Пра гэта гаворыцца ў справаздачы аб эканоміцы Расеі пасьля пачатку вайны ва Ўкраіне Інстытута міжнародных фінансаў (Institute of International Finance, IIF).
Заходнія санкцыі справакавалі «поўную дэзінтэграцыю 30-гадовых інвэстыцый», лічыць Эліна Рыбакова, намесьніца галоўнага эканаміста Інстытута міжнародных фінансаў.
На яе думку, калі Эўропа адмовіцца ад экспарту расейскіх энэрганосьбітаў, эканоміка працерпіць яшчэ больш у сярэднетэрміновай пэрспэктыве.
Рыбакова адзначыла, што аднаўленьне рубля пасьля першапачатковага краху не трэба расцэньваць як тое, што расейская эканоміка больш устойлівая, чым чакалася. Паводле яе слоў, у расейскіх банкаў дастаткова валютных рэзэрваў, паколькі імпарт упаў, але расейскім прадпрыемствам і спажыўцам няма на што іх траціць.
Замест гэтага ўзьдзеяньне санкцый з часам будзе ўзмацняцца, асабліва калі Эўрапейскі Зьвяз значна скароціць імпарт нафты і газу, хаця, як адзначае Рыбакова, на гэта могуць спатрэбіцца месяцы, калі не гады.
IIF прагназуе, што валавое назапашваньне асноўнага капіталу ў Расеі скароціцца на 25% у 2022 годзе, імпарт — на 28%, а экспарт — на 25%.
«Нягледзячы на значныя крокі, зробленыя з канца лютага, мы далёкія ад піка эскаляцыі», — адзначаюць аўтары IIF у сваёй справаздачы.
Па іх ацэнках, дадатковыя санкцыі, якія тычацца, напрыклад, фінансавай сыстэмы і ключавых кірункаў расейскага экспарту (і імпарту), могуць прывесьці да «драматычных наступстваў для расейскай эканомікі». «Аднак кошт гэтых дзеяньняў можа быць значным і для краін, якія ўводзяць санкцыі», — гаворыцца ў справаздачы.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Прагноз: на якіх краінах Эўразьвязу вайна Расеі супраць Украіны эканамічна адаб’ецца найбольш