14 чэрвеня ў Міністэрстве аховы здароўя разгледзелі вынікі праверкі «ЛОДЭ», па выніках якіх было прынятае рашэньне, каб кампанія працягнула працу. Раней Мінздароўя прыпыніла дзеяньне ліцэнзій на мэдычную дзейнасьць «ЛОДЭ» з прычыны «парушэньняў выкананьня заканадаўства аб ахове здароўя, аб санітарна-эпідэмічным дабрабыце, аб ліцэнзаваньні ў гэтых арганізацыях».
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Лодэ» зноў адкрываецца. Мінздароўя аднавіла ліцэнзію«ЛОДЭ» — першы і найбуйнейшы прыватны шматпрофільны мэдычны цэнтар Беларусі, якому сёлета спаўняецца 30 гадоў. Сабралі 10 фактаў пра гэты цэнтар, каб можна было ўявіць маштабы пасьпяховага прыватнага мэдычнага бізнэсу, а таксама таго, што магло быць страчана ў выпадку закрыцьця цэнтру.
1. Гэта сямейны бізнэс
Заснаваў «ЛОДЭ» кардыёляг, кандыдат мэдычных навук Уладзімер Гарбачоў. Ягоны бацька, прафэсар-кардыёляг Уладзімер Гарбачоў, больш за 20 гадоў узначальваў катэдру кардыялёгіі БелМАПА (раней Інстытуту ўдасканаленьня лекараў). Маці, Яўгенія Гарбачова, доўгі час займала пасаду галоўнага пэдыятра Менску, яна ж стварыла пэдыятрычнае аддзяленьне «ЛОДЭ» і была яго першай загадчыцай.
2. Кампанію назвалі ў гонар бабулі заснавальніка
Мэдычны цэнтар і кампанія, што ім кіруе, названыя ў гонар Ванды Лодэ — бабулі Ўладзімера Гарбачова, заснавальніка і дырэктара цэнтру.
3. «ЛОДЭ» дае працу прыблізна 3000 чалавек
Агулам ва ўсіх філіялах «ЛОДЭ» працуе больш за 1600 лекараў, сярод якіх вядучыя клініцысты, вядомыя кандыдаты і дактары мэдычных навук. Калі да дактароў дадаць і ўсіх іншых работнікаў кампаніі, то гэтую лічбу можна павялічыць амаль удвая. Для большасьці супрацоўнікаў «ЛОДЭ» — асноўнае месца працы, а не сумяшчэньне зь іншай, таму можна сабе ўявіць, колькі людзей сталі б беспрацоўнымі, калі б цэнтар закрыўся.
4. Прыватны мэнэджмэнт
Пацыенты, якія зьвярталіся ў «ЛОДЭ», адзначалі высокі ўзровень арганізацыі мэдычнага сэрвісу — мінімальнае чаканьне, адсутнасьць чэргаў, ветлівы пэрсанал, зручныя членскія праграмы. Калі цягам апошняга месяца лёс цэнтру быў няпэўны і гаварылі пра магчымы рэйдэрскі захоп, экспэрты ў галіне мэдычнага мэнэджмэнту выказвалі сумнеў, што ў такім выпадку ўдасца знайсьці кагосьці, хто зможа кіраваць захопленым «ЛОДЭ». «Мэнэджараў сваіх няма для таго, каб кіраваць такой складанай машынай зь нізкім маржынальным прыбыткам», — адзначала былая дырэктарка прыватнага мэдцэнтру Лідзія Тарасенка.
5. У хірургічным блёку рабілі да 300 апэрацый у месяц
«ЛОДЭ» прапануе мэдычную дапамогу па 60 кірунках, у цэнтры працуюць вузкія спэцыялісты ўсіх напрамкаў мэдыцыны. У «ЛОДЭ» рабілі ўвесь спэктар высокатэхналягічных хірургічных умяшаньняў у афтальмалёгіі, розныя віды апэрацый у стаматалёгіі, отарыналярынгалёгіі, гінэкалёгіі, артапэдыі, практалёгіі, флебалёгіі, плястычнай хірургіі. Апошнім часам за месяц у хірургічным блёку «ЛОДЭ» на Прытыцкага ў Менску рабілі каля 300 розных апэрацый за месяц. У тым ліку выкарыстоўваючы лазэрную хірургію, якая дае мінімальную рызыку крывацёкаў і ўскладненьняў.
