Начальнік упраўленьня Сьледчага камітэту Менску Сяргей Паско заявіў пра затрыманьне асоб, якія нібыта арганізоўвалі ў Беларусі пратэсты пасьля сфальшаваных выбараў 2020 году праз інтэрнэт-рэсурсы.
Як ён сказаў у інтэрвію БелТА, толькі ў траўні 2022 году сьледчыя Менску накіравалі ў суды заявы аб прызнаньні экстрэмісцкімі матэрыяламі інфармацыйнай прадукцыі больш як 55 інтэрнэт-рэсурсаў.
«Толькі ўдзельнікаў тэрарыстычнай арганізацыі Nexta ўстаноўлена больш за 70. Нягледзячы на прынятыя імі захады кансьпірацыі, прыёмы ўтойваньня і зьнішчэньня электронных сьлядоў сваёй злачыннай дзейнасьці, іх установачныя зьвесткі сьледзтву вядомыя, — сказаў Сяргей Паско. — Зусім нядаўна сьледчым упраўленьнем СК па горадзе Менску ва ўзаемадзеяньні з ГУБАЗіК МУС затрыманыя адміністратары, якія адказвалі за інфармацыйнае ўзьдзеяньне на жыхароў Гомельскай, Віцебскай і Берасьцейскай абласьцей, а таксама за кансалідацыю на іх тэрыторыі радыкальнага руху. Затрыманыя супрацоўнічаюць са сьледзтвам, даюць прызнальныя паказаньні».
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Вярхоўны суд Беларусі прызнаў каналы праекту Nexta «тэрарыстычнай арганізацыяй»Гэтую дзейнасьць СК ў Беларусі называе экстрэмізмам і тэрарызмам, затрыманых падазраюць паводле наступных артыкулаў Крымінальнага кодэксу:
- арт. 130 (распальваньне сацыяльнай варожасьці),
- арт. 188 (паклёп),
- арт. 290-2 (садзейнічаньне тэрарыстычнай дзейнасьці),
- арт. 290-3 (праходжаньне навучаньня або іншай падрыхтоўкі для ўдзелу ў тэрарыстычнай дзейнасьці),
- чч. 1 і 3 арт. 293 (арганізацыя масавых беспарадкаў, навучаньне і іншая падрыхтоўка асоб для ўдзелу ў іх),
- чч. 1 і 3 арт. 342 (арганізацыя групавых дзеяньняў, якія груба парушаюць парадак, навучаньне і іншая падрыхтоўка асоб для ўдзелу ў іх),
- арт. 361 (заклікі да дзеяньняў, накіраваных на прычыненьне шкоды нацыянальнай бясьпецы Рэспублікі Беларусь),
- арт. 361-1 (стварэньне экстрэмісцкага фармаваньня або ўдзел у ім),
- арт. 361-3 (удзел на тэрыторыі замежнай дзяржавы ва ўзброеным фармаваньні або ўзброеным канфлікце, ваенных дзеяньнях, вэрбаваньне або падрыхтоўка асоб да такога ўдзелу).
У красавіку 2022 года Вярхоўны суд на запыт Генпракуратуры прызнаў тры каналы праекту Nexta «тэрарыстычнай арганізацыяй».
Як паведамляе «Вясна», гаворка ідзе пра каналы «NEXTA», «NEXTA Live» і «LUXTA».
У 2020 годзе Цэнтральны раённы суд Менску прызнаў тэлеграм-канал Nexta Live і лягатып Nexta «экстрэмісцкімі матэрыяламі». У лютым 2021 году Nexta Live, Nexta і яго лягатып, а таксама сатырычны канал Luxta ўнесьлі ў сьпіс рэспубліканскіх экстрэмісцкіх матэрыялаў.
Супраць заснавальніка Nexta і Nexta Live Сьцяпана Пуцілы ўлады завялі некалькі крымінальных спраў, у тым ліку паводле артыкулаў аб арганізацыі масавых беспарадкаў (часткі 1 і 3 артыкула 293 КК) і распальваньні варожасьці (частка 3 артыкула 130 КК). У лістападзе 2020 году КДБ Беларусі ўнёс Пуцілу ў пералік арганізацый і фізычных асоб, якія маюць дачыненьне да тэрарыстычнай дзейнасьці.
Улады абвясьцілі яго ў міжнародны вышук. Сьцяпан Пуціла жыве ў Варшаве. Аднак спроба дамагчыся яго выдачы ў Беларусь правалілася — суд у польскай сталіцы адмовіў уладам Беларусі, прызнаўшы перасьлед Пуцілы палітычна матываваным.
26 студзеня суд у Варшаве не знайшоў юрыдычных падставаў для выдачы Сьцяпана Пуцілы беларускім уладам.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «У Нямеччыне справа Пуцілы нават не дайшла б да суду». Што будзе, калі Беларусь запатрабуе вашай экстрадыцыі