Хроніка перасьледу 16 чэрвеня: 8 гадоў «тэрарысту» Жукоўскаму, судзяць актывістку БНФ, якая напісала звароты супраць вайны ва Ўкраіне

Сілавік. Ілюстрацыйнае фота

Беларусаў працягваюць перасьледаваць за іх грамадзянскую пазыцыю.

Затрыманьні ў Менску

Праваабаронцы паведамляюць пра затрыманьне ў Менску Крысьціны Маліноўскай. На гэты момант месцазнаходжаньне жанчыны невядомае. Таксама ў Менску затрымалі 29-гадовага Паўла Маліноўскага і 27-гадовага Дзьмітрыя Латышава.

Два гады калёніі за камэнтары пра судзьдзю, міліцыянтаў і Лукашэнку

Суд Баранавіцкага раёну вынес рашэньне па справе Тацяны Купчынай, якую абвінавачвалі ў зьдзяйсьненьні злачынстваў адразу паводле трох крымінальных артыкулаў: ч. 1 арт. 368 (абраза Лукашэнкі), арт. 369 (абраза прадстаўніка ўлады) і арт. 391 КК (абраза судзьдзі ці народнага засядацеля), паведамляе «Вясна | Брест».

У віну жанчыне ставілі тое, што Тацяна пакінула ў інтэрнэце абразьлівыя камэнтары пра Лукашэнку, супрацоўнікаў міліцыі і судзьдзю Першамайскага раёну Менску. Прозьвішчы пацярпелых не называюцца.

Судзьдзя Мікалай Кміта прысудзіў жанчыне два гады калёніі ва ўмовах агульнага рэжыму. Таксама рашэньнем суду Тацяна Купчына абавязаная выплаціць штраф у памеры 200 базавых велічынь (6400 рублёў) і кампэнсаваць пацярпелым маральную шкоду ў памеры 4000 рублёў.

Сілавікі заяўляюць пра затрыманьне менчука, які «прайшоў рэгістрацыю» ў полк Кастуся Каліноўскага

У Менску сілавікі затрымалі настаўніка-мастака, які спрабаваў уступіць у полк Кастуся Каліноўскага, паведамляе «Медиазона» са спасылкай на адзін з праўладных тэлеграм-каналаў.

У «пакаяным» відэа, запісаным сілавікамі, затрыманы расказвае, што працуе настаўнікам у цэнтры дадатковай адукацыі «Маяк», кажа, што хадзіў на «несанкцыянаваныя мітынгі» ў 2020 годзе, «пачаў рэгістрацыю» ў «Пляне Перамога» і «зарэгістраваўся ў батальён Кастуся Каліноўскага».

Затрымалі супрацоўніка музэю нібыта за чат-бот «Плян Перамога»

ГУБАЗіК затрымаў загадчыка аддзелу культурна-адукацыйнай работы Магілёўскага абласнога музэю імя Масьленікава Дзьмітрыя Жураўскага.

Здарылася гэта, як мяркуецца, 14 ці 15 чэрвеня, дома ў Жураўскага правялі ператрус. Паводле папярэдняй інфармацыі, яго падазраюць у тым, што ён у канцы 2021 году зарэгістраваўся ў чат-боце «Плян Перамога».

Нібыта пры гэтым Жураўскі зьвярнуў увагу, што «гатовы прадставіць сховішча ў будынку музэю і дапамагчы службовым аўто ў дзень «Х». На гэты момант мужчына затрыманы.

Унесенага ў «сьпіс тэрарыстаў» Юрыя Жукоўскага асудзілі на восем гадоў калёніі ўзмоцненага рэжыму

Жыхара Горадні Юрыя Жукоўскага прызналі вінаватым па чатырох артыкулах Крымінальнага кодэксу і асудзілі на восем гадоў пазбаўленьня волі, паведамляе тэлеграм-канал «Суды, затрыманьні. Гродна і вобласьць». Яму закідалі публікацыі ў «дэструктыўных» тэлеграм-каналах і абразы ў інтэрнэце на адрас Лукашэнкі.

Яго абвінавацілі па ч. 1 арт. 293 (масавыя беспарадкі), ч. 1 арт. 368 (абраза прэзыдэнта), ч. 1 арт. 130 (распальваньне расавай, нацыянальнай, рэлігійнай або іншай варожасьці), ч. 1 арт. 342 (арганізацыя і падрыхтоўка дзеяньняў, якія груба парушаюць грамадзкі парадак, або актыўны ўдзел у іх).

