За кім сочаць спэцслужбы ў Беларусі? За ўсімі. Карбалевіч пра скандал з праслухоўваньнем расейскай амбасады

Будынак КДБ у Менску

Праслухоўваньне тэлефонных размоваў, шырокае выкарыстаньне сачэньня за апазыцыяй, вышэйшым чынавенствам, іншаземцамі — адметная рыса паліцэйскай дзяржавы. У сёньняшняй Беларусі гэта звыклая практыка.

Сьцісла:

  • Праслухоўваньне тэлефонаў розных грамадзян і ўстановаў у Беларусі носіць сыстэматычны характар.
  • Гэта робіцца з парушэньнем існага заканадаўства.
  • Лукашэнка шмат разоў абнародаваў дадзеныя падобных праслухоўваньняў, хваліўся гэтым.
  • Праслухоўваюць у Беларусі ня толькі апазыцыю, але і тэлефоны вышэйшых кіраўнікоў, дыпляматычныя прадстаўніцтвы.

Хакерская група «Кібэрпартызаны» атрымала доступ да аўдыёзапісаў з мабільных і стацыянарных тэлефонаў Беларусі, якія захоўваліся на сэрвэрах Дэпартамэнту забесьпячэньня апэратыўна-вышуковай дзейнасьці МУС.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Кібэрпартызаны» атрымалі матэрыялы тэлефонных праслухоўваньняў МУС Беларусі, у тым ліку размоваў пасольстваў

З гэтых запісаў вынікае, што праслухоўваньне тэлефонаў розных грамадзянаў і ўстановаў мае сыстэматычны характар. Уласна, ніякіх адкрыцьцяў тут няма. Пра тое, што ў Беларусі тэлефоны праслухоўваюцца, ведаюць усе. Думаю, хоць раз у жыцьці кожны беларус гаварыў фразу: «Гэта не тэлефонная размова». Прычым гэта адбывалася яшчэ ў тыя, амаль «лібэральныя» часы, то бок да 2020 году.

Важна падкрэсьліць, што ўсе праслухоўваньні адбываюцца, не зважаючы на існае заканадаўства, хоць і яно трактуецца спэцслужбамі занадта шырока.

Самае цікавае, што ёсьць вельмі абазнаны сьведка, які гатовы пацьвердзіць існаваньне такога рэгулярнага і шырокага праслухоўваньня ў краіне. Гэта сам Аляксандар Лукашэнка. Ён ня толькі не хавае гэтай зьявы, а наадварот, любіць хваліцца.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Журналісты назвалі імя супрацоўніка КДБ, які мог кіраваць пасадкай самалёта з Пратасевічам

Зразумела, найперш улады сочаць за апазыцыяй. Лукашэнка яшчэ ў першыя гады прэзыдэнцтва шчыра прызнаваўся:

«Я валодаў дакладнымі зьвесткамі аб руху плыняў палітінвэстыцый, якія ўліваюцца ў апазыцыю... Магу партрэт любога зь іх ва ўсіх падрабязнасьцях выпісаць і мэханізмы іх узаемадзеяньня вычарціць. За іхнымі кулісамі для мяне практычна няма таямніц, і гэта, я лічу, нармальна, таму што кіраўнік дзяржавы абавязаны валодаць сытуацыяй». («Белорусская деловая газета», 23.12 1996; «Советская Белоруссия», 20.10. 2000).

Лукашэнка пэрыядычна абнародаваў зьвесткі КДБ аб выніках сачэньня за апанэнтамі. Так, ён паведаміў, што даведаўся зьмест вядомага даклада Сяргея Антончыка аб карупцыі ў органах улады яшчэ да яго афіцыйнага абнародаваньня. Лукашэнка ня раз расказваў, пра што гавораць па тэлефоне дэпутаты Вярхоўнага Савету, камэрсанты, расейскія журналісты. Выступаючы на «Ўсебеларускім народным сходзе» ў 2006 годзе, ён, кажучы пра свайго суперніка, кандыдата ў прэзыдэнты Аляксандра Казуліна, пахваліўся:

«Не хачу казаць, хто яму піша гэтыя выступы. Перш, чым ён чытае гэтыя выступы, мы іх чытаем». (Белорусская газета, 06.03.2006).

