Кіраўнік амэрыканскага абароннага ведамства Лойд Остын падкрэсьліў, што гэта барацьба Ўкраіны, а ня Злучаных Штатаў, і толькі палітычнае кіраўніцтва Ўкраіны і яе грамадзяне будуць вызначаць мэты і сваю будучыню, паведамляе «Голас Амэрыкі».
«Ад міністра [абароны Ўкраіны] Рэзьнікава і яго каманды мы атрымалі больш дакладнае ўяўленьне аб прыярытэтных патрабаваньнях Ўкраіны [адносна паставак зброі] і сытуацыі на полі бою, —сказаў міністар абароны ЗША. — Мы таксама пачулі некалькі заяў пра дастаўку яшчэ большай дапамогі ў сфэры бясьпекі для Ўкраіны».
Лойд Остын адзначыў, што Кіеў зьвярнуўся з просьбай перадаць яму дальнабойныя сыстэмы агню, бранятэхніку — танкі і бронетранспартэры, а таксама некаторыя віды БПЛА.
Паводле Лойда Остына, каля 20 краін аб’явілі аб новых пакетах дапамогі ў галіне бясьпекі. Украіне дадуць артылерыйскія боепрыпасы і сыстэмы берагавой абароны, а таксама танкі і іншую бранятэхніку.
«Я ўдзячны Даніі, якая абвясьціла, што дасьць сыстэму Harpoon для абароны ўзьбярэжжа Ўкраіны. Я таксама хацеў бы падзякаваць Чэскай Рэспубліцы за яе істотную падтрымку, уключаючы нядаўнюю перадачу баявых верталётаў, танкаў і ракетных сыстэм. І сёньня некалькі краін абʼявілі аб новых пастаўках крытычна неабходных артылерыйскіх сыстэм і боепрыпасаў, уключаючы Італію, Грэцыю, Нарвэгію і Польшчу. Дазвольце мне таксама падзякаваць Злучанаму Каралеўству за яго вядучую ролю ў каардынацыі дапамогі ў галіне бясьпекі і за значную колькасьць брытанскай тэхнікі, якая працягвае паступаць ва Ўкраіну», — заявіў кіраўнік амэрыканскага абароннага ведамства».
Паводле Лойда Остына, намаганьні ЗША і іхных саюзьнікаў дапамогуць умацаваць і мадэрнізаваць Узброеныя сілы Украіны, «каб дапамагчы ім стрымаць будучую расейскую агрэсію».
Старшыня Абʼяднанага камітэту начальнікаў штабоў генэрал Марк Мілі падчас прэс-канфэрэнцыі заявіў, што роля Абʼяднаных сіл ЗША — працягваць аказваць падтрымку ўкраінскім узброеным сілам.
«Мы будзем рабіць гэта, пакуль неабходна і ў нас ёсьць магчымасьці для гэтага. Гэта важна і таму, што ўкраінскія вайскоўцы і народ змагаюцца ня толькі за сваю краіну, але і за заснаваны на правілах міжнародны парадак, — адзначыў ён. — Здольнасьць украінскіх вайскоўцаў абараніць сваю радзіму ад расейскага нападу наўпрост залежыць ад якасьці і колькасьці дапамогі, якую яны атрымліваюць».
«ЗША імкнуцца зрабіць усё магчымае, каб умацаваць пазыцыі Ўкраіны на полі бою і за сталом перамоваў, — заявіў Лойд Остын. — Мы зьбіраемся рабіць усё магчымае, каб яны дасягнулі сваіх мэт».
І Лойд Остын, і Марк Мілі падкрэсьлілі, што толькі палітычнае кіраўніцтва Ўкраіны і яе грамадзяне будуць вызначаць мэты і сваю будучыню.
«Гэта барацьба Ўкраіны, а ня Злучаных Штатаў. Мы робім усё магчымае, каб пераканацца, што падтрымліваем Украіну ў яе намаганьнях у абароне сувэрэннай тэрыторыі», — адзначыў Лойд Остын.
Вайна Расеі супраць Украіны
- А 5-й гадзіне раніцы 24 лютага 2022 году кіраўнік Расеі Ўладзімір Пуцін заявіў пра пачатак ваеннай апэрацыі супраць Украіны на Данбасе па просьбе груповак «ДНР» і «ЛНР». 21 лютага падчас тэлезвароту да расейцаў Пуцін назваў так званыя «ДНР» і «ЛНР» незалежнымі дзяржавамі ў межах абласьцей. 22 лютага Савет Фэдэрацыі ратыфікаваў гэтае рашэньне.
- Расейскія войскі атакавалі ў тым ліку з тэрыторыі Беларусі, выкарыстоўваючы лётнішчы, базы і дарогі. Прадстаўнікі рэжыму Лукашэнкі апраўдваюць вайну, яго праціўнікі лічаць тэрыторыю Беларусі акупаванай, многія заклікаюць да супраціву расейскім захопнікам.
- Насуперак заявам Пуціна пра атакі выключна на вайсковыя аб'екты, расейцы бамбяць школы, дзіцячыя садкі і жылыя кварталы ўкраінскіх гарадоў.
