Толькі па Poland Business Harbour — для рэлякацыі ІТ-бізнэсаў і ІТ-спэцыялістаў — візы атрымалі 40 тысяч беларусаў, расказаў «Нашай Ніве» польскі дыплямат. Гуманітарных візаў Польшча выдала каля 35 тысяч.
Агулам Польшча выдала 340 тысяч візаў. Яшчэ прыкладна 310 тысяч — астатнія краіны Шэнгену.
«Пры гэтым колькасьць людзей, якія падаліся на атрыманьне гуманітарных візаў вясной 2022 году большая, чым восеньню 2020-га. Вайна з Украінай стала большым каталізатарам, чым рэпрэсіі 2020-га. Адбываецца вялізная нагрузка на дыпляматычны пэрсанал, бо заявак ад Беларусі шмат», — патлумачыў выданьню польскі дыплямат.
Дакладнай статыстыкі, колькі беларусаў пакінула краіну, няма. Ня ўсе, хто атрымлівае візу, у выніку застаюцца за мяжой. У той жа час нямала беларусаў пераехала ў краіны не шэнгенскай зоны: Грузію, Турэччыну, Чарнагорыю. Армэнія, Узбэкістан і Кіргізстан у 2022-м таксама ўпершыню сталі кірункамі міграцыі беларусаў.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Мы другі раз страцілі дом». Як беларусы ўцяклі ад рэпрэсій ва Ўкраіну і што робяць цяпер, калі ідзе вайна ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: 99% беларусаў-эмігрантаў у Польшчы не падтрымліваюць Лукашэнку, 94% — на баку Ўкраіны ў вайне. Вынікі апытаньня