Белы дом назваў прыярытэтамі вайсковую дапамогу Ўкраіне і праблему экспарту яе збожжа

Прэзыдэнт ЗША Джо Байдэн падпісвае закон аб лэнд-лізе Ўкраіне. 9 траўня 2022

У Вашынгтоне анансавалі новы раўнд кантактнай групы ў фармаце «Рамштайн» для вайсковай дапамогі Ўкраіне.

Прэс-сакратарка Белага дома Карын Жан-П’ер заявіла, што ЗША і далей будуць дапамагаць Украіне абараняць сваю дэмакратыю, і падкрэсьліла, што Расея пачала вайну.

«Гэта агрэсія Пуціна — нічым не справакаваная агрэсія супраць сувэрэнітэту іншай краіны... Украіна павінна абараняць сябе, і яна робіць гэта надзвычай уражальным чынам», — заявіла Карын Жан-Пʼер, якую цытуе «Голас Амэрыкі».

Яна дадала, што праблема экспарту ўкраінскага збожжа — прыярытэт для прэзыдэнта Байдэна.

«Расея неаднаразова пашкоджвала збожжасховішчы ва Ўкраіне, крала ўкраінскае зерне і актыўна блякавала экспарт харчоў з украінскіх партоў, павялічваючы голад у сьвеце. Расея магла б неадкладна спыніць вайну ва Ўкраіне, якая разбурае глябальную харчовую бясьпеку, і дазволіць вольны паток украінскіх харчоў і экспарту сельскагаспадарчай прадукцыі», — адзначыла прэс-сакратар Белага дома.

Карын Жан-Пʼер дадала, што ЗША з саюзьнікамі працягнуць дапамагаць Украіне, аднак партнэры Вашынгтона ў Эўропе вырашаюць, як менавіта яны дапамагаюць Кіеву.

«Думаю, ад іх (саюзьнікаў ЗША) залежыць, як яны жадаюць дапамагчы Ўкраіне. Мы ўбачылі кааліцыю, калі гаворка ідзе аб саюзьніках па NATO, якія абʼядналіся, каб дапамагчы Ўкраіне. І гэта — шмат у чым дзякуючы лідэрству прэзыдэнта Байдэна», — падкрэсьліла Карын Жан-Пʼер.

Яна дадала, што міністар абароны ЗША Лойд Остын на гэтым тыдні будзе знаходзіцца ў Эўропе, дзе правядзе новы раўнд сустрэч Кантактнай групы, дзе правядзе сустрэчы са сваімі замежнымі калегамі, «і папросіць іх таксама працягваць перадаваць зброю і тэхніку» ва Ўкраіну.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Танкі, верталёты, ракеты Harpoon. Міністар абароны ЗША падвёў вынікі дапамогі Ўкраіне ад антыпуціскай кааліцыі

Папярэдняя сустрэча антыпуцінскай кааліцыі прайшла 23 траўня, тады ЗША правялі прысвечаную дапамозе Ўкраіне віртуальную размову з саюзьнікамі ў фармаце, запачаткаваным у красавіку таму ў Нямеччыне на базе «Рамштайн».

Кіраўнік амэрыканскага абароннага ведамства Лойд Остын падкрэсьліў, што гэта барацьба Ўкраіны, а ня Злучаных Штатаў, і толькі палітычнае кіраўніцтва Ўкраіны і яе грамадзяне будуць вызначаць мэты і сваю будучыню.

Паводле Лойда Остына, каля 20 краін аб’явілі аб новых пакетах дапамогі ў галіне бясьпекі. Украіне дадуць артылерыйскія боепрыпасы і сыстэмы берагавой абароны, а таксама танкі і іншую бранятэхніку.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Кіраўнік Пэнтагону: ЗША хочуць паслабленьня Расеі

