У Берасьцейскай вобласьці на трасе Н-344 «Камянец-Трасьцяніца-Лышчыцы-Воўчын» каля вёскі Рудавец Берасьцейскага раёну 10 чэрвеня абрынуўся мост.
Пра гэта паведамляе прэс-служба ДАІ Берасьцейскай вобласьці.
Праезд па мосьце немагчымы. У ДАІ ўдакладнілі, што для аўтамабілістаў арганізаваны аб’езд па дарозе Р-85 «Слонім-Высокае-мяжа Рэспублікі Польшча».
За апошнія гады ў Беларусі было яшчэ некалькі выпадкаў, калі масты абрыналіся.
- Так, уначы 8 студзеня ў цэнтры Менску абрынуўся мост у раёне Нямігі. На шчасьце, ніхто не пацярпеў — незадоўга да абрынаньня пад ім праходзілі людзі. Новы мост пабудавалі за месяц.
- У траўні 2021 году абрынуўся мост праз раку Рову ў Барысаўскім раёне непадалёк ад вёскі Навасёлкі, а таксама мост у Пружанскім раёне праз раку Левую Лясную.
- У чэрвені 2021-га ў Менскім раёне абрынуўся невялікі мост праз раку Менку, калі тая ў залеву выйшла зь берагоў.
- 5 ліпеня пасьля моцнай залевы праезная частка і тратуар каля моста, які заканчвалі будаваць у Горадні, часткова абрынуліся, адкосы размыла. На адкрыцьці чакалі Аляксандра Лукашэнку.