І яшчэ адна лічба — лябараторная служба «ЛОДЭ» рабіла больш за 300 відаў лябараторных дасьледаваньняў, больш за 2,5 тысячы аналізаў штодня.
6. Замарожаныя яйцаклеткі і прыватная радзільня ў пэрспэктыве
З 2014 году ў кампаніі працуе аддзяленьне рэпрадуктыўнага здароўя. Тут, сярод іншага, упершыню ў Беларусі пачалі замарожваць яйцаклеткі (крыёкансэрвацыя). Гэта вельмі папулярная ў сьвеце цяпер працэдура для жанчын, які хочуць адтэрмінаваць нараджэньне дзяцей. Вяліся размовы аб мэтазгоднасьці адкрыцьця першай прыватнай радзільні на базе «ЛОДЭ».
7. Без чаргі на МРТ і КТ
У цэнтрах «ЛОДЭ», як і ў іншых прыватных цэнтрах, ёсьць кабінэты МРТ і КТ, дзе можна на платнай аснове зрабіць дасьледаваньне дастаткова хутка. Гэта быў вялікі кантраст зь дзяржаўнымі ўстановамі аховы здароўя, у якіх чарга на гэтыя дасьледаваньні магла цягнуцца месяцамі, а апараты часта ламаліся. Усе цэнтры «ЛОДЭ» працавалі 7 дзён на тыдзень, без выходных, з раніцы да позьняга вечара, што было вельмі зручна для пацыентаў.
8. Ад невялікага кансультатыўнага цэнтру да сеткі мэдцэнтраў з 9 філіямі
На пачатку 1990-х «ЛОДЭ» пазыцыянаваў сябе як прафэсарскі лячэбна-кансультатыўны цэнтар, у якім можна было атрымаць кансультацыі сьвяцілаў беларускай мэдыцыны. Першы адрас «ЛОДЭ» ў Менску — Макаёнка, 17. У менскай гарадзкой водагразелячэбніцы арандавалі адзін кабінэт з крэслам і сталом. Пазьней «ЛОДЭ» месьціўся ў мэдсанчастцы заводу «Гарызонт» у Менску, потым адкрылася аддзяленьне стаматалёгіі на Батанічнай... Далей адкрыліся філіялы «ЛОДЭ» ў Берасьці і Горадні. З 2021 году ў «Лодэ» сталі даступныя онлайн-кансультацыі дактароў.
9. Пансіянат на Лепельшчыне
У 2002 годзе заснавальнік і дырэктар «ЛОДЭ» Ўладзімер Гарбачоў на радзіме свайго бацькі, у Лепельскім раёне, выкупіў разбураную базу адпачынку на востраве Лепельскага возера. У выніку ў маляўнічым месцы ўзьнік пансіянат «ЛОДЭ», у якім лепельцы атрымлівалі зьніжкі 20 працэнтаў на ўсе паслугі.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Рэйдэрскі захоп, зачыстка канкурэнтаў, помста, зайздрасьць. Вядомыя дактары пра «забойства» прыватнай мэдыцыны10. 1 мільён 636 тысяч 81 наведваньне ў 2020 годзе
Каб разумець маштаб мэдычнай дапамогі, якую аказвае кампанія «ЛОДЭ», дастаткова прывесьці некалькі лічбаў — у 2020 годзе сумарна ў філіях «ЛОДЭ» было зафіксавана 1 мільён 636 тысяч 81 наведваньне, у 2021 годзе — больш за 2 млн. У 2020 годзе, калі лекары шэрагу прыватных цэнтраў былі гатовыя бясплатна аказваць дапамогу пацярпелым падчас пратэстаў, «ЛОДЭ» далучыўся да гэтай ініцыятывы.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Замест «ЛОДЭ» супрацоўнікаў ЕРАМ стаў абслугоўваць «Мерсі», уласьнікаў якога зьвязваюць зь сям’ёй Лукашэнак