Вайна Расеі супраць Украіны

  • А 5-й гадзіне раніцы 24 лютага 2022 году кіраўнік Расеі Ўладзімір Пуцін заявіў пра пачатак ваеннай апэрацыі супраць Украіны на Данбасе па просьбе груповак «ДНР» і «ЛНР». 21 лютага падчас тэлезвароту да расейцаў Пуцін назваў так званыя «ДНР» і «ЛНР» незалежнымі дзяржавамі ў межах абласьцей. 22 лютага Савет Фэдэрацыі ратыфікаваў гэтае рашэньне.
  • Расейскія войскі атакавалі ў тым ліку з тэрыторыі Беларусі, выкарыстоўваючы лётнішчы, базы і дарогі. Прадстаўнікі рэжыму Лукашэнкі апраўдваюць вайну, яго праціўнікі лічаць тэрыторыю Беларусі акупаванай, многія заклікаюць да супраціву расейскім захопнікам.
  • Насуперак заявам Пуціна пра атакі выключна на вайсковыя аб'екты, расейцы бамбяць школы, дзіцячыя садкі і жылыя кварталы ўкраінскіх гарадоў.
  • 2 красавіка 2022 году, пасьля вызваленьня гораду Буча пад Кіевам, фотакарэспандэнты апублікавалі дзясяткі фотаздымкаў, на якіх відаць сотні нябожчыкаў, ахвяр масавых забойстваў, учыненых расейскімі войскамі. Многія пахаваныя ў стыхійных брацкіх магілах. Вялікія разбурэньні прынесла расейская акупацыя і Барадзянцы.
  • З 24 лютага Расея захапіла толькі адзін абласны цэнтар — Херсон. Расейскія войскі адступілі зь яго і з правабярэжнай часткі Херсонскай вобласьці ў лістападзе 2022 году. Горад быў акупаваны расейскімі войскамі ў першыя дні вайны фактычна без баёў. Увосень 2022 году ўкраінскія войскі правялі маштабны контранаступ, у выніку якога расейскія сілы пакінулі большасьць сваіх пазыцый у Харкаўскай вобласьці.
  • Нягледзячы на першапачатковыя заявы Пуціна пра тое, што акупацыя ўкраінскіх тэрыторыяў не ўваходзіць у пляны ўварваньня, 30 верасьня 2022 году была абвешчана анэксія чатырох вобласьцяў Украіны (Данецкай, Запароскай, Луганскай і Херсонскай), у тым ліку і тэрыторыяў, якія Расея не кантралявала.
  • 21 верасьня 2022 году Пуцін заявіў пра мабілізацыю ў Расеі. Пасьля гэтай заявы тысячы расейцаў накіраваліся на памежныя пункты і пачалі выяжджаць у Грузію, Казахстан, Армэнію, Манголію, Фінляндыю і іншыя краіны. У самой Расеі праціўнікі вайны падпалілі некалькі вайсковых камісарыятаў.
  • У 2023 годзе Лукашэнка і Пуцін заявілі пра разьмяшчэньне ў Беларусі расейскай ядзернай зброі. 13 чэрвеня Лукашэнка сказаў, што частка ядзернай зброі ўжо дастаўлена з РФ у Беларусь. 16 чэрвеня Пуцін таксама заявіў, што першыя ядзерныя зарады ўжо дастаўленыя на тэрыторыю Беларусі, а астатнюю частку перамесьцяць «да канца лета або да канца году».
  • 3 верасьня ўкраінскі брыгадны генэрал Аляксандар Тарнаўскі заявіў, што Ўзброеныя сілы Ўкраіны прарвалі першую лінію абароны на запароскім кірунку, на якую расейцы выдаткавалі больш за ўсё рэсурсаў.
  • У канцы 2023 і на пачатку 2024 расейцы працягвалі масавыя абстрэлы ўкраінскіх гарадоў: Дніпры, Кіеве, Харкаве, Адэсе і іншых месцах дзясяткі людзей загінулі і атрымалі раненьні. Украінскі бок у адказ абстрэльваў расейскі Белгарад, некалькі чалавек загінулі. Узброеныя сілы дзьвюх краін рэгулярна атакуюць падкантрольныя адна адной тэрыторыі бесьпілётнікамі.
  • Агулам з пачатку 2024 году ўкраінскія дроны пашкодзілі 18 расейскіх НПЗ, што прывяло да скарачэньня вытворчасьці амаль на 14%. У сакавіку былі атакаваныя такія абʼекты, як Разанскі НПЗ «Раснафты» і завод «Лукойла» ў Кстове ў Ніжагародскай вобласьці. Абодва ўваходзяць у топ-10 найбуйнейшых НПЗ Расеі і забясьпечваюць бэнзінам Маскву.
  • 6 жніўня 2024 году Ўкраіна пачала апэрацыю ў Курскай вобласьці. 19 жніўня прэзыдэнт Украіны Ўладзімір Зяленскі заявіў, што пад кантролем Украіны ў ходзе апэрацыі Ўзброеных сілаў Украіны знаходзяцца 92 паселішчы Курскай вобласьці Расеі. Галоўнакамандуючы Ўзброенымі сіламі Ўкраіны Аляксандар Сырскі ўдакладніў, што такіх населеных пунктаў 82. Улады Ўкраіны заявілі пра стварэньне ваенных камэндатураў і арганізацыі перадачы «гуманітарнай дапамогі ў населеныя пункты, якія знаходзяцца пад кантролем Украіны». Экспэрты Інстытуту вывучэньня вайны, прааналізаваўшы заявы і відэаматэрыялы з геалякацыяй, выказалі меркаваньне, што Ўкраіна кантралюе ў Курскай вобласьці ня ўсю тэрыторыю ў заяўленых межах прасоўваньня.
  • 16-18 жніўня ўкраінскія сілы падарвалі тры масты, якія мелі стратэгічнае значэньне для матэрыяльна-тэхнічнага забесьпячэньня групоўкі расейскіх войскаў ва Ўкраіне і вайсковай авіяцыі, якая базуецца ў Курскай вобласьці.
  • 17 лістапада Джо Байдэн зьняў абмежаваньні на нанясеньне ўдараў амэрыканскай дальнабойнай зброяй па тэрыторыі Расеі.
  • Незалежная праверка інфармацыі пра ваенныя дзеяньні, якую даюць афіцыйныя асобы розных бакоў, не заўсёды магчымая.