Пра гэта піша The New York Times.
Падчас новага экспэрымэнту 18 пацыентаў з ракам прамой кішкі прымалі адны і тыя ж лекі пад назвай дастарлімаб. Вынік быў ашаламляльны. Рак зьнік у кожнага пацыента і не выяўляецца падчас усіх вядомых на сёньня абсьледаваньняў і скрынінгаў.
Аўтар апублікаванага ў New England Journal of Medicine артыкулу з апісаньнем вынікаў экспэрымэнту доктар Люіс Дыяс з Мэмарыяльнага анкалягічнага цэнтру імя Слоўна — Кетэрынга ў ЗША, кажа, што ня ведае ні пра якое іншае дасьледаваньне, падчас якога лячэньне цалкам зьнішчыла рак у кожнага пацыента.
«Я лічу, што гэта адбылося ўпершыню ў гісторыі раку», — сказаў доктар Дыяс.
Доктар Алан Вэнук, спэцыяліст у галіне колярэктальнага раку з Каліфарнійскага унівэрсытэту ў Сан-Францыска, які ня ўдзельнічаў у дасьледаваньні, сказаў, што, на яго думку, гэта таксама было ўпершыню. Поўная рэмісія ў кожнага асобнага пацыента «нечуваная», сказаў ён.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Што трэба есьці і ад чаго адмовіцца, каб не захварэць на рак кішэчнікаПацыенты з ракам прамой кішкі, якія бралі ўдзел у экспэрымэнце, ужо сутыкнуліся са зьнясільваючым лячэньнем (хіміятэрапіяй, прамянёвай тэрапіяй) і чакалі хірургічнага умяшаньня, якое магло прывесьці да дысфункцыі кішэчніка, мочаспусканьня і сэксуальнай сфэры. Некаторым маглі спатрэбіцца мяшкі для колястомы. Але ўсяго гэтага не адбылося.
Яшчэ адным сюрпрызам стала тое, што ні ў аднаго з пацыентаў не было клінічна значных ускладненьняў. Звычайна кожны пяты пацыент мае якую-небудзь пабочную рэакцыю на лекі, падобныя да тых, што прымалі 18 удзельнікаў экспэрымэнту. Яны называюцца інгібітарамі кантрольных пунктаў.
Дастарлімаб належыць да іх ліку. Яго давалі хворым кожныя тры тыдні на працягу шасьці месяцаў. Адна доза каштуе каля 11 000 даляраў. Дастарлімаб выкрывае ракавыя клеткі, дазваляючы імуннай сыстэме ідэнтыфікаваць іх і зьнішчыць.
У 3-5 адсоткаў пацыентаў, якія прымаюць інгібітары кантрольных пунктаў, маюць месца сур’ёзныя ўскладненьні, якія ў некаторых выпадках прыводзяць да цягліцавай слабасьці і цяжкасьцяў пры глытаньні і жаваньні. Але большасьць пабочных рэакцый лёгка паддаюцца лячэньню.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Пра што запытаць анколяга? Пакрокавыя рэкамэндацыі доктара ПятроўскайУ выпадку ж лячэньня дастарлімабам назіралася поўная адсутнасьць значных пабочных эфэктаў. Паводле доктара Вэнука, гэта азначае, што «альбо ў экспэрымэнце брала ўдзел недастатковая колькасьць пацыентаў, альбо нейкім чынам гэтыя віды раку проста розныя».
Анколягі з Гарвардзкай мэдычнай школы лічаць, што для атрыманьня пераканаўчых вынікаў экспэрымэнт зь лячэньнем дастарлімабам трэба паўтарыць з больш шырокім колам удзельнікаў.
- Рак тоўстага кішэчніка зьяўляецца трэцім у распаўсюджанасьці відам раку ў сьвеце. Гэта 3-і ў распаўсюджанасьці рак у мужчын і 2-і ў жанчын. У 2020 годзе было зарэгістравана больш за 1,9 мільёна новых выпадкаў такога раку.
- Да ліку дзесяці краін з самым высокім узроўнем захворваньня на рак тоўстага кішэчніка і найбольшай колькасьцю сьмерцяў ад яго належаць (у парадку ўбываньня) Вугоршчына, Славаччына, Нарвэгія, Нідэрлянды, Данія, Славенія, Партугалія, Японія, Латвія, Харватыя.
- У Беларусі, паводле сусьветнай статыстыкі, гэты від раку займае першае месца ў колькасьці выпадкаў. У 2020 годзе на яго захварэлі 5 516 чалавек, што склала 13,2 адсотка ад усіх выпадкаў раку.
- Сярод прычын сьмяротнасьці анкалягічных хворых у Беларусі гэты від раку займае другое месца пасьля раку лёгкага.
Больш статыстыкі па Беларусі ад Міжнароднага агенцтва дасьледаваньня раку глядзіце ТУТ.