Кароткае відэа, як мяркуецца, запісанае ў Данецку, дэпутат Палаты прадстаўнікоў і лідэр ЛДПБ Алег Гайдукевіч выклаў у сваім фэйсбуку ранкам 9 чэрвеня. У ім ён сьцьвярджае, што прыехаў туды ў якасьці кіраўніка дэлегацыі ЛДПБ.
«Мы знаходзімся ў цэнтры Данецку, — кажа Гайдукевіч на апублікаваным відэа. — Літаральна за некалькіх сотняў мэтраў ад нас учора (тут жывуць мірныя людзі) ляцелі ракеты. Мы абавязкова паглядзім усё сваімі вачамі, у нас ганаровая місія. Вельмі прыемная, у тым ліку і гуманітарная. Мы паглядзім усё самі».
Па роліку нельга зразумець, дзе менавіта знаходзіцца кіраўнік ЛДПБ. На фоне відэа толькі зялёныя дрэвы, ніякіх будынкаў, якія маглі б дазволіць лякалізацыю. Відэа Гайдукевіча апублікаваў яшчэ адзін сябра ЛДПБ, Руслан Мізула.
Па інфармацыі, атрыманай Свабодай, акрамя Гайдукевіча, у дэлегацыю могуць уваходзіць яшчэ як мінімум шэсьць беларусаў з ЛДПБ, сярод якіх дэпутаты Менскага гарсавету, былыя дэпутаты Палаты прадстаўнікоў. Афіцыйнага пацьверджаньня гэтых зьвестак няма.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Ад пацукоў у каналізацыі да замаху на Гайдукевіча: Дзіўныя справы ад беларускіх спэцслужбаўПаводле атрыманай Свабодай інфармацыі, беларуска-расейская дэлегацыя магла прыехаць на тэрыторыю так званай «ЛНР» праз памежны пункт «Ізварына» на расейска-ўкраінскай мяжы ў першыя дні чэрвеня. У Алега Гайдукевіча былі заплянаваныя сустрэчы з кіраўніцтвам «ЛНР» і нават сумесная прэс-канфэрэнцыя, аднак у адкрытых крыніцах пацьверджаньняў гэтаму ні сам дэпутат, ні прадстаўнікі сэпаратыстаў не публікавалі.
Паводле ўкраінскага заканадаўства, наведваньне акупаваных тэрыторый Украіны без адмысловага дазволу ўкраінскіх уладаў зьяўляецца крымінальным злачынствам. Афіцыйны Менск незалежнасьці самаабвешчаных «ДНР» і «ЛНР» не прызнае.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Лідэр праўладнай ЛДПБ Гайдукевіч заклікаў выслаць украінскага пасла зь Беларусі