Прэм’ер Вялікай Брытаніі другі раз з пачатку вайны наведаў Кіеў

Борыс Джонсан і Ўладзімір Зяленскі

Прэмʼер-міністар Вялікай Брытаніі Борыс Джонсан 17 чэрвеня прыбыў зь не абвешчаным загадзя візытам у Кіеў, дзе сустрэўся з прэзыдэнтам Украіны Ўладзімірам Зяленскім.

Фатаграфіі сустрэчы апублікавалі ў сацсетках як Джонсан, так і Зяленскі.

Гэта ўжо другі візыт Джонсана ў Кіеў пасьля пачатку расейскага шырокамаштабнага ўварваньня. Мінулым разам ён быў ва Ўкраіне 9 красавіка, празь некалькі дзён пасьля адводу расейскіх войскаў ад украінскай сталіцы. «Рады зноў быць у Кіеве, спадар прэзыдэнт», — напісаў Джонсан у Твітэры.

Кіраўнік Офісу прэзыдэнта Ўкраіны Андрэй Ярмак напісаў, што на перамовах абмяркоўваліся пастаўкі Ўкраіне цяжкага ўзбраеньня і сыстэм СПА, эканамічная падтрымка Ўкраіны, узмацненьне санкцый супраць Расеі і гарантыі бясьпекі. Іншыя падрабязнасьці пакуль невядомыя.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Лідэры Італіі, Нямеччыны, Румыніі і Францыі сустрэліся ў Кіеве зь Зяленскім. ФОТА

Брытанія займае жорсткую пазыцыю ў адносінах да дзеяньняў Расеі, паставіла Ўкраіне ўзбраеньні ўжо на некалькі соцень мільёнаў даляраў і мае намер пашыраць пастаўкі. Брытанскія афіцыйныя асобы неаднаразова казалі, што мэта падтрымкі Ўкраіны — забясьпечыць яе перамогу.

Напярэдадні Кіеў наведалі лідэры чатырох краін ЭЗ — Францыі, Нямеччыны, Італіі і Румыніі. Сёньня стала вядома, што Эўракамісія рэкамэндавала надаць Украіне статус краіны-кандыдаткі на ўступленьне ў Эўразьвяз.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Эўракамісія рэкамэндавала даць Украіне статус кандыдата на ўступленьне ў Эўразьвяз