Псыхоляг раіць дзеля захаваньня псыхічнага здароўя рабіць перапынкі ў спажываньні навінаў і не адмаўляцца ад радасьцяў жыцьця.
Глядзець размову на відэа цалкам
Сьцісла
- Людзі сыходзяць, не дачакаўшыся перамогі. Мы павінны сябе захаваць, зьберагчы, трэба займацца здароўем, не запускаць хваробы. Як канцлягер перажыць? Проста старацца выжыць.
- Для тых, хто застаўся ў Беларусі, мала шанцаў і мала магчымасьцяў нешта зьмяніць.
- Даравальна, што мы ня ўвесь час у барацьбе, а часам ходзім у рэстарацыі, займаемся зь дзецьмі... Два гады — вялікі тэрмін, і немагчыма, каб кожны спыніў сваё жыцьцё.
- Гэта ўкід дзеля дыскрэдытацыі Ціханоўскай, каб у вачах украінцаў яна была дыскрэдытаваная, каб не было з кім ім мець справу, акрамя як з Лукашэнкам.
- Не абавязкова кожны дзень чытаць навіны і кожны дзень быць у курсе кожнага судовага працэсу. Важна проста трымаць у галаве, што тое, што адбываецца, ненармальна.
- Раней я думала, што нам не хапіла злосьці ў 2020-м. Цяпер я лічу, што наша калектыўная мудрасьць падчас пратэсту адыграла мэгапазытыўную ролю.
«Успрымаю Беларусь цяпер як адзін агульны канцлягер»
— Лілія, я чытаю вашы допісы ў Фэйсбуку ўжо некалькі гадоў. Ведаю, што вы праз палітычны перасьлед былі вымушаныя зьехаць зь Беларусі ў Грузію...
— У 2020 годзе мяне запрасілі ў Сьледчы камітэт як сьведку. Я зразумела, што магу адтуль ня выйсьці, і вырашыла не ісьці. Мы хутка прынялі рашэньне, муж звольніўся з працы, за два дні сабралі рэчы і зьехалі ва Ўкраіну. Спачатку ў Львоў, потым па Ўкраіне паезьдзілі, шукалі, дзе асесьці, вярнуліся на паўгода ў Львоў. Трэба было легалізоўвацца, а ва Ўкраіне бежанства даволі складана атрымаць. Мы вырашылі ехаць у Грузію. Жывём тут ужо другі год.
Перад ад’ездам зь Беларусі мне перадалі, што я вельмі шмат гавару ў Фэйсбуку. І я працягваю гаварыць, бо, на мой погляд, нічога ня скончылася ў пляне супраціву. Сытуацыя не зьмянілася.
Я душой зь Беларусьсю, мне баліць усё, што там адбываецца. Не магу забыць пра палітвязьняў у лукашэнкаўскіх турмах. І гаварыць пра гэта — самае малое, што можна рабіць, каб гэта ня стала паўсядзённасьцю. Нам важна гаварыць пра тое, што так быць не павінна, што гэтая сытуацыя не нармальная. Мы выходзілі не пагуляць у 2020 годзе. Мы выходзілі за тое, каб былі сумленныя выбары і каб Лукашэнка ня быў ва ўладзе. Гэтыя мэты не дасягнутыя, таму замаўчаць — здрадзіць мэтам, здрадзіць людзям, якія цяпер сядзяць у турмах.
«Цяпер прыйшло болей разуменьня, што ў дыктатарскіх сыстэмах вельмі мала магчымасьцяў для супраціву»
— «Я магу ўсё зьмяніць» — гэта быў адзін з галоўных лёзунгаў выбарчай кампаніі 2020 году, так гаварыла Марыя Калесьнікава, зьвяртаючыся да дзясяткаў тысячаў людзей на перадвыбарчых мітынгах. І тады сапраўды большасьць паверыла, што яны могуць усё зьмяніць. Цяпер я вельмі часта чую, як людзі кажуць, што ад нас ужо нічога не залежыць, што ўсё вырашаць вынікі вайны ва Ўкраіне. Што залежыць ад кожнага? Што можна зьмяніць? Якім чынам?
— Я думаю, што для тых, хто застаўся ў Беларусі, мала шанцаў і мала магчымасьцяў нешта зьмяніць. Я ўспрымаю Беларусь цяпер як адзін агульны канцлягер. Калі згадаць сталінскія часы і сталінскія рэпрэсіі, то тады няшмат было жадаючых зьмяніць лад, рэжым. Рэпрэсіі зашкальвалі, хоць і тады былі людзі супраціву. Гэта дастаткова падпольна ўсё адбываецца, ёсьць нейкія нябачныя плыні.