10 чэрвеня Камітэт дзяржаўнай бясьпекі ўключыў Жукоўскага ў «сьпіс асоб, якія маюць дачыненьне да тэрарыстычнай дзейнасьці».

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Хроніка перасьледу 15 чэрвеня: асудзілі брата былога падпалкоўніка ГУБАЗіКа; вырак затрыманай у Менску падчас рэфэрэндуму

Супрацоўніка «Нафтана» трэці раз запар арыштавалі на 15 сутак

У сярэдзіне траўня ў Наваполацку на працоўным месцы затрымалі 32-гадовага супрацоўніка «Нафтана» Барыса Жахоўскага. Першы суд над ім адбыўся 16 траўня. Судзьдзя Вольга Баліка асудзіла Жахоўскага на 15 дзён арышту за «распаўсюд экстрэмісцкіх матэрыялаў» (арт. 19.11 КаАП). Аднак на волю Барыс ня выйшаў — на яго склалі новы пратакол паводле арт. 19.11 КаАП. Вынікам сталі чарговыя 15 сутак.

Учора Жахоўскага асудзілі трэці раз запар, піша «Вясна». Гэтым разам судзьдзя Зінаіда Балаболава прызнала яго вінаватым у «несанкцыянаваным пікетаваньні» (арт. 24.23 КаАП) і арыштавала яго зноў на 15 сутак. Агулам Жахоўскага будуць утрымліваць за кратамі 45 дзён.

Актывістку БНФ, якая пісала адкрытыя лісты супраць вайны ва Ўкраіне, судзяць за слова «ўзурпатар»

У судзе Маларыцкага раёну 15 чэрвеня пачаўся разгляд крымінальнай справы мясцовай актывісткі партыі БНФ, былой кандыдаткі ў дэпутаты Палаты прадстаўнікоў Людмілы Рамановіч.

Яе абвінавачваюць у абразе Лукашэнкі (арт. 368 Крымінальнага кодэксу) за ліст, які жанчына даслала ў Сьледчы камітэт.

Справу разглядае судзьдзя Вольга Смірнова, дзяржабвінаваўца — пракурор Фёдар Міховіч.

На пачатку сакавіка 2022 году Рамановіч зьвярнулася з пратэставым лістом на сайт адміністрацыі Лукашэнкі. Яна выказала пратэст супраць удзелу Беларусі ў вайне Расеі супраць Украіны і запатрабавала вывесьці з тэрыторыі Беларусі расейскія войскі.

22 сакавіка актывістку затрымалі, 4 красавіка дома ў Людмілы Рамановіч правялі ператрус, а 7 красавіка яе зьмясьцілі ў берасьцейскае СІЗА.

Падчас абвяшчэньня абвінавачаньня высьветлілася, што падставай для крымінальнага перасьледу актывісткі стала слова «ўзурпатар» у адрас Лукашэнкі ў ейным лісьце ў Сьледчы камітэт, адзначае «Вясна».

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Хроніка перасьледу 14 чэрвеня: затрымалі 5 адвакатаў Менскай абласной калегіі; настаўніцу асудзілі за рэпост з Радыё Свабода

У сьпіс «тэрарыстаў» КДБ унёс ужо 80 беларусаў

У сьпісе «асоб, якія маюць дачыненьне да тэрарыстычнай дзейнасьці», ад 13 чэрвеня зьявіліся тры новыя прозьвішчы. Гэта:

  • 39-гадовы Аляксей Парэцкі, жыхар Магілёўскай вобласьці, абвінавачваецца паводле арт. 130 (распальваньне расавай, нацыянальнай, рэлігійнай або іншай сацыяльнай варожасьці або розьні) КК Беларусі;
  • 42-гадовы Канстанцін Ханін, жыхар Горадзенскай вобласьці, абвінавачваецца паводле арт. 130 (распальваньне расавай, нацыянальнай, рэлігійнай або іншай сацыяльнай варожасьці) КК;
  • 56-гадовы палітзьняволены мультыплікатар з Гальшанаў Іван Вярбіцкі. Яго асудзілі па трох артыкулах КК на 8 гадоў і 1 месяц калёніі ўзмоцненага рэжыму.

Такім чынам, у сьпіс «тэрарыстаў» КДБ унёс ужо 80 беларусаў.