Лілея Плыгаўка нарадзілася ў Баранавічах. Вучылася ў расейскамоўнай гарадзкой школе, расейскамоўным было і атачэньне Лілеі. Пасьля школы быў гісторыка-філалягічны факультэт Гомельскага пэдінстытуту. Там Лілея вывучала расейскую і беларускую мову. Кажа, што пасьля школы размоўнай беларускай мовай не валодала зусім, нягледзячы на выдатныя адзнакі ў атэстаце. Размаўляць навучылася толькі ва ўнівэрсытэце. Вучыцца было ў каго — на розных курсах таго ж інстытуту тады вучыліся Алесь Бяляцкі, Анатоль Сыс, Сяржук Сыс, Эдуард Акулін і іншыя вядомыя цяпер людзі.
«Дзякуючы зносінам зь імі я адкрыла для сябе Беларусь, — успамінае Лілея. — У нас там такое „гняздо“ было. Цяпер ужо мы стала не падтрымліваем адносіны, але кантактуем у сацсетках. Словам можам перакінуцца. Пасьля ўнівэрсытэту я паехала па разьмеркаваньні. Мы зь сяброўкай спэцыяльна яго дамагліся празь Міністэрства адукацыі, такія тады былі часы. Паехалі ў жлобінскую школу для дзяцей-сірот, былі выхавальніцамі. Былі іншыя магчымасьці неблагія, можна было застацца на катэдры беларускай мовы, паступаць у асьпірантуру. Але мне вельмі хацелася быць настаўніцай менавіта ў такіх дзяцей».
«Пра „какая разница“ я чую з 80-х»
У Жлобіне Лілея прапрацавала тры гады, пасьля вярнулася ў Баранавічы. Расказвае, што акурат у канцы 80-х пачалася эпоха Беларускага народнага фронту, да якога яна актыўна далучылася. І на гэтай хвалі ў 1991 годзе, апошнім годзе існаваньня СССР, пераехала ў Літву працаваць на катэдры беларускай мовы і культуры Віленскага пэдагагічнага ўнівэрсытэту.
«Я ехала выкладаць беларускую мову, а мне тут сказалі — будзеш загадчыцай, — успамінае Лілея. — Ну добра, буду. Я люблю ісьці ў невядомасьць, прыдумляць нешта, зьдзяйсьняць. А тады ў нас не было ні студэнтаў, ні выкладчыкаў, ні падручнікаў, ні навучальных плянаў. Мы ўсё гэта стваралі самі. Але сёньня ўжо можна сказаць, што гэта быў пасьпяховы праект. На сёньняшні момант гэта, відаць, самае важнае, што я ў жыцьці зрабіла».
Спадарыня Лілея прыгадвае, што ў першым наборы на яе катэдру былі 12 чалавек. Усе яны былі грамадзянамі адроджанай Літоўскай Рэспублікі, толькі некалькі чалавек мела беларускія карані. Большасьць беларускай мовы ня толькі ня ведала, але і ня чула раней ніколі. Але гэта не зашкодзіла настолькі авалодаць ёю за першы сэмэстар, што ў другім студэнты новастворанай катэдры ўжо слухалі лекцыі з мовазнаўства на беларускай мове.
«Таму, калі я часам чую развагі пра тое, што беларускую мову цяжка вывучыць, што на ёй немагчыма загаварыць, альбо ўвогуле „какая разница“, то гэта ўсё прыдумкі і самападман, — кажа Лілея Плыгаўка. — Пра „какую разницу“ я чую з 80-х. Гэта ўсё толькі нежаданьне працаваць над сабой».
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Пачаў гаварыць у сьне па-беларуску». Як праз вайну і рэвалюцыю людзі пераходзяць на беларускую мову«Пасьля 2020 году стала шмат ахвотнікаў вучыць беларускую»
Катэдрай у Віленскім пэдагагічным унівэрсытэце Лілея Плыгаўка кіравала да самага канца існаваньня ўнівэрсытэту. У 2017 годзе ён збанкрутаваў, і адзіная ў Літве катэдра беларускай мовы і культуры перастала існаваць разам зь ім. Спадарыня Лілея яшчэ некалькі гадоў пражыла ў Вільні, а ўвесну 2022-га пераехала ў невялікі горад Алітус у паўднёва-заходняй частцы Літвы, дзе пасяліўся яе сын. Цяпер яна займаецца прыватнай практыкай, навучае ахвотных мовам дыстанцыйна. І ня толькі мовам.