Я заўважаю трансфармацыю ў сваім стаўленьні. У мяне было шмат злосьці ў кастрычніку, лістападзе 2020 году, што ня ўсе актыўнічаюць, што не страйкуюць, не супраціўляюцца, што поўна «хатаскрайнікаў», хацелася гэта ўсё разварушыць, каб мы працягнулі і скончылі. Цяпер прыйшло больш прыняцьця і разуменьня, што ў дыктатарскіх сыстэмах вельмі мала магчымасьцяў для супраціву. Нават застрайкаваць цяпер немагчыма. Паўсюль спэцслужбісты на высокіх пасадах, праслухоўваньне, татальны кантроль і назіраньне. Нават праз два гады пасьля пратэстаў людзей затрымліваюць за фатаздымкі з тых пратэстаў.
У мяне стала болей разуменьня, што могуць рабіць тыя, хто не ў Беларусі. Ня ведаю, наколькі моцна мы можам на ўсё паўплываць, але я зь сябе не здымаю адказнасьці — удзельнічаць у акцыях, пісаць, гаварыць, здымаць ролікі ды іншае, бо пакуль я не сяджу, я магу гэта рабіць.
— Як вы лічыце, ці ёсьць насамрэч канфлікт паміж тымі, хто быў вымушаны зьехаць, і тымі, хто застаўся? Якая тут можа быць этыка і правілы ў камунікацыі? Ці этычна ставіць фоткі з падарожжаў і адпачынку ў сацсетках тым, хто па-за межамі Беларусі?
— Мне падаецца, што ёсьць розьніца паміж удзельнікамі супраціву і пратэсту і іх выкладваньнем коцікаў і кветачак — і тымі, хто ўвесь час гэта рабіў і нібы не заўважыў таго, што адбываецца. Мы ж іншыя людзі. Я думаю, што нам можна выкладваць, таму што мы многа зрабілі. Нам даравальна, што мы ня ўвесь час у барацьбе, а часам п’ем, ямо, ходзім у рэстарацыі, займаемся зь дзецьмі, танцуем і яшчэ нешта. Даравальна ўсім, хто працягвае жыць, таму што два гады — гэта вялікі тэрмін, і немагчыма, каб кожны спыніў сваё жыцьцё. Растуць дзеці, праходзяць выпускныя, уступная кампанія, усё працягваецца, жыцьцё ж не спынілася.
Іншая справа, як ты настроены. Ты ўнутры сябе разумееш, што гэта не канец. Трэба жыць, немагчыма сябе зьнясільваць зводкамі навінаў, 100-працэнтнай уключанасьцю, бо гэта псыхічна вельмі моцна зьнясільвае. Нам трэба папаўняць энэргію, браць рэсурсы. Урэшце, трэба спаць, есьці, гуляць, адпачываць і асьвяжаць галаву. Мы будзем непрыдатныя для барацьбы, калі гэтага ня будзем рабіць. Працягваем жыць, купаемся, адпачываем, але памятаем пра тое, што нічога ня скончылася.
«Гэта ўкід дзеля дыскрэдытацыі апазыцыйнага лідэра»
— Чым вы тлумачыце хэйт у дачыненьні да Сьвятланы Ціханоўскай? Як вам падаецца, наколькі ён натуральны, а наколькі інсьпіраваны рознымі спэцслужбамі?
— Думаю, што інсьпіраваны прапагандай, укідамі спэцслужбаў. У мяне таксама ёсьць пытаньні да Сьвятланы Ціханоўскай па некаторых момантах. Я пішу, калі яны ўзьнікаюць, калі нешта не падабаецца з таго, што адбываецца ў апазыцыйным руху. Але я буду яе абараняць, бо лічу, што гэта наратывы прапаганды ідуць у яе бок.
Ціханоўская не сказала пра беларусаў нічога таго, што не гаварылі б нават украінскія лідэры. Спэцыяльна перагледзела Арастовіча зь яго фразамі пра дывэрсійныя працы і партызанаў. Ён сказаў нават больш крута, чым Ціханоўская, больш, чым яна, пахваліў беларусаў, падзяку ім выказаў.
Але прычапіліся да адной яе фразы. Гэта ўкід дзеля дыскрэдытацыі апазыцыйнага лідэра, каб у вачах украінцаў яна была дыскрэдытаваная, каб не было з кім ім мець справу, акрамя як з Лукашэнкам. «Бачыце, якая яна? З кім вы будзеце размаўляць? Вось якое глупства гаворыць! У нас толькі адзін чалавек ёсьць, зь якім можна справу мець, — Лукашэнка».
І ад нас, беларусаў, залежыць, каб мы аднавілі сваё імя. І я працягваю гэта рабіць у сацсетках, бо мне вельмі не падабаецца хэйт у бок беларусаў, ён абсалютна не апраўданы. Я лічу, што гэта таксама праца прапаганды. І гэтай прапагандзе падуладныя ўкраінцы, пра гэта сьведчыць масавы хэйт у сацсетках.
