«Пастаўкі заходняга ўзбраеньня пакрываюць усяго 10-15% патрэбаў». Ва Ўкраіне агучылі маштабы стратаў тэхнікі

У ходзе актыўных баёў Украіна губляе да 50% ваеннай тэхнікі, пры гэтым пастаўкі заходняга ўзбраеньня пакрываюць толькі 10-15% запатрабаваньняў Узброеных сіл Украіны.

Пра гэта ў інтэрвію National Defence распавёў намесьнік міністра абароны Ўкраіны па закупках Дзяніс Шарапаў і камандуючы лягістыкай Сухапутных войскаў УСУ Уладзімір Карпенка.

Паводле Карпенкі, страты ўкраінскага войска ў тэхніцы ў некаторых падразьдзяленьнях у выніку баёў з расейскімі войскамі могуць дасягаць 50%.

«На сёньняшні дзень мы маем прыкладна 30-40%, а часам і да 50% стратаў тэхнікі ў выніку актыўных баёў. Такім чынам, мы страцілі прыкладна 50 працэнтаў», — сказаў ён, удакладніўшы, што гаворка ідзе толькі аб цяжкім узбраеньні.

Паводле яго зьвестак, Украіна страціла 1300 баявых машын пяхоты (БМП), 400 танкаў, 700 артылерыйскіх сыстэм. Для параўнаньня: Украіна атрымала ад Захаду толькі 100 артылерыйскіх сыстэм.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Брытанскія М777, францускі «Цэзар», польскі «Краб». Якую замежную артылерыю выкарыстоўвае Ўкраіна ў вайне супраць Расеі. ФОТА

«Мы атрымалі вялікую колькасьць сыстэм узбраеньня, але, на жаль, пры такім масавым выдаткоўваньні рэсурсу яны пакрываюць толькі 10-15% нашых патрэбаў», — заявіў ён.

Шарапаў дадаў, што ўкраінскае войска мае патрэбу ў артылерыі, боепрыпасах, БМП, баявых машынах, танках, асабліва востра — у сыстэмах супрацьпаветранай абароны і рэактыўных сыстэмах залпавага агню. Таксама Ўкраіне патрэбныя сыстэмы высокадакладнай зброі, бо менавіта яны, па словах Шарапава, дадуць украінскім войскам перавагу над расейцамі.

Раней прэзыдэнт Украіны Уладзімір Зяленскі заявіў, што ад паставак зброі Ўкраіне залежыць хуткасьць дэакупацыі тэрыторый краіны і любыя прамаруджваньні ў гэтым пытаньні пагражаюць стагнацыяй на фронце.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Байдэн афіцыйна абвясьціў аб новым пакеце вайсковай дапамогі Ўкраіне
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Збожжа ў абмен на зброю. Ва Ўкраіне расказалі аб умовах паставак хлеба на замежны рынак