«Даю прыватныя ўрокі па мовах, па лінгвістыцы, я прафэсійны стратэгічны коўч, — расказвае Лілея. — Я дапамагаю людзям вырашыць пэўную праблему альбо дасягнуць пэўнай мэты. Знайсьці ў сабе рэсурсы, жаданьне і дайсьці туды, куды ёсьць мэта. Коўчынг па-беларуску таксама магу, у мяне нават адзін кліент ёсьць на такія заняткі. І ён іншаземец».
Спадарыня Лілея расказвае, што ўсе ейныя вучні дарослыя людзі. Ёсьць студэнты ўнівэрсытэтаў. У кожнага зь іх свая матывацыя. У большасьці, гаворыць Лілея, гэта жаданьне ведаць яшчэ адну мову, якая ім падабаецца.
«Пасьля 2020 году шмат ахвотнікаў стала — калі Беларусь выйшла на міжнародную арэну, калі пра беларусаў загаварылі як пра нацыю, — гаворыць Лілея Плыгаўка. — Зьявілася цікавасьць да беларускай мовы. Уяўляеце? У іншаземцаў зьявілася цікавасьць да беларускай мовы дзякуючы таму, што беларусы выйшлі на пратэсты. А беларусы, якія выйшлі на пратэсты, выяжджаючы за мяжу, размаўляюць па-расейску. Вы разумееце гэты нонсэнс? Лёгікі няма абсалютна».
Сярод вучняў спадарыні Лілеі ёсьць і беларусы. Яны хутчэй ня вучаць мову, а ўдасканальваюць валоданьне ёй. Альбо рыхтуюцца да публічных выступаў па-беларуску. Геаграфія замежных студэнтаў самая розная. Цяпер гэта пераважна грамадзяне Расеі, ёсьць таксама амэрыканец.
«Расейцы актыўна вывучаюць беларускую мову, — гаворыць спадарыня Лілея. — Адна з расіянак вучыць беларускую, бо хоча зь беларусамі размаўляць па-беларуску. Яна ўжо вывучыла ўкраінскую, цяпер вучыць нашую. У яе ёсьць сябры-беларусы ў інтэрнэце. Яшчэ адна дзяўчына з Масквы вучыць беларускую, каб у Беларусі па-беларуску размаўляць. Праўда, на жаль, яна летась была ў Менску, спрабавала размаўляць па-беларуску, і рэакцыя была рознай, хутчэй зьдзіўленьне. Але знайшла некага ў выніку, з кім змагла пагаварыць».
Яшчэ адна студэнтка спадарыні Лілеі вучыць беларускую, бо ў яе муж-беларус. Разам зь ім яна бывае ў Беларусі, спрабавала выступаць па-беларуску на навуковых канфэрэнцыях. А аднойчы моцна зьдзівіла беларускага экскурсавода ў Горадні, калі пачала ў яго нешта ўдакладняць па-беларуску.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Важна ня страціць гэтае пакаленьне». Як у Вільні будуць вучыць дзетак беларускай мове«Павага да сябе як беларуса пачынаецца з валоданьня мовай»
Заняткі ў спадарыні Лілеі праходзяць паводле эўрапейскіх стандартаў вывучэньня замежных моваў. Найперш яна разьвівае камунікатыўныя ўменьні, пасьля ідзе праца над пісьмовай мовай, успрыманьнем яе на слых, тады лексыка і граматыка.
«Мы не вывучаем усе 45 хвілінаў нейкае адно правіла, — расказвае Лілея. — Размаўляем, даю матэрыял культуралягічнага характару, абмяркоўваем гістарычныя тэмы, побытавыя, практыкаваньні робім. Тэксты чытаем, на пытаньні адказваем. Заняткі праходзяць хутка, чалавек не стамляецца, але атрымлівае і базавыя зьвесткі, і яшчэ вучыцца размаўляць. Але ўсё гэта трэба замацоўваць на практыцы. Таму мае студэнты, калі прыяжджаюць у Беларусь, то спрабуюць размаўляць».
