Украіна ня будзе праводзіць «Эўравізію-2023», так вырашылі арганізатары

Украінскі гурт Kalush Orchestra, які перамог на конкурсе сёлета

Украіна ня будзе прымаць на сваёй тэрыторыі песенны конкурс «Эўравізія» ў наступным годзе. Эўрапейскі трансьляцыйны зьвяз (EBU) прыняў рашэньне перанесьці конкурс у іншую краіну.

Прычынай называецца немагчымасьць гарантаваць якасную падрыхтоўку да конкурсу і бясьпеку ўсіх арганізатараў і ўдзельнікаў у сувязі з расейскай агрэсіяй.

Арганізатары зьвярнуліся да Вялікай Брытаніі, каб абмеркаваць магчымасьць правядзеньня конкурсу там, бо прадстаўнік гэтай краіны заняў другое месца.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Пераможцы «Эўравізіі» Kalush Orchestra прадалі «крыштальны мікрафон» за 900 тысяч даляраў

На конкурсе «Эўравізія» ў 2022 годзе, які праходзіў у італьянскім Турыне, перамог украінскі гурт Kalush Orchestra з песьняй «Стэфанія». Па традыцыі конкурсу, налета ён мусіў праходзіць у краіне-пераможцы.

У сувязі з вайной ва Ўкраіне Вялікая Брытанія, Польшча і Гішпанія заявілі, што гатовы заняцца арганізацыяй конкурсу ў сябе ў выпадку, калі Ўкраіне ня ўдасца гэтага зрабіць, аднак у Кіеве выключылі такі варыянт, што ўкраінцы адмовяцца ад арганізацыі «Эўравізіі». Ва Ўкраіне ўжо стартавала падрыхтоўка да правядзеньня «Эўравізіі-2023». З улікам ваеннага становішча да працэсу вырашылі прыцягнуць Міністэрства абароны і Міністэрства ўнутраных спраў Украіны.