Былому адвакату Андрэю Мачалаву, які бараніў палітвязьняў, далі 2 гады «хіміі»

Андрэй Мачалаў

Мачалава абвінавацілі ў тым, што ён нібыта падрабіў ордэр на ўдзел у крымінальным працэсе, хоць ведаў, што ўжо выключаны зь Менскай гарадзкой калегіі адвакатаў.

Андрэя Мачалава абвінавацілі паводле ч. 1 арт. 380 КК. Прысуд у 2 гады хіміі яму вынесла судзьдзя Ленінскага раёну Менску Тацяна Шоцік.

Яго абвінавацілі ў выкарыстаньні падробленых дакумэнтаў, а менавіта адвакацкага пасьведчаньня, паводле ч. 1 арт. 380 КК. Заяву ў пракуратуру падала судзьдзя Анжэла Касьцюкевіч, якая разглядала справу Вольгі Сінялёвай, падабароннай Мачалава (той, якая выселіла пракурорку Касьянчык). Тады адвакат прыйшоў 18 чэрвеня на суд і толькі на ім даведаўся, што пазбаўлены ліцэнзіі. Цяпер яго судзілі за выкарыстаньне несапраўднага дакумэнта. Сьледзтва ў ягонай справе доўжылася паўгоду.

Як тлумачыў DW адвакат Міхаіл Бандарчук, які зьехаў зь Беларусі, дысцыплінарная камісія прыняла рашэньне аб выключэньні Мачалава з калегіі адвакатаў 27 траўня 2021 году. Але непасрэдна выключэньне ажыцьцяўляе рада калегіі, паседжаньне якой адбылося 31 траўня.

«Апавяшчэньне было накіраванае звычайнай поштай на стары адрас Андрэя Мачалава, дзе ён даўно не жыве. Пра зьмену адраса кіраўніцтва калегіі дакладна ведала, у судзе гэта даказана. Больш за тое, яно магло паведаміць Мачалаву праз электронную пошту, тэлефонныя званкі, SMS, Telegram, нічога гэтага зроблена не было, — камэнтуе Бандарчук. — Зыходзячы з гэтага, Мачалаў ня ведаў і ня мог ведаць, што выключэньне з калегіі адбылося яшчэ 31 траўня. Такім чынам, няма складу злачынства, прадугледжанага ч. 1 ст. 380 КК, якую яму выстаўляюць, бо няма намеру ў зьдзяйсьненьні злачынства».

Міністэрства юстыцыі толькі 14 ліпеня 2021 году разгледзела матэрыялы аб пазбаўленьні ліцэнзіяў адвакатаў Кацярыны Жаўтаногі, Валерыя Зьвягінцава і Андрэя Мачалава.

Згодна з заявай Міністэрства юстыцыі, Мачалава і Зьвягінцава выключылі з калегіі «за правіны, несумяшчальныя са званьнем адваката».

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Мін’юст пазбавіў ліцэнзій яшчэ двух адвакатаў
  • Адвакат Мачалава Віталь Брагінец з 25 траўня знаходзіцца пад арыштам, таму на ніводны працэс свайго падабароннага ён ня трапіў.
  • Мачалаў у свой час абараняў палітзьняволеную журналістку Кацярыну Барысевіч і шматдзетную маці Вольгу Залатар.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Топ-10 адвакатаў, пазбаўленых ліцэнзій за палітычныя справы, і каго яны абаранялі