Чаму беларусы нават пасьля вымушанага ад’езду за мяжу праз рэпрэсіі працягваюць размаўляць паміж сабой па-расейску? Спадарыня Лілея мяркуе, што гэта вынік 200-гадовай русыфікацыі.
«Гэтае новае пакаленьне хоць і атаясамлівае сябе зь Беларусьсю, працягвае размаўляць па-расейску, — кажа Лілея Плыгаўка. — Але ў гэтым ёсьць вялікая небясьпека. Бо калі нейкі народ хоча асыміляваць іншы, то ён пачынае з мовы. Яна альбо забараняецца, альбо робіцца другаснай, незапатрабаванай. Для мяне самой быў культурны шок, калі я ў маладосьці даведалася, якія ў нас багатыя моўныя помнікі, якая ў нас багатая мова. Яна захавала самы архаічны пласт».
Спадарыня Лілея кажа, што маладым беларусам, якія цяпер вымушана выехалі за мяжу, варта паглядзець, як да сваёй мовы ставяцца палякі, літоўцы, украінцы і іншыя народы. Бо беларусы ў Польшчы ці Літве ідуць на курсы польскай і літоўскай, але валоданьне роднай мовай для іх па-ранейшаму непатрэбная рэч.
«Павага да сябе як да беларуса пачынаецца з валоданьня беларускай мовай, — гаворыць Лілея Плыгаўка. — Каб на ёй гаварыць, патрэбна толькі жаданьне. Спачатку разуменьне таго, што чалавек беларус і паважае сябе як беларуса. Калі гэта ёсьць, то будзе і жаданьне размаўляць па-беларуску. Расейскамоўны беларус можа пачаць размаўляць па-беларуску за два тыдні. З памылкамі, зразумела. Але пачне размаўляць. Дастаткова знайсьці сабе сябра і гаварыць зь ім. Усё гэта наўмысна, штучна створаная праблема. Літоўцы, якія ўвогуле не ўспрымалі кірыліцу, пачыналі ў нас на катэдры размаўляць па-беларуску за тры месяцы. На чацьвёртым курсе пісалі на ёй дыплёмныя працы».
«За два гады Ціханоўская магла б вывучыць беларускую лепш»
Лілея Плыгаўка кажа, што цяпер усе публічныя беларускамоўныя асобы гавораць па-беларуску выдатна. Здараюцца дыялектныя асаблівасьці, памылкі, але Лілея называе гэта нармальным. Яна раіць больш чытаць акадэмічнай літаратуры. Беларускамоўныя СМІ, на яе думку, для вывучэньня мовы падыходзяць ня вельмі добра.
«Хто па-беларуску лепш гаворыць — Ціханоўская ці Лукашэнка? Сьвятлана лепш, — кажа Лілея Плыгаўка. — З таго, што я чула. Лукашэнка карыстаецца трасянкавай мовай. У Сьвятланы мова чысьцейшая, але праз адсутнасьць практыкі яна ў яе вельмі непрыгожая. Ціханоўская вельмі няўпэўнена размаўляе па-беларуску. Шчыра кажучы, за гэтыя два гады яна магла б ужо выдатна навучыцца. Асабіста я ўвогуле не ўспрымаю ніводнага палітыка, які да свайго народу зьвяртаецца на чужой мове. Гэта нонсэнс, гэта непрыстойна. Мова — гэта сыстэма поглядаў канкрэтнага народу на сьвет. Беларус гаворыць „ажаніцца зь ёю“ — гэта раўнапраўныя адносіны. А „жениться на ней“ — гэта падпарадкаваньне. Вось вам і розьніца. Беларус можа быць расейскамоўным. Але беларускі палітык ужо не».
Як пачаць размаўляць па-беларуску
- Пераканайцеся, што вы паважаеце сябе як беларуса.
- Пераканайцеся, што вы хочаце ведаць беларускую мову, карыстацца ёй.
- Пачніце размаўляць, калі патрэбна гутарковая мова. Калі трэба пісьмовая — як мага больш чытайце па-беларуску.