Дзяржабвінавачаньне сьцьвярджае, што Мачалаў нібыта падрабіў ордэр на ўдзел у крымінальным працэсе, хоць ведаў, што к гэтаму часу быў выключаны зь Менскай гарадзкой калегіі адвакатаў.
Заяву ў пракуратуру на Мачалава напісала судзьдзя Анжэла Касьцюкевіч, якая судзіла падабаронную адваката. У ёй гаварылася, што юрыст прыйшоў у суд з несапраўднымі дакумэнтамі.
13 чэрвеня падчас разгляду справы падсуднага адбыліся спрэчкі бакоў — пракурор запрасіў для Мачалава два гады абмежаваньня волі з накіраваньнем у папраўчую ўстанову адкрытага тыпу («хімію»), піша «Вясна».
Прысуд Андрэю Мачалаву агучыць судзьдзя Тацяна Шоцік 16 чэрвеня.
Адвакат Мачалава Віталь Брагінец з 25 траўня знаходзіцца пад арыштам, таму на ніводны працэс свайго падабароннага ён ня трапіў.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: У Менску пачалі судзіць экс-адваката Андрэя Мачалава, які бараніў палітвязьняўУ чэрвені 2021 году Мачалава пазбавілі ліцэнзіі. Ён абараняў палітзьняволеную журналістку Кацярыну Барысевіч і шматдзетную маці Вольгу Залатар.
Міністэрства юстыцыі 14 ліпеня 2021 году разгледзела матэрыялы аб пазбаўленьні ліцэнзіяў адвакатаў Кацярыны Жаўтаногі, Валерыя Зьвягінцава і Андрэя Мачалава (апошняму пра тое, што яго пазбавілі ліцэнзіі, заявілі на судзе яшчэ ў чэрвені).
Згодна з заявай Міністэрства юстыцыі, Мачалава і Зьвягінцава выключылі з калегіі «за правіны, несумяшчальныя са званьнем адваката».
Андрэю Мачалаву пра пазбаўленьне ліцэнзіі паведамілі 18 чэрвеня на судзе, калі ён абараняў Вольгу Сінілёву, якая выселіла пракурорку Касьянчык: судзьдзя абвясьціла, што яго пазбавілі ліцэнзіі яшчэ 30 траўня.
За гэты выпадак яго цяпер і судзяць: нібыта ён трапіў на суд, скарыстаўшыся скасаванай ліцэнзіяй адваката.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Хроніка перасьледу 9 чэрвеня: Адвакат Брагінец ня выйшаў на волю пасьля 15 дзён арышту, у Менску затрымалі дырэктара мэдцэнтру