— Якой прапаганды — расейскай, беларускай, украінскай?
— На мой погляд, гэта расейская прапаганда, падхопленая ўкраінскімі лідэрамі думак. Мне падаецца, што гэта праца ФСБ, якая актыўна падхопліваецца мясцовым насельніцтвам, бо гэта незаўважна ўбудоўваецца, ідзе празь людзей, якім украінцы давяраюць, якія нібыта нашы. Але гэта ўсё вядзе да дыскрэдытацыі, разьдзяленьня нашых народаў. Вельмі пэўна клін убіваецца. Калі ідзе такая масаваная атака нянавісьці да беларусаў, мы таксама будзем абараняцца.
І тут трэба заняць мудрую пазыцыю. З аднаго боку, разумець, што нас спрабуюць разьдзяліць, таму трэба застацца ў кантакце з Украінай і ўкраінцамі, нягледзячы на іх злосьць, нянавісьць, якая апраўданая, бо іх бамбяць, іх гарады разбураюць. Зразумела, што яны злуюць, і гэта нармальна.
Справядліва пішуць мае падпісчыкі, што агрэсія ідзе якраз у бок тых, хто не маўчаў, хто варушыўся, хто спрабаваў спыніць Лукашэнку. Гэта мы — адчувальныя да фразаў нянавісьці ў наш бок. Тым, каму было ўсё роўна, ім і так усё роўна. Таму гэтая агрэсія крыху ня ў той бок. І тут мы таксама павінны ставіць бар’ер, што рэжым — гэта адно, беларусы і супраціў — іншае. У вас мора нянавісьці і злосьці, гэта нармальна, што вы адчуваеце, таму адпраўляйце гэта ў той бок, які сапраўды вінаваты.
«Нічога не спынілася, ані наша падтрымка, ані наша спачуваньне, проста мы пачалі крыху берагчы сябе»
— Калі кожны дзень другі год множыцца боль ад арыштаў, катаваньняў, рэпрэсій, несправядлівасьці, цяпер да гэтага дадалася вайна, то боль, сьмерць становяцца звыклым, да іх ня тое што прызвычайваесься, але немагчыма ўжо кожны раз перажываць гэтак жа востра. Як ня страціць эмпатыю і не пачаць успрымаць зло як дадзенасьць?
— Дзякуй псыхіцы, што ёсьць адаптацыя. Калі б мы два гады жылі ў стане шоку, калі штодня суды, страшныя прысуды, ірацыянальнасьць таго, што адбываецца... Псыхіка стамляецца ад усяго, і тое, што ёсьць адаптыўныя мэханізмы, гэта вельмі добра, бо інакш мы б звар’яцелі, ня вытрымалі. Уся нацыя хадзіла б у дэпрэсіі, ляжала б пад коўдрай і не працавала, палова б скончыла самагубствам. Дзякуй, што адаптацыя ёсьць.
Іншая справа, што ёсьць арыенціры, ёсьць каштоўнасьці, і пра іх важна памятаць. Не абавязкова кожны дзень чытаць навіны і кожны дзень быць у курсе кожнага судовага працэсу. Важна проста трымаць у галаве, што тое, што адбываецца, ненармальна. Саджаць невінаватых людзей — ненармальна, парушаць права — ненармальна, забіваць — ненармальна.
Як цяпер з Украінай... Мы моцна былі ўражаныя Бучай, Ірпянём, Гастомелем. Гэта быў шок, узрушэньне, мы плакалі. Але мы ня можам у гэтым эмацыйным стане быць увесь час, ня можам плакаць увесь час. Я сама за сабой заўважаю, што некаторыя навіны пра Ўкраіну нават у стужцы я прагортваю, не спыняюся на кожным відэа і інтэрвію. Запыты ў Google зьменшыліся ў 22 разы. Гэта не пра тое, што людзі страцілі інтарэс да тэмы, гэта пра тое, што надышла псыхалягічная стомленасьць, якая абсалютна нармальная і натуральная.
Гэтага ня трэба баяцца. Пра вайну памятаем, памятаем, што жахі адбываюцца. Нічога не спынілася, ані наша падтрымка, ані наша спачуваньне, проста мы пачалі крыху берагчы сябе. І гэта таксама трэба рабіць. Бо нам трэба захаваць сябе саміх, дзеля таго каб усё гэта скончыць.
«Як канцлягер перажыць? Проста старацца выжыць»
— І што рабіць, каб захаваць аптымізм і раўнавагу ва ўмовах паразы? Куды ўцячы, каб захаваць сябе?
