Навіны палітвязьняў: Расейца Ягора Дуднікава і фігуранта «пінскай справы» Алега Рубца пераводзяць з калёній у турмы

Ягор Дуднікаў і Алег Рубец

Праваабарончы цэнтар «Вясна» прызнаў палітзьняволенымі ў Беларусі 1230 чалавек. Аднак іншыя ініцыятывы дапамогі палітвязьням паведамляюць, што перасьледаваных у палітычна матываваных справах значна болей.

15 чэрвеня, суд Бабруйскага раёна і Бабруйску ўзмацніў рэжым зьняволеньня 21-гадоваму расейцу Ягору Дуднікаву, якога асудзілі паводле шэрагу «пратэставых» артыкулаў да 11 гадоў калёніі ва ўмовах узмоцненага рэжыму.

Судзьдзя Павал Карцінін пастанавіў зьмяніць палітзьняволенаму Ягору рэжым з узмоцненага на турэмны на 3 гады, піша «Вясна».

У бабруйскай калёніі палітвязень прабыў толькі тры месяцы, у траўні яго зьмясьцілі ў памяшканьне камэрнага тыпу. У хуткім часе Ягора перавядуць у адну з турмаў Беларусі.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Пасьмяяўся, што яго голас прызналі зброяй». Маці Ягора Дуднікава сустрэлася з сынам пасьля прысуду

Таксама на на турэмны рэжым пераводзяць і палітвязьня Алега Рубца, паведамляюць праваабаронцы.

Ініцыявала ўзмацненьне рэжыму Рубцу адміністрацыя наваполацкай калёніі № 1.

10 чэрвеня наваполацкая судзьдзя Вольга Баліка пастанавіла перавесьці хлопца на турэмны рэжым тэрмінам на 3 гады.

Раней, у лютым адміністрацыя наваполацкай калёніі зьмясьціла палітвязьня ў ШЫЗА на 40 сутак. Пасьля гэтага яго зьмясьцілі ў ПКТ. Алега таксама пазбавілі перадач, званкоў і спатканьняў.

Фаната ФК «Хваля» Алега Рубца затрымалі 10 жніўня 2020 года за ўдзел у «масавых беспарадках» у ноч з 9 на 10 жніўня ў Пінску (ч. 2 арт. 293 КК). Летась 30 красавіка судзьдзя Яўген Брэган прысудзіў хлопцу 5,5 года калёніі ўзмоцненага рэжыму.

Цяпер Алег чакае этап у турму.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Адкрыць агонь!» і пагроза вялікіх тэрмінаў. Асноўныя пытаньні да рэзананснай «пінскай справы»