- 2 красавіка 2022 году, пасьля вызваленьня гораду Буча пад Кіевам, фотакарэспандэнты апублікавалі дзясяткі фотаздымкаў, на якіх відаць сотні нябожчыкаў, ахвяр масавых забойстваў, учыненых расейскімі войскамі. Многія пахаваныя ў стыхійных брацкіх магілах. Вялікія разбурэньні прынесла расейская акупацыя і Барадзянцы.
- З 24 лютага Расея захапіла толькі адзін абласны цэнтар — Херсон. Расейскія войскі адступілі зь яго і з правабярэжнай часткі Херсонскай вобласьці ў лістападзе 2022 году. Горад быў акупаваны расейскімі войскамі ў першыя дні вайны фактычна без баёў. Увосень 2022 году ўкраінскія войскі правялі маштабны контранаступ, у выніку якога расейскія сілы пакінулі большасьць сваіх пазыцый у Харкаўскай вобласьці.
- Нягледзячы на першапачатковыя заявы Пуціна пра тое, што акупацыя ўкраінскіх тэрыторыяў не ўваходзіць у пляны ўварваньня, 30 верасьня 2022 году была абвешчана анэксія чатырох вобласьцяў Украіны (Данецкай, Запароскай, Луганскай і Херсонскай), у тым ліку і тэрыторыяў, якія Расея не кантралявала.
- 21 верасьня 2022 году Пуцін заявіў пра мабілізацыю ў Расеі. Пасьля гэтай заявы тысячы расейцаў накіраваліся на памежныя пункты і пачалі выяжджаць у Грузію, Казахстан, Армэнію, Манголію, Фінляндыю і іншыя краіны. У самой Расеі праціўнікі вайны падпалілі некалькі вайсковых камісарыятаў.
- У 2023 годзе Лукашэнка і Пуцін заявілі пра разьмяшчэньне ў Беларусі расейскай ядзернай зброі. 13 чэрвеня Лукашэнка сказаў, што частка ядзернай зброі ўжо дастаўлена з РФ у Беларусь. 16 чэрвеня Пуцін таксама заявіў, што першыя ядзерныя зарады ўжо дастаўленыя на тэрыторыю Беларусі, а астатнюю частку перамесьцяць «да канца лета або да канца году».
- 3 верасьня ўкраінскі брыгадны генэрал Аляксандар Тарнаўскі заявіў, што Ўзброеныя сілы Ўкраіны прарвалі першую лінію абароны на запароскім кірунку, на якую расейцы выдаткавалі больш за ўсё рэсурсаў.
- У канцы 2023 і на пачатку 2024 расейцы працягвалі масавыя абстрэлы ўкраінскіх гарадоў: Дніпры, Кіеве, Харкаве, Адэсе і іншых месцах дзясяткі людзей загінулі і атрымалі раненьні. Украінскі бок у адказ абстрэльваў расейскі Белгарад, некалькі чалавек загінулі. Узброеныя сілы дзьвюх краін рэгулярна атакуюць падкантрольныя адна адной тэрыторыі бесьпілётнікамі.
- Агулам з пачатку 2024 году ўкраінскія дроны пашкодзілі 18 расейскіх НПЗ, што прывяло да скарачэньня вытворчасьці амаль на 14%. У сакавіку былі атакаваныя такія абʼекты, як Разанскі НПЗ «Раснафты» і завод «Лукойла» ў Кстове ў Ніжагародскай вобласьці. Абодва ўваходзяць у топ-10 найбуйнейшых НПЗ Расеі і забясьпечваюць бэнзінам Маскву.
- 6 жніўня 2024 году Ўкраіна пачала апэрацыю ў Курскай вобласьці. 19 жніўня прэзыдэнт Украіны Ўладзімір Зяленскі заявіў, што пад кантролем Украіны ў ходзе апэрацыі Ўзброеных сілаў Украіны знаходзяцца 92 паселішчы Курскай вобласьці Расеі. Галоўнакамандуючы Ўзброенымі сіламі Ўкраіны Аляксандар Сырскі ўдакладніў, што такіх населеных пунктаў 82. Улады Ўкраіны заявілі пра стварэньне ваенных камэндатураў і арганізацыі перадачы «гуманітарнай дапамогі ў населеныя пункты, якія знаходзяцца пад кантролем Украіны». Экспэрты Інстытуту вывучэньня вайны, прааналізаваўшы заявы і відэаматэрыялы з геалякацыяй, выказалі меркаваньне, што Ўкраіна кантралюе ў Курскай вобласьці ня ўсю тэрыторыю ў заяўленых межах прасоўваньня.
- 16-18 жніўня ўкраінскія сілы падарвалі тры масты, якія мелі стратэгічнае значэньне для матэрыяльна-тэхнічнага забесьпячэньня групоўкі расейскіх войскаў ва Ўкраіне і вайсковай авіяцыі, якая базуецца ў Курскай вобласьці.
- 17 лістапада Джо Байдэн зьняў абмежаваньні на нанясеньне ўдараў амэрыканскай дальнабойнай зброяй па тэрыторыі Расеі.
- Незалежная праверка інфармацыі пра ваенныя дзеяньні, якую даюць афіцыйныя асобы розных бакоў, не заўсёды магчымая.