабыць, такі флегматычна-мэлянхалічны. Адносна страху нельга так сказаць. Нам, салдатам, таксама страшна. Ніколі ня ведаеш, што можа здарыцца. Заўсёды нехта можа загінуць, у тым ліку і ты. Але, здаецца, у нас усе гэта разумеюць і маюць добры настрой. Панікі дакладна няма, хлопцы трымаюцца малайцамі. Увесь час жартуем, выціскаем максымум з сытуацыі.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Мы ішлі ў бой і ведалі, што хтосьці з нас загіне». Добраахвотнік «Кусь» быў у БРСМ і ў выбарчых камісіях, а цяпер у палку імя Каліноўскага
— Прарыў на поўдні Ўкраіны быў пасьпяховы. Гэта дадала вам бадзёрасьці?
— Канечне, мы былі проста на піку свайго баявога духу. Былі ўражаныя, што так добра выканалі задачу. Гэта нас натхніла максымальна, усе былі вельмі задаволеныя. Без памылак не абышлося, але мы выканалі ўсё і зрабілі так, каб усе вярнуліся жывымі.
— Калі вяртаецеся ў Кіеў, то няма адчуваньня, што горад ужо жыве звычайным жыцьцём? І праблемы фронту яго ня вельмі хвалююць?
— Кіеў, канечне, жыве. Тут няма абстрэлаў. Гэта дзякуючы ў тым ліку і нашым намаганьням. Важна, каб людзі спакойна жылі. Калі ўся краіна, усе мужчыны будуць на вайне, то ня будзе каму працаваць на заводах, эканоміка проста стане. Важна, каб прыносіліся грошы ў эканоміку краіны. Калі грошай ня будзе, то гэта будзе вялізная праблема.
«Я зразумеў свой сэнс жыцьця»
— Што ў вас за татуіроўка на твары? Чаму напісана Suicide?
— Калі я быў маладзейшы, то ў мяне былі праблемы з псыхічным здароўем. Гэта быў мой пратэст супраць паўсядзённага жыцьця. У мяне была дэпрэсія, я ўвесь час сябе кепска адчуваў, ня ведаў, што буду далей рабіць па жыцьці. На гэтым фоне я зрабіў такую татуіроўку, як знак таго, што ў мяне ёсьць праблемы.
— Цяпер іх удаецца вырашаць?
— Скажам так, яшчэ ў 2019 годзе я зразумеў свой сэнс жыцьця — гэта вольная Беларусь, вызваліць краіну. Зрабіць так, каб працавалі законы, каб не саджалі ў турмы за словы.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Я бег да параненага пад мінамётным агнём». Беларус «Фрэдзі» расказвае, як на вайне працуюць парамэдыкі
— Далікатная тэма, але нядаўна зьявілася відэа з вашай мамай, дзе яна асуджае вашу дзейнасьць. Можаце гэта неяк ацаніць?
— Мне здаецца, што яе прымусілі мяне абгаварыць. Першыя яе словы былі пра тое, што я «мамчын сынок». Пасьля гэтага я выключыў відэа. У мяне не было жаданьня глядзець далей. Я ўсё зразумеў, бо ўвесь час намагаўся быць незалежны ад бацькоў, і мама пра гэта цудоўна ведае.