— Інфармацыйная гігіена найперш. Па 2–3 дні жыць без навінаў. Прагортваньне навінаў — пэўны кантроль. Патрэбны стан, што ты кантралюеш сытуацыю, нібы кіруеш нечым. Можна гэта скараціць да разумных межаў. Ня цэлы дзень спрэс, а з прамежкамі, 15–20 хвілін пагартаў, і ўсё. Старацца рабіць тое, што табе падабаецца, што цябе напаўняла ў даваенны час. Калі падабаюцца сэрыялы, глядзіце сэрыялы. Мне кліентка кажа, што калі глядзіць навіны, ёй цяжка, страшна, і яна ня можа заплакаць, а потым глядзіць нейкае кіно і рыдае. Гэта нармальна. Трэба шукаць, дзе можаш скінуць эмоцыю. Ты жывеш нібы на ўдыху, трэба шукаць, дзе выдыхнуць.
Я бачу відэа, як на Зыбыіцкай сальсу танцуюць. Мы разумеем, што рэжым застаўся, горад акупаваны. З другога боку, людзі спрабуюць неяк у гэтым жыць. І трэба жыць.
Для мяне важным маяком, што трэба працягваць жыць, становіцца інфармацыя пра тое, што нехта зь людзей пратэсту памёр у гэты час. Сэрца, рак... Людзі сыходзяць, не дачакаўшыся перамогі. Мяне гэта матывуе на тое, што мы павінны сябе захаваць, зьберагчы. Трэба займацца здароўем, працягваць хадзіць на абсьледаваньні, не запускаць хваробы. Як канцлягер перажыць? Проста старацца выжыць. Таму мы максымум намаганьняў прыкладаем да гэтага.
«Яны не адчуваюць сябе пераможцамі і з радасьцю перасаджалі б палову насельніцтва, але трэба ж некаму на працу хадзіць»
— Я скарыстала тэрмін «параза». А ці можна сказаць, што ўлада перамагла?
— Я думаю, што не перамагла. Калі яны не спынілі рэпрэсіі, значыць, яны не адчуваюць сябе пераможцамі. Ім падаецца, што ўвесь час ёсьць ачагі супраціву. Яны на нэрвах, маюць адчуваньне, што нешта адбываецца, чаго яны ня могуць сьцяміць і злавіць. Раней разганялі марш за некалькі гадзін, саджалі частку людзей, і ўсё. А цяпер два гады працягваюць саджаць людзей. У іх ёсьць адчуваньне, што бурліць, што не завяршылася. Яны не адчуваюць сябе пераможцамі і з радасьцю б перасаджалі палову насельніцтва, але трэба ж некаму на працу хадзіць.
— Давайце паспрабуем сфармуляваць пазытыўны мэсыдж. Чым могуць ганарыцца беларусы?
— Мы сапраўды клясныя. Мы думалі, што мы бяззубыя «коцікі» са сьцяжкамі (гэта ня так, бо мы памятаем першыя тры дні пасьля 9 жніўня), ва ўсяго сьвету склалася ўражаньне, што мы вельмі мілыя людзі, сьвятыя практычна. А цяпер, калі мы мусім абараняць сябе, эмацыйна найперш, многія адчуваюць, што нам ёсьць што абараняць, што мы былі вельмі крутыя і зрабілі немагчымае пры дыктатарскім рэжыме.
Мы вельмі доўга стаялі, і наш мірны шлях, магчыма, быў з пункту гледжаньня гісторыі адзіным слушным. Раней я думала, што нам не хапіла злосьці ў 2020-м. Цяпер я лічу, што наша калектыўная мудрасьць падчас пратэсту адыграла мэгапазытыўную ролю. Мы толькі потым даведаемся, як насамрэч мы расхісталі сыстэму, як зьбераглі нашыя вобласьці. Мы ведаем, што і Пуцін быў бы тут, і яго войскі былі б тут, каб у нас быў ня мірны пратэст. Магчыма, палова краіны была б ужо разбураная, а можа і ўся.
Мы вельмі спагадлівыя. Натуральна, ёсьць розныя людзі, як і ў кожнай нацыі. Але збольшага беларусы вельмі інтэлігентныя, вытрыманыя людзі, якія паважаюць чужыя межы. У беларусаў ёсьць дакладнае разуменьне, што ёсьць наша краіна, а ёсьць іншая краіна, і мы ні на што не прэтэндуем, хочам адбудаваць сваё. Мы можам салідарызавацца, можам самі ўсё рабіць. Нашай уладай павінна быць парлямэнцкая рэспубліка, бо мы самі можам усё гэта арганізаваць. Нам не патрэбны лідэр, які будзе казаць, што рабіць. Пачалася вайна, і ўсе самі разьмеркаваліся — хто гуманітарку, хто валянтэрыць... І мы адэкватныя ва ўспрыняцьці сябе.
Your browser doesn’t support HTML5