Украіна зрабіла цывілізацыйны выбар. У Беларусі ён яшчэ наперадзе

17 чэрвеня Эўракамісія рэкамэндавала даць Украіне статус кандыдата на ўступленьне ў ЭЗ. Гэтае рашэньне можна лічыць гістарычным з шмат якіх прычын.

Сьцісла

  • Цяперашняе рашэньне Эўракамісіі аб кандыдацкім статусе Ўкраіны азначае дэманстрацыю рашучасьці ЭЗ у падтрымцы Ўкраіны і супрацьстаяньні Расеі.
  • Інтэграцыя Ўкраіны ў эўрапейскія структуры — гэта незваротны геапалітычны разварот украінскага соцыюму на Захад. Гэта канчатковы разрыў з мэтраполіяй, з імпэрыяй, з «русским миром».
  • Больш за тое, гэта азначае зьмену цывілізацыйнага статусу, коду ўкраінскага соцыюму.
  • Галоўны гістарычны парадокс палягае ў тым, што Расея распачала канфлікт з Украінай менавіта дзеля таго, каб прадухіліць гэты геапалітычны і цывілізацыйны разварот на Захад. Атрымалася з дакладнасьцю да наадварот.
  • Сваю спробу цывілізацыйнага выбару беларусы імкнуліся ажыцьцявіць у 2020 годзе. Не атрымалася.


Варта адзначыць вялікую палітычную знакавасьць гэтага рашэньня Эўракамісіі.

Цяпер Украіна перажывае драматычныя дні. На фронце ў Данбасе сытуацыя даволі крытычная. Вялізнае напружаньне ў эканоміцы і сацыяльнай сфэры гэтай краіны. Здавалася б, калі дзяржава ў такім стане, то пра якую інтэграцыю ў ЭЗ можна гаварыць?

Да таго ж пасьля пятага пашырэньня ЭЗ (2004–2007 гг.) было прынята рашэньне прыпыніць прыём у Эўразьвяз новых чальцоў. Каб «пераварыць» тыя краіны, якія далучыліся. Потым здарыўся «казус» Грэцыі, міграцыйны крызіс, Брэксіт (выхад Вялікай Брытаніі з ЭЗ), канфлікт Брусэля з Вугоршчынай і Польшчай. Загаварылі пра крызіс ня проста Эўразьвязу, а нават самой ідэі эўрапейскай інтэграцыі.

І на гэтым неспрыяльным фоне цяперашняе рашэньне Эўракамісіі аб кандыдацкім статусе Ўкраіны выглядае знамянальным. Яно азначае дэманстрацыю рашучасьці ЭЗ у падтрымцы Ўкраіны і супрацьстаяньні Расеі. Вайна РФ супраць Украіны каталізавала нейкія глыбінныя працэсы, якія могуць моцна памяняць рэгіён Усходняй і Цэнтральнай Эўропы.

Кандыдацкі статус шмат дае Ўкраіне ў пляне практычнай падтрымкі яе эканомікі з боку ЭЗ. Гэта пачатак доўгага, часам балючага працэсу рэфармаваньня ўкраінскага грамадзтва па эўрапейскіх стандартах. На гэтым шляху будуць крызісы, канфлікты. Але ня гэта галоўнае.

Інтэграцыя Ўкраіны ў эўрапейскія структуры — гэта незваротны геапалітычны разварот украінскага грамадзтва на Захад. Гэта канчатковы разрыў з мэтраполіяй, з імпэрыяй, з «русским миром». Гэта прынцыповы выбар эўрапейскіх каштоўнасьцяў.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Эўраінтэграцыя падчас вайны. Што можа атрымаць Украіна ў якасьці кандыдаткі на сяброўства ў Эўразьвязе

Больш за тое, гэта азначае зьмену цывілізацыйнага статусу, коду ўкраінскага соцыюму. Пераход ад адной цывілізацыі да другой — даволі рэдкая зьява ў сусьветнай гісторыі. І вось цяпер мы можам назіраць гэты працэс ужывую. Гісторыя прыйшла ў рух, і мы бачым яе цяжкія крокі.

Галоўны гістарычны парадокс палягае ў тым, што Расея распачала канфлікт з Украінай менавіта дзеля таго, каб прадухіліць гэты геапалітычны і цывілізацыйны разварот. Узгадаем, з чаго ўсё пачалося. Трыгерам другога Майдану стала адмова прэзыдэнта Віктара Януковіча пад ціскам Уладзіміра Пуціна ад дамовы аб асацыяцыі Ўкраіны з ЭЗ. Потым быў захоп Крыму, Данбасу. То бок у цэнтры канфлікту было пытаньне аб замежнапалітычнай арыентацыі Ўкраіны. Цяперашняя вайна — гэта працяг той бітвы за міжнародны вэктар гэтай ключавой дзяржавы нашага рэгіёну.

Рызыкну выказаць гіпотэзу, што калі б Расея не разьвязала гэтую вайну, то шанцаў Украіны ўступіць у ЭЗ у агляднай будучыні было няшмат. Занадта вялікая і праблемная з гледзішча правіл і патрабаваньняў Эўразьвязу гэтая краіна. Але Расея сваім нападам прывяла да выбуху эўрапейскай салідарнасьці з Украінай, моцна паскорыла працэс яе інтэграцыі ў ЭЗ. Масква сваімі дзеяньнямі проста не пакінула Эўропе выбару. У выніку Крэмль атрымаў адваротны эфэкт.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Эўракамісія рэкамэндавала даць Украіне статус кандыдата на ўступленьне ў Эўразьвяз

Ёсьць шмат гіпотэз, што без Украіны Расея ня можа быць імпэрыяй. І гэта яшчэ адно наступства цяперашняга рашэньня ЭЗ.

А што ж Беларусь? Сваю спробу цывілізацыйнага выбару беларусы імкнуліся ажыцьцявіць у 2020 годзе. Не атрымалася. Чаму ўкраінцам сёлета ўдалося зрабіць такі выбар, а беларусам два гады таму — не? Шмат прычын. Прапаную яшчэ адну.

Вайна ва Ўкраіне паказала адзінства ўкраінскага грамадзтва і эліты ў супрацьстаяньні імпэрыі і адстойваньні права на сувэрэнітэт. У Беларусі ў 2020 годзе паміж грамадзтвам і элітай, ці, дакладней, кіроўнай намэнклятурай, дзяржапаратам аказалася прорва. Цяпер яна яшчэ больш паглыбілася.

Беларускі цывілізацыйны выбар яшчэ наперадзе. Але грамадзтву давядзецца адваяваць права на гэты выбар.

Думкі, выказаныя ў блогах, перадаюць погляды саміх аўтараў і не абавязкова адлюстроўваюць пазыцыю рэдакцыі.