Шатляндыя пачала падрыхтоўку да новага рэфэрэндуму аб незалежнасьці

Нікола Стэрджэн

Першая міністарка Шатляндыі Нікола Стэрджэн на прэс-канфэрэнцыі ў Эдынбургу 14 чэрвеня абвясьціла пра падрыхтоўку да другога рэфэрэндуму аб незалежнасьці краіны ад Вялікай Брытаніі.

На афіцыйным сайце шатляндзкага ўраду 14 чэрвеня апублікавалі дакумэнт пад назвай «Здаравей, шчасьлівей, справядлівей: Чаму не Шатляндыя?», у якім прадстаўлены плян рэфармаваньня дзяржавы. У прадмове да дакумэнту Стэрджэн напісала, што цяпер найлепшы час для пабудовы «новай Шатляндыі», «пасьля каранавірусу, Брэксыту і Борыса Джонсана».

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Шатляндзкая нацыянальная партыя перамагла на выбарах, настойвае на рэфэрэндуме аб незалежнасьці

Для правядзеньня новага галасаваньня патрабуецца згода брытанскага ўраду. Прэмʼер-міністар Вялікай Брытаніі Борыс Джонсан заявіў, што цяпер не найлепшы час гаварыць пра рэфэрэндум. Раней ён паабяцаў «не дапусьціць адлучэньня Шатляндыі» і заявіў, што пытаньне было вырашанае пасьля першага рэфэрэндуму ў 2014 годзе.

Тады 55% насельніцтва Шатляндыі прагаласавалі супраць незалежнасьці. Рэфэрэндум быў праведзены да выхаду Вялікай Брытаніі з Эўразьвязу. Шатляндзкія нацыяналісты ўпэўненыя, што пасьля Брэксыту вынік быў бы кардынальна іншы.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Першы міністар Шатляндыі выказала надзею, што яе краіна вернецца ў ЭЗ
  • Апытаньні грамадзкай думкі паказваюць, што колькасьць прыхільнікаў і праціўнікаў незалежнасьці ў Шатляндыі прыблізна роўная. Аднак толькі траціна жыхароў падтрымлівае ідэю правядзеньня новага рэфэрэндуму, як вынікае з апытаньня, праведзенага ў траўні, паводле паведамленьня газэты The Scotsman.