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Як абараніць свой кампутар і тэлефон. Парады экспэрта ў лічбавай бясьпецы

Матэрыялы праслухоўваньня апанэнтаў рэжыму пэрыядычна выкарыстоўваюцца на судовых працэсах супраць іх, а таксама ў прапагандысцкіх перадачах БТ.

  • Аднак спэцслужбы сочаць ня толькі за апазыцыяй. Яны займаюцца ўсеагульным палітычным вышукам, праверкай ляяльнасьці чыноўнікаў, пошукам кампрамату на вышэйшых службовых асобаў. Старшыня Вярхоўнага Савету 12-га скліканьня Мечыслаў Грыб у сваіх успамінах сьцьвярджае, што праслухоўваліся тэлефоны ў Доме ўраду. Ён прыводзіць прыклад, як быў адсочаны званок прэм’ер-міністра міністру фінансаў. (Гриб М. И. «Белорусский мост: история, факты, события». 2006, с. 98.)
  • Улетку 1996 году на сумесным паседжаньні кабінэту міністраў і Савету бясьпекі Лукашэнка, жадаючы пахваліць кіраўніка ўраду Міхаіла Чыгіра, прастадушна заявіў, што той нават дома ў прыватных размовах з жонкай не дазваляе сабе крытыкаваць прэзыдэнта. («Грамадзянская альтэрнатыва», 1999, № 2, с. 21).
  • На Алімпійскім сходзе 26 кастрычніка 2012 году Лукашэнка расказаў, пра што гавораць недзе ў кулюарах міністар спорту Алег Качан, памочнік прэзыдэнта Ігар Заічкоў.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Даводзілася фізычна пракрадацца на аб’екты рэжыму». Кібэрпартызаны расказалі пра сябе ў інтэрвію Свабодзе

А прызнаньне Лукашэнкі ў праслухоўваньні замежных амбасадаў ня раз выклікала міжнародныя скандалы. Некалькі прыкладаў.

  • 31 ліпеня 2001 года на нарадзе з кіроўнымі работнікамі Лукашэнка заявіў, што ведае, пра што гавораць заходнія дыпляматы з апазыцыйнымі кандыдатамі ў прэзыдэнты.
  • 4 верасьня таго ж году ён праінфармаваў беларускіх тэлегледачоў, што ў выніку дзейнасьці спэцслужбаў Беларусі і Расеі тэкст заявы дзяржсакратара ЗША пра беларускую сытуацыю быў атрыманы з амэрыканскай амбасады ў Менску яшчэ да яго афіцыйнага абнародаваньня.
  • У пасланьні Нацыянальнаму сходу ў красавіку 2005 году кіраўнік дзяржавы сказаў: «Яшчэ хачу папярэдзіць — не палічыце за пагрозу — амбасаду Польшчы. Мы ведаем, што адбываецца ў вашай амбасадзе, і ведаем вашую працу». («Народная воля», 20.04.2005).

Варта толькі дадаць, што падобнае праслухоўваньне дыпляматычных прадстаўніцтваў супярэчыць Венскай канвэнцыі аб дыпляматычных адносінах 1961 году.

З матэрыялаў, абнародаваных цяпер «Кібэрпартызанамі», вынікае, што беларускія сілавікі праслухоўвалі і расейскую амбасаду. Зноў жа, сачэньне за саюзьнікамі не зьяўляецца вялікім сакрэтам.

2 кастрычніка 2009 году Лукашэнка на прэсавай канфэрэнцыі прызнаўся, што даў даручэньне КДБ сачыць за расейскімі генэраламі і афіцэрамі падчас сумесных вучэньняў, якія праходзілі на беларускай тэрыторыі.

Праслухоўваньне тэлефонных размоваў, шырокае выкарыстаньне сачэньня за апазыцыяй, вышэйшым чынавенствам, іншаземцамі — адметная рыса любой паліцэйскай дзяржавы.

Думкі, выказаныя ў блогах, перадаюць погляды саміх аўтараў і не абавязкова адлюстроўваюць пазыцыю